Каштоўнасныя трансфармацыі ў Беларусі і Еўропе

р

Эмансіпацыя — брэнд Захаду; супраціў эмансіпацыі — брэнд Еўразіі. Беларусі бліжэй да Еўразіі, але тут ёсць свае асаблівасці

BISS засяродзіўся на шматаспектным вывучэнні каштоўнасцяў беларусаў — такім, якое б улічвала як мага большую колькасць паказнікаў і каб гэтыя паказнікі былі ўзаемапавязаны. Дзеля гэтага мы выкарысталі канцэпцыю “чалавечага ўпаўнаважання” (human empowerment) нямецкага палітолага, дырэктара Асацыяцыі Сусветнага агляду каштоўнасцяў Крыстыяна Вельцэля. Канцэпцыя Вельцэля дазваляе ахапіць 24 паказнікі і аналізаваць іх на трох узроўнях:

  • на ўзроўні мікра-блокаў або “цаглінак”, якімі і з’яўляюцца гэтыя 24 паказнікі (напр. стасунак да рэлігіі, давер да арміі, стасунак да гомасэксуальнасці ігд.);
  • на ўзроўні каштоўнасных субсістэм такіх як “агнастыцызм”, “устаноўка на аўтаномію”, “устаноўка на роўнасць”; усіх такіх субсістэм налічваецца восем, кожная з іх складаецца з трох мікра-блокаў;
  • на ўзроўні каштоўнасных сістэм, якіх у канцэпцыі Вельцэля налічваецца дзве: секулярызм і эмансіпацыя; кожная з сістэм складаецца з чатырох субсістэм і 12 мікра-блокаў.

Галоўныя высновы даследавання:

А. Геакультурныя
  • Няма разыходжанняў паміж Захадам і Еўразіяй у плане секулярных каштоўнасцяў, затое ёсць рэзкае разыходжанне паміж імі ў плане эмансіпацыйных каштоўнасцяў.
  • Самы вялікі разрыў паміж Захадам і Еўразіяй назіраецца ў абшары стаўлення да магчымасцяў і ролі жанчын ў публічнай прасторы (субсістэма “роўнасць”) і попыту на магчымасць уплыву на прыняцце рашэнняў на агульнанацыянальным і лакальным узроўні (“голас”).
  • У плане “непакорнасці” (defiance) выразна выдзяляецца Беларусь, і то не толькі на фоне еўразійскай групы, але таксама на фоне заходніх і цэнтральнаўсходнееўрапейскіх краін.
  • “Скептыцызм”, то бок недаверлівае стаўленне да асноўных дзяржаўных інстытутаў, — гэта асаблівасць тых краін посткамуністычнага блоку, якія або дэмакратызаваліся, або дапускаюць нейкія элементы дэмакратыі. Сярод найменш скептычных — тры аўтарытарныя постсавецкія краіны: Казахстан, Расія і Беларусь.
  • Тры краіны еўразійскай групы — Расія, Беларусь і Казахстан — узначальваюць рэйтынг “рэлятывізму”.
  • Агульны паказнік секулярызму ідзе на спад, і гэта тычыцца як заходніх, так еўразійскіх і цэнтральнаўсходнееўрапейскіх краін. Але ў адным з яго абшараў — агнастыцызм— пазітыўная дынаміка пераважае над негатыўнай.
  • У плане эмансіпацыі, наадварот, назіраецца пазітыўная дынаміка, але яна тычыцца выключна заходніх і цэнтральнаўсходнееўрапейскіх краін.
Б. Наконт беларускага грамадства ў цэлым
  • У плане секулярызму Беларусь апераджае ўсе заходнія, усе еўразійскія і большасць цэнтральнаўсходнееўрапейскіх краін. У плане эмансіпацыі яна апераджае ўсе еўразійскія краіны, але месціцца стылу за ўсімі заходнімі і амаль усімі цэнтральнаўсходнееўрапейскімі краінамі.
  • Беларусь — адзіная краіна з еўразійскай групы, дзе цягам другой дэкады ХХІ стагоддзя вырас паказнік агнастыцызму.
  • У плане агнастыцызмуі непакорнасціБеларусь месіцца бліжэй да Захаду, чым Еўразіі.
  • У плане рэлятывізму, выбару, роўнасці, голасу і аўтаномііБеларусі бліжэй да Еўразіі, чым да Захаду.
В. Наконт паасобных сегментаў беларускага грамадства
  • Чым маладзейшы, тым больш эмансіпаваны. У найбольшай ступені гэта тычыцца каштоўнасцяў “выбару” і “аўтаноміі”, у мінімальнай ступені — стаўлення да гендэрнай роўнасці.
  • Жанчыны за роўнасць, мужчыны за астатняе. Мужчыны ў цэлым больш прыхільна, чым жанчыны, ставяцца да эмансіпацыйна-секулярных каштоўнасцяў, але тут ёсць пэўныя выключэнні. У стаўленні да (гендэрнай) роўнасці мужчыны значна больш кансерватыўныя за жанчын. Найбольшая разбежка мае месца ў стаўленні да палітычнага лідэрства жанчын. Падчас як гэты момант можна было лёгка прадбачыць, нечаканым стаў феномен “шасцідзясятніц” (гл. ніжэй).
  • Народжаныя на мяжы тысячагоддзяў ламаюць шаблоны. Спасярод усіх узроставых груп тыя, хто нарадзіліся ў 1994–2002 гады, характарызуюцца найбольшай гендэрнай палярызацыяй, адносна высокай прыхільнасцю да pro-life, высокім паказнікам аўтаноміі і найніжэйшым узроўнем патрыятызму.
  • Феномен “шасцідзясятніц” (жанчыны, якія нарадзіліся ў 1964–1973). Падчас як у іншых узроставых групах жанчыны па большасці пытанняў займаюць “кансерватыўную” пазіцыю, у гэтай групе інакш:
    • сярод “шасцідзясятніц” у 2,5 разы вышэйшы (чым сярод мужчын таго ж узросту) адсотак тых, каму ў высокай ступені характэрна “непакорнасць”;
    • “шасцідзясятніцы” нашмат больш талерантныя да гомасэксуалаў, чым іх мужчынскія равеснікі;
    • яны больш рэлятывістычныя за мужчын;
    • пераўзыходзяць мужчын па параметру “голас”;
    • пераўзыходзяць мужчын у катэгорыі non-obedience (нясхільнасць успрымаць паслухмянасць як важную рысу дзяцей у выхаваўчым кантэксце).
  • Няма “ўсходу” і “захаду”. У Беларусі няма каштоўнаснага расколу паміж геаграфічнымі абшарамі (захад, усход, цэнтр). Практычна на ўсіх узроўнях — макра-, меза- і мікра-ўзроўні — каштоўнасныя прэферэнцыі размяркоўваюцца больш-менш раўнамерна. Калі разглядаць вобласці паасобна, то тут можна знайсці шэраг адметнасцяў:
    • Брэстчына: бастыён “кансерватызму”. Сярод усіх рэгіёнаў Брэсцкая вобласць самая рэлігійная, з нізкім паказнікам аўтаноміі і найменш рэлятывістычная.
    • Віцебшчына: рэгіён непаслядоўных “прагрэсістаў”. З аднаго боку, Віцебшчына самая агнастычная і тут найвышэйшы паказнік “аўтаноміі” і “непакорнасці”. З другога боку, на Віцебшчыне найменш распаўсюджаныя ўстаноўкі на гендэрную роўнасць і найбольшая прыхільнасць да фактараў стабільнасці (у процівагу “голасу”).
    • Гомельшчына: абшар палярызацыі поглядаў. Крайнія опцыі (цалкам згодзен / цалкам нязгодзен), часцей, чым у іншых рэгіёнах, пераўзыходзяць сярэдзінныя опцыі (хутчэй згодзен / хутчэй нязгодзен / ані згодзен, ані нязгодзен).
    • Гродзеншчына: патрыманіяльная, але з попытам на лакальны “голас”. Гэты рэгіён  лідзіруе ў прывязанасці да патрыманіяльных каштоўнасцяў: патрыятызм, устаноўка на меркаванне бацькоў і жаданне большай павагі да ўладаў. Тут ёсць, аднак, адзін немалаважны нюанс: устаноўка на “павагу да ўладаў” уласціва галоўным чынам... гараджанам.
    • Магілёўшчына: бастыён “pro-choice” і прыхільніца павагі да ўладаў. На Магілёўшчыне найменшая колькасць тых, хто рэгулярна наведвае богаслужэнні, найбольшы паказнік акцэптацыі абортаў і найбольшая прыхільнасць да гендэрнай роўнасці. Разам з гэтым вобласць лідзіруе ў прыхільнасці да росту павагі да ўладаў і ў аддаванні перавагі фактарам стабільнасці.
    • Міншчына: самы скептычны рэгіён. Жыхарам Мінскай вобласці ўласцівы самы высокі градус “скептыцызму”, які праяўляецца ў недаверы арміі, міліцыі і судовай сістэме.
    • Сталіца: талерантная да гомасэксуалаў і схільная да гендэрнай роўнасці. “Талерантная” — сказана не зусім дакладна, лепш сказаць: найменш неталерантная спасярод усіх рэгіёнаў. Поруч з Магілёўшчынай, Мінск з’яўляецца лідэрам у плане ўстаноўкі на гендэрную роўнасць.
  • Сяляне — гараджане: разыходжанні ледзь прыкметныя. У стаўленні да секулярна-эмансіпацыйных каштоўнасцяў няма глыбокіх разыходжанняў паміж сельскім і гарадскім насельніцтвам — ні на макра-, ні на меза-, ні на мікра-ўзроўні.
  • Пратэстанты лідзіруюць у акцэптацыі гендэрнай роўнасці. Яны таксама з’яўляюцца лідэрамі ў плане дэсакралізацыі дзяржаўнай улады (“скептыцызм”). 
  • У рыма-католікаў параўнальна высокі паказнік талерантнасці да гомасэксуалаў, а таксама паказнік “непакорнасці”. У абодвух выпадках гэтая група знаходзіцца на першым месцы сярод канфесійна-афіліяваных.
  • Праваслаўным характэрны найвышэйшы (пасля бесканфесійных) паказнік “агнастыцызму”. Спасярод канфесійна-афіліяваных яны найменш уцаркоўленыя і ў найменшай ступені схільны лічыць рэлігійнасць як важны элемент выхавання дзяцей.
  • Багацце спрыяе секулярызму, а яшчэ больш — эмансіпацыі. Паміж велічынёй даходаў і акцэптацыяй секулярна-эмансіпацыйных каштоўнасцяў карэляцыя вельмі выразная. Карэляцыйная залежнасць тут назіраецца ў абсалютнай большасці абшараў, яна выразная і адназначная. А вось паміж узроўнем адукацыі і прыхільнасцю да гэтых каштоўнасцяў карэляцыя ледзь прыкметная.

Поўны тэкст даследавання па-беларуску

Табліцы і графікі з падрабязнымі дадзенымі (Appendix)

Меркаваны тэрмін публікацыі ў англійскай версіі — 3 студзеня 2022

Снежань 17, 2021
774
5
min read