7 кастрычніка 2018 года адбылося пасяджэнне Нацыянальнай рады Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД). Арганізацыя дзейнічае ў Беларусі ў статусе «Аргкамітэта па стварэнні Хрысціянска-дэмакратычнай партыі», паколькі Міністэрства юстыцыі рэгулярна адмаўляе партыі ў рэгістрацыі (з 2009 года Аргкамітэт падаваў заяву сем разоў і сем разоў атрымліваў адмову). З 2015 года БХД з’яўляецца членам правацэнтрысцкай кааліцыі, куды ўваходзіць разам з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Рухам “За свабоду”, і ў межах кааліцыі была дасягнутая дамоўленасць пра магчымае вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары, якія меркавана адбудуцца ў 2020 годзе. Магчымым спосабам вызначэння адзінага кандыдата ад кааліцыі стане працэдура «праймерыз», якая, аднак, пакуль што яшчэ не была вызначана ўдзельнікамі кааліцыі.
Нацыянальная рада БХД прыняла рашэнне аб стратэгіі ўдзелу сябраў партыі ў кампаніі, дапускаючы таксама байкот ці ігнараванне кампаніі. На выпадак удзелу партыі ў выбарах было прынятае рашэнне па вылучэнні кандадата ад партыі для ўдзелу ў праймэрыз права-цэнтрысцкай кааліцыі. У выніку праведзенага галасавання па кандыдатурах, адзін з сустрашыняў партыі БХД, вядомы палітык і палітычны вязень, Павел Севярынец атрымаў большасць галасоў, а другое месца ў галасаванні заняла іншая сустрашыня БХД Вольга Кавалькова, вядомая актыўным удзелам у рэалізацыі шэрагу кампаній і ініцыятываў партыі. Апроч Севярынца і Кавальковай сустрашынямі партыі з’яўляюцца Віталь Рымашэўскі, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, а таксама Георгі Дзмітрук, бізнэсовец.
Вольга Кавалькова не пагадзілася з тым, што Павел Севярынец з’яўляецца лепшым за яе кандыдатам, і на сваёй старонцы ў фэйсбуку звярнулася да грамадскасці з просьбай падтрымаць вылучэнне ў якасці кандыдата партыі на праймэрыс менавіта яе. Па-першае, Кавалькова лічыць, што пакуль сама працэдура праймерыз не зацверджаная, не зацверджаная і кандыдатура Севярынца як кандыдата ад БХД, што пакідае магчымасць для Аргкамітэта вызначыцца з кандыдатам пазней, а самой Кавальковай давесці свае перавагі перад Севярынцам і пралабіраваць змену кандыдатуры. Кавалькова абвесціла, што збіраецца праехаць па рэгіёнах і правесці кампанію ў сваю падтрымку сярод мясцовых актывістаў БХД.
Па-другое, яна выступіла з альтэрнатыўным – у стасунку да Севярынца – поглядам на задачы і стратэгію БХД. Дзейнасць Севярынца яна лічыць занадта рэлігійна ангажаванай, якая больш нагадвае прапаведніцтва, чым палітыку, а “пропаведдзю і місіяй павінны займацца цэрквы і хрысціянскія арганізацыі”. У той жа час Кавалькова падкрэслівае, што дзейнасць БХД павінна грунтавацца на хрысціянска-дэмакратычных прынцыпах і называе ў якасці каштоўнаснага прыярытэту “абсалютную павагу да чалавечай асобы”.
Заява Кавальковай можа ажывіць дыскусію ўнутры партыі аб ролі рэлігійнага складніка ў палітычнай дзейнасці БХД. Прыярытэтнасць рэлігійнага кампанента моцна падкрэсліваецца Паўлам Севярынцам і яго паплечнікамі. Яшчэ ў 2007 годзе Севярынец сфармуляваў тэзу, што ўсходнееўрапейская хрысціянская дэмакратыя абапіраецца на “біблейскія прынцыпы” і яе асноўная сацыяльная база – вернікі. Менавіта гэтым, на думку Севярынца, беларуская хрысціянская дэмакратыя адрозніваецца ад заходнееўрапейскай, дзе гэта “хутчэй набор традыцыяў без адносінаў да Бібліі і хрысціянства” і ад лацінаамерыканскай, дзе яна мае больш сацыялістычны, левы характар.
Аднак, з цягам часу ў дзейнасці БХД пачаўся паступовы пераход ад «рэлігійна-нагружанага» дыскурсу да «рэлігійна-нейтральнага», набліжанага да дыскурсу заходне-еўрапейскіх партый той жа плыні. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла менавіта Вольга Кавалькова. Будучы па прафесіі юрыстам, Кавалькова заняла больш умераную пазіцыю, чым «фракцыя Севярынца», падчас кампаній вакол законаў аб рэпрадуктыўных тэхналогіях і медыцыне, у прыватнасці, у справе абортаў. Ужо тады афіляваныя з царквамі пра-лайф арганізацыі пачалі дыстанцыявацца ад кампаній БХД, спасылаючыся на тое, што апошняя не выступае за поўную забарону абортаў.
Вольга Кавалькова з'яўляецца адной з ключавых фігур у партыі, але яна пакуль што карыстаецца меншай за Севярынца папулярнасцю як унутры самой партыі (яна набрала 7 галасоў супраць 21 голасу за Севярынца), так і сярод сімпатыкаў БХД, аб чым сведчаць між іншым каментары актывістаў, якія з'явіліся пад нядаўнім допісам Кавальковай у фэйсбуку. За два дні з моманту апублікавання яна сабрала 10 перапостаў, 126 “лайкаў” і 67 каментароў. Аднак, значная колькасць каментатараў выказвала ў падтрымку Севярынца і крытычна ацэньвала дзейнасць і ўвогуле імідж Кавальковай. У галасаванні, праведзеным “Нашай Нівай” пра тое, хто будзе лепшым кандыдатам ад БХД, Севярынец набраў 40% (145 галасоў), а Кавалькова – усяго 13% (48 галасоў). Відавочна, што гэта не тыя паказнікі, з якімі лёгка прэтэндаваць на ролю лідара партыі, не кажучы ўжо пра ролю адзінага кандыдата ад апазіцыі.
Але пошукі кандыдата і дэбата наконт выбараў яшчэ толькі пачаліся. Каторы з кандыдатаў стане найбольш прымальным для апазіцыйнай супольнасці – пакажа час.
фота: https://vitebskspring.org/