Адно з частых пытанняў: што сталася з палітычнай мабілізацыяй беларусаў, якая назіралася ў мінулым годзе, асабліва ў другой палове?
1. У жніўні мінулага года многія задавалі іншае пытанне: што сталася з палітычнай апатыяй, якая была яскравай у ходзе парламенцкай кампаніі-2019 і прэзідэнцкай-2015. Апытанні WVS у 2018 годзе выявілі сярод беларусаў зніжэнне гатоўнасці браць удзел у дэманстрацыях, хоць і на папярэдніх этапах гэта гатоўнасць была невысокай.
Нічога дзіўнага, што напрыканцы 2019 года сур’ёзныя эксперты прагназавалі, што ў 2020 не будзе ніякіх або амаль ніякіх акцый пратэсту. Да экспертаў прэтэнзій няма — яны зыходзілі з тых дадзеных, якія былі ў наяўнасці на той момант. Але рэчаіснасць прыпаднесла сюрпрыз — у другой палове 2020 года адбылася беспрэцэдэнтная палітычная мабілізацыя.
2. Каб ацаніць, наколькі тая мабілізацыя была сур’ёзнай, гляньце графік 1.
Згодна з Індэксам V-Dem,
прадэмакратычная мабілізацыя ў Беларусі ў 2020 трапіла ў топ-15 самых маштабных і працяглых выпадкаў мабілізацыі сярод больш за 100 краін за апошнія 50 гадоў.
Нават украінская мабілізацыя ў 2014 і венесуэльская ў 2017-ым саступаюць беларускай па некаторых параметрах.
(Венесуэльская мабілізацыя на піку была больш маштабнай, чым у Беларусі, але яна атрымала крыху менш пунктаў, хутчэй за ўсё, з-за таго, што саступала беларускай па працягласці, частаце і разнастайнасці акцый).
3. Пасля масавай мабілізацыі наступае спад — гэта частая, амаль паўсюдная з’ява. Самая працяглая мабілізацыя мела месца ў Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы ў 1976-78 гадах: высокі градус палітычнай актыўнасці трываў больш за два гады. Але і яна пайшла на спад, не дамогшыся на той час мэтаў. Адна з наймагутнейшых мабілізацый мела месца ў 1980 годзе ў Польшчы (яна была, як і ў Беларусі ў 2020, ацэнена экспертамі V-Dem на 3,99 пунктаў). Але пасля ўвядзення ваеннага становішча адбылася дэ-мабілізацыя — грамадства прытаілася, закрылася ў сабе, члены руху «Салідарнасць» аддавалі перавагу асцярожным дзеянням, часам прадэмакратычная актыўнасць замірала ўвогуле.
4. Маштабная мабілізацыя пакідае след у грамадстве, ментальнасці людзей, у тым ліку (і ў першую чаргу) у ментальнасці наменклатуры і сілавікоў. Пры чарговай слабасці рэжыму мабілізацыя, як правіла, узнаўляецца і чарговыя кавалкі сістэмы адвальваюцца. А часам і фундаменты лопаюць.
5. Міжнародны кантэкст дужа важны. Бывае, што змяняецца структура сусветнай гегемоніі — і тады пратэсты з лёгкасцю дамагаюцца трансфармацый. Бывае, што маюць месца вірусападобныя працэсы ў рэгіёне, калі з краіны ў краіну рэгіёна імгненна «перакідваюцца» пратэсты. Тады таксама лягчэй дамагчыся зменаў
Беларускі пратэст адбываецца ў сітуацыі, калі ў ні першае, ні другое не мае месца. Больш таго, свет быў заклапочаны пандэміяй. Рэгіянальны асілак — Расія — падтрымаў рэжым.
Міжнародны кантэкст пакуль што не на карысць беларускіх прыхільнікаў перамен. Але гэта не вырак, а толькі адзін з фактараў.
6. Што яшчэ. Аналагічна як існуе прадэмакратычная мабілізацыя, ёсць нешта такое, як прааўтарытарная мабілізацыя. Аўтакратыі, паколькі зацікаўлены ў пасіўнасці грамадзян, не дужа спрыяюць мабілізацыі «сваіх», але ўсё ж у нейкай ступені гэта робяць.
Характэрнай рысай беларускай сітуацыі ёсць тое, што тут у цэлым нізкі ўзровень прааўтарытарнай мабілізацыі, у чым можна пераканацца, глянуўшы на графікі 2 і 3.
Прааўтарытарныя актывісты, то бок умоўныя «ябацькі» ёсць у любой аўтакратыі. Але ў большасці аўтакратыях яны больш ваяўнічыя і больш актыўныя. Беларускія ж прыхільнікі аўтакратыі ў цэлым вельмі пасіўныя. Іх актывізацыя адбылася ў 2020 годзе, але ўсё-роўна яна не ідзе ў параўнанне з прааўтарытарнай актывізацыяй ў Турцыі ў 2013 ці ў Польшчы ў 1980-81.
І вось гэта будзе іграць вялікую ролю на наступных этапах. Млявыя прыхільнікі аўтакратыі супраць энэргічных і крэатыўных прыхільнікаў перамен. Тут сілы сапраўды няроўныя. Няроўныя на карысць дэмакратычнага руху.
Photo by Andrew Keymaster on Unsplash