1991 год. У Буркіна Фасо праходзяць прэзідэнцкія выбары. Апазіцыя іх паспяхова байкатуе: ніхто з альтэрнатыўных кандыдатаў не стартаваў, а яўка склала 27,3%. Ці рэжым рухнуў? Не, дзеючы прэзідэнт атрымаў 100% галасоў і з пачуццём звыш-моцнага мандата прадоўжыў сваё панаванне.
1997 год. Прэзідэнцкія выбары ў Камеруне. Апаненты дзеючага прэзідэнта Поля Бія мелі моцныя пазіцыі: падчас парламенцкіх выбараў у 1992 годзе яны займелі падтрымку 56% выбарцаў. Але на знак пратэсту супраць несумленнасці папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў апазіцыя вырашыла цяпер байкатаваць. Вынік: дзейны прэзідэнт здабыў 92,5% галасоў пры яўцы больш за 60%. Вось ўжо ідзе 38 год яго нязменнага панавання. Байкот 1997 году значна аблегчыў яму стварэнне суперпрэзідэнцкай пажыццёвай улады.
1999 год. Прэзідэнцкія выбары ў Алжыры. Здарылася нешта неверагоднае: напярэдадні дня галасавання ўсе шэсць альтэрнатыўных кандыдатаў здымаюцца на знак пратэсту супраць несумленнасці і няроўных магчымасцяў. Вынік: Абдэль Азіз Бутэфліка атрымлівае (водле афіцыйных дадзеных) 73,76% галасоў пры (афіцыйна названай) яўцы 60,91%. Апазіцыя запэўнівала, што яўка была ў два ці тры разы меншай, але гэта не мела асаблівага значэння. Калі рэжым можа сфальсіфікаваць вынікі выбараў, то яўку тым больш.
2005 год. У Венесуэле праходзяць выбары ў Кангрэс, падчас якіх апазіцыя мела ўсе шанцы займець хай сабе мінарытарны, але ўсё ж значны ўплыў. Але апазіцыя вырашыла байкатаваць на знак пратэсту супраць аўтарытарных памкненняў Уга Чавеса і яго паплечнікаў. Вынік: абсалютная бальшыня чавістаў атрымала месцы ў Кангрэсе, што дазволіла ім змяніць канстытуцыю ў напрамку ўзмацнення прэзідэнцкай улады і скасавання абмежавання прэзідэнцкімі тэрмінамі.
Яшчэ адзін кейс з таго самага года. У Іраку праходзяць парламенцкія выбары. Суніцкія партыі іх байкатуюць на знак пратэсту супраць «анты-суніцкай прадузятасці» (хутчэй за ўсё, рэальнай). Вынік: сунітам дастаецца 5 з 275 месцаў, што азначала, што яны не мелі ўплыву на распрацоўку новай канстытуцыі. Апроч маральнага задавальнення, аніякай іншай карысці байкатуючыя не займелі. Балазе, сунітам быў дадзены шанец выправіць сітуацыю падчас наступных выбараў у 2009 годзе, якім яны скарысталіся.
Падобныя прыклады можна множыць: канстытуцыйны рэферэндум у Гаяне ў 1978 г., выбары ў Палату прадстаўнікоў у Ямайцы ў 1983 г., парламенцкія выбары ў Ліване 1992 г., парламенцкія выбары ў Эфіёпіі ў 1994 г., парламенцкя выбары ў Емене ў 1997 г., прэзідэнцкія выбары ў Гвінеі 2003 г., прэзідэнцкія выбары ў Азербайджане ў 2003 г., ды ўрэшце парламенцкія выбары ў Сербіі ў чэрвені бягучага года – ва ўсіх гэтых выпадках, па-першае, байкатоўнікі пагоршылі свае пазіцыі, па-другое, пазіцыі тых, супраць каго быў аб'яўлены байкот, узмоцніліся.
У 2010 годзе Інстытут Брукінгса апублікаваў полісі-даследаванне Палохай, але ўдзельнічай. Чаму выбарчы байкот – гэта кепская ідэя. У тэксце былі прадстаўлены вынікі аналізу 171 выпадку электаральнага байкатавання за перыяд з 1990 па 2009 год.
Аналіз паказаў, што толькі ў 4% выпадкаў байкот меў пазітыўны зыход для байкатуючых. У астатніх 96% выпадкаў наступствы для байкатуючых былі адмоўнымі.
Электаральны байкот – гэта форма супраціву супраць несумленнасці і злоўжыванняў. Магчыма, у некаторых выпадках ён мае сэнс як форма маральнай экспрэсіі. Але яго палітычная эфектыўнасць вельмі нізкая.
Рызыкі ад байкоту даволі вялікія: маргіналізацыя, напружанне і падзелы ўнутры байкатуючай групы, плюс яшчэ большае ўзмацненне пазіцый пануючай групы або дзейнага лідэра. Тымчасам імавернасць пажаданых наступстваў – паслабленне пануючай групы, вострая рэакцыя міжнароднай супольнасці – вельмі нізкая.
Наратыў пра байкот як «адзіны дзейсны спосаб пераадолення аўтарытарызму» больш падобны на байку, чым на аналіз палітычных выгадаў і затратаў.