На алжырскім блогу, прысвечаным пытанням бяспекі, з'явілася інфармацыя пра продаж Беларуссю знятых з узбраення бамбардзіроўшчыкаў Су-24 і штурмавікоў Су-25 у Судан. У сувязі з чым некаторыя сайты і палітыкі зноў заявілі пра парушэнне нашай краінай эмбарга Савета бяспекі ААН на пастаўку зброі ў Судан і нават пра магчымыя ААНаўскія санкцыі з гэтай нагоды супраць Беларусі. Наколькі справядлівыя такія абвінавачанні?
Сапраўды, ў 2004 годзе СБ ААН увёў эмбарга на пастаўку зброі ў Дарфур. Але гэтае эмбарга датычылася выключна паставак зброі недзяржаўным арганізацыям, а ўраду Судана не датычыла (рэзалюцыя 1556). У 2005 годзе эмбарга ААН было распаўсюджана таксама і на ўрад Судана, але тэрыторыя яго дзеяння абмяжоўвалася Дарфурам (рэзалюцыя 1591). У адказ на запыты краін-удзельніц ААН Камітэт па санкцыях у 2006 годзе ўдакладніў, што эмбарга дазваляе пастаўкі зброі і вайсковага абсталявання ўраду Судана па-за Дарфурам (S/2006/1045).
У 2010 годзе Савет Бяспекі крыху ўзмацніў патрабаванні да дакументацыі, суправаджаючай пастаўкі зброі, але не змяніў сутнасці санкцыяў (рэзалюцыя 1945). Такім чынам, з навіны пра знаходжанне былых беларускіх самалётаў у Судане не вынікае, што эмбарга ААН было парушанае. Гэта калі прыняць, што навіна сапраўдная, і што на базе былі менавіта беларускія машыны.
Трэба таксама адзначыць, што за апошнія пару гадоў гэта не першая падобная дэзінфармацыя, што ставіць на мэце выставіць Беларусь у якасці злоснага парушальніка міжнародных рэжымаў бяспекі. І кожны раз гэтыя ўкіды не знаходзілі факталагічнага пацвярджэння. Як бы тое каму не хацелася, урад Беларусі, будучы рацыянальным і прагматычным, вельмі добра разумее, дзе знаходзіцца тая чырвоная рыса, якую не варта перакрочываць і трэба трымаецца ад яе падалей.