Ідэя Пазьняка

b

belsat

20 красавіка бягучага году была апублікавана «Народная праграма «Вольная Беларусь», напісаная групай палітыкаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячоў пад кіраўніцтвам старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. Некалькімі днямі пазней у Варшаве адбылася яе прэзентацыя, на якой пабываў таксама аўтар гэтых радкоў. Паколькі ў шэрагу СМІ ўжо з'явіліся даволі добрыя рэзюмэ праграмы (напр. tut.by «Наша Ніва»), а саму праграму можна знайсці на старонцы «Беларускай салідарнасці», не бачу патрэбы яе пераказваць. У гэтым бліц-каментары звярну ўвагу на асноўныя матывы напісання Праграмы, рыторыку дакумента і рэакцыю грамадскасці.

Галоўны матыў стварэння «Народнай Праграмы» палягае, па словах Пазьняка, у наступным: патрэбен сцэнар дзеянняў на выпадак падзення цяперашняга рэжыму. Тое, ці гэты рэжым падзе пад уласным цяжарам, ці ў выніку актыўнага змагання з ім – гэта ўжо іншае пытанне, на якое аўтары Праграмы адумысна не давалі адназначнага адказу. У прамове ж кіраўніка аўтарскай групы раз-пораз праскоквала разумаванне прыкладна такога кшталту: гэты рэжым падзе, ну бо такі рэжым не можа не пасці. Ацэнка таго, наколькі такое разумаванне вартаснае, залежыць ад таго, якую ролю прызнаем веры і надзеі ў палітычным дзеянні. Прыкмечу з гэтай нагоды, што Анатоль Астапенка, аўтар 700-старонкавага «сінтэзу беларускага нацыяналізму»[1], «найбольш характэрнай рысай нацыі» абвесціў менавіта «веру і прагненне»[2].

Водле аўтараў, «Народная Праграма» прадумана такім чынам, каб былі гарантаваны чатыры рэчы: (а) захаванне незалежнасці; (б) прадухіленне розных формаў аўтарытарызму (як сказаў Пазьняк, «каб было немагчымым увядзенне дыктатуры»); (в) грамадскі лад працуе на «дабро чалавечай асобы»; (г) адраджэнне беларускай нацыі. З самімі прынцыпамі можа пагадзіцца, бадай, большасць палітычных сіл; але цяжка паверыць у тое, што можа паўстаць такі механізм, які сам па сабе будзе надзейна прадухіляць рознага роду злоўжыванні. У канчатковым плане многае залежыць ад канкрэтных людзей, якія будуць усё гэта ажыццяўляць – такая думка праскокнула ў прамове Паўла Вусава, аднаго з распрацоўнікаў праграмы. А паколькі многае залежыць ад добрай волі людзей, то паўстае пытанне: якіх людзей? Якія грамадскія ці палітычныя сілы ў рэальнай Беларусі маглі б стаць апорай пры рэалізацыі Праграмы? – з такім пытаннем я звярнуўся да лідэра аўтарскай групы, але яснага адказу на яго не пачуў.

«Народная Праграма» створана ў адказ на існы стан рэчаў, які ацэньваецца як «заняпад», «змарнаванне 22 гадоў», «нацыянальнае вынішчэнне». У дакуменце ажно 20 разоў з'яўляецца слова «антыбеларускі» і 22 разы - «антынародны» або «антынацыянальны», амаль ва ўсіх выпадках у аднясенні да беларускага рэжыму. (Наагул, аўтары Праграмы маюць асаблівае ўпадабанне да словаў з прэфіксам «анты-»; апрача вышэй памянёных прыметнікаў сустракаем таксама прыметнікі: «антычалавечы», «антыхрысціянскі», «антымаральны», «антыграмадскі» – ужываныя ў розных кантэкстах.)

Аднак, не «беларускі рэжым» з'яўляецца «рэкардыстам» па колькасці  прыпісаных яму негатыўных рысаў. Найбольшая доза негатытыву выпала Расеі і яе дачыненням з Беларуссю. У дакуменце 38 разоў згадваецца «Расея» або «Масква» і паўсюль – у адмоўнай танальнасці. Негатыўны вобраз Расеі канструюецца ці то шляхам наміналізацыі (ужыванне «Маскоўшчына» замест «Расея»), ці шляхам устаўлення адмоўна афарбаваных прыслоўяў («эканоміка штучна прывязана да рэсурсаў Расеі»), ці шляхам уплятання зваротаў-інтэрпрэтантаў у канстатацыі фактаў («...Беларусь уцягнута ў ваенныя блокі з Расеяй насуперак Канстытуцыі, законам і волі народа»). Прыкмецім, што канструяванне негатыўнага вобразу Расеі не распасціраецца на расейскую мову: яна акцэптуецца ў Праграме як мова міжнацыянальных зносін у Беларусі, а цягам пэўнага перыяду чыноўнікі нават абавязаны будуць ёю валодаць і камунікаваць на ёй з тымі грамадзянамі, якія будуць звяртацца да іх па-расейску.

«Праграма» Пазьняка займела выразны грамадскі рэзананс. Пасля апублікавання артыкула пра «Народную праграму» на партале  tut.by, за пяць дзён (21 – 26 красавіка 2017) з'явілася ажно 2 700 каментароў (найактыўней абмяркоўваны артыкул за апошні тыдзень). Аналагічная актыўнасць назіраецца і на сеціўных старонках «Нашай Нівы» ды «Радыё Свабода» – колькасць каментароў пад артыкуламі пра «Народную Праграму» ў разы перавышае сярэднестатыстычную колькасць каментароў пад іншымі артыкуламі.

Я прааналізаваў 68 допісаў на форуме tut.by, што з'явіліся цягам першай гадзіны з моманту апублікавання артыкула пра праграму Пазняка, напісаных 56 рознымі карыстальнікамі. Спасярод гэтых 56 больш за палову (29) выразілі падтрымку «Народнай Праграме»; чвэрць інтэрнаўтаў (14) выказалася негатыўна. Каментары астатніх 13 карыстальнікаў былі або нейтральныя, або не па тэме, або іх стасунак было складана вызначыць. Варта дадаць, што амаль усе «негатыўныя каментары» мелі адмоўны фактар падтрымкі (тых, хто прагаласаваў «падтрымліваю гэты каментар» было звычайна ў некалькі разоў менш, чым тых, хто галасаваў «падтрымліваю»). І наадварот, амаль усе «пазітыўныя каментары» мелі станоўчы фактар падтрымкі. Пераважная большасць форумных каментатараў – расейскамоўныя (толькі шэсць каментароў было па-беларуску), што сведчыць аб тым, што Пазьняк карыстаецца прыхільнасцю далёка за межамі беларускамоўнага кола.

Тое, што палітык-ізгой, які больш за 20 год жыве па-за Беларуссю, здолеў справакаваць такую жывую дыскусію і здабыць значную падтрымку, сведчыць, бадай, аб тым, што ў грамадстве існуе моцны попыт на ідэі – пазаэмпірычныя канструкты, якія пабуджаюць уяўленне і мабілізуюць эмоцыі. Часам дзеянне ідэі заканчаецца форумнымі дыскусіямі, а часам пашыраецца на паводзіны, каштоўнасныя ўстаноўкі і рашэнні, спрэс да трансфармацыі сістэмы. Дзе закончыцца ідэя Пазьняка – гадоў праз 50 пабачым.


[1]    Анатоль Астапенка, И где зародилися и ускормлены суть по бозе. Дослед беларускага нацыяналізму, Санкт-Пецярбург: Неўскі Прастор 2009.

[2]    Тамсама. С. 38.