Юры Васкрасенскі - гэта перадусім напамін пра тое, што КГБ валодае немалым інтэлектуальным патэнцыялам. З гэтым трэба лічыцца, хоць і не трэба перабольшваць.
З аднаго боку, маючы ў поўным распараджэнні некалькі дзясяткаў чалавечых лёсаў ды 1,5+ месяца часу няцяжка выселекцыянаваць чалавека, чыя біяграфія, псіхалагічны склад ды светапогляд будуць прыдатнымі для (больш-менш) эфектыўнай апрацоўкі.
З другога боку, набору розных персаналій ды часавых рэсурсаў тут недастаткова. Як і недастаткова грубай фізічнай сілы. Патрэбен не абы-які ноўхаў наконт таго, як зрабіць, каб усё ішло больш-менш па плану. Патрэбны тонкія псіхаманіпуляцыйныя навыкі, якія можна займець толькі дзякуючы спецыялістычнай інтэлектуальнай падрыхтоўцы. І, як відаць, спецслужбы маюць у сваім арсенале такія навыкі.
Пару маіх рэфлексій у звязку з гэтым.
З дапамогай Васкрасенскага спецслужбы хочуць зрабіць наступнае: (1) крыху разрадзіць абстаноўку; (2) злаваць; (3) дзяліць; (4) зрабіць ход падзей больш прадказальным; (5) уцягнуць частку апазіцыю ў канстытуцыйную рэформу і транзіт улады.
1. Разрадзіць. Арышт знакавых прадстаўнікоў тэхнакратычнай эліты спарадзіў напружанне ўнутры кіроўнай групы, на лініі Мінск - Крэмль, і, цалкам імаверна, унутры сілавых колаў. Рэжыму зараз трэба хоць крыху разрадзіць абстаноўку, але зрабіць так, каб гэта не выглядала як праява слабасці. У гэтым плане
"былы лідэр пратэстнага руху" Васкрасенскі ў ролі "паручыцеля-філантропа", які ручаецца за адпушчаных пад хатнія арышты і высакародна селіць у сваю кватэру - гэта, канешне, добрая знаходка для рэжыму.
2. Злаваць. Чым больш злосці, абразаў, гневу і праклёнаў на адрас Васкрасенскага з боку апазіцыі - тым лепш для КГБ. Яго гэта не зменіць, затое будзе падтрымліваць сярод пратэстуючых адчуванне падманутасці і бездапаможнасці, а таксама спрыяць расколу.
3. Дзяліць. Уладам тэрмінова патрэбна займець нейкі бачны маркер падзелу на "канструктыўную" і "радыкальную" апазіцыю. Яны ўжо некалькі разоў пагарэлі на такой спробе. Два найбольш значныя правалы: афёра з "групай Вагнера" і рэжысаваны "зварот Ціханоўскай" 10 жніўня - яны паказваюць, якую цану рэжым гатоў быў плаціць, абы толькі хоць нейк раскалоць пратэстны рух. У першым выпадку рэжым гатовы быў паплаціцца рэпутацыяй у колах расійскіх патрыётаў. Другі манеўр быў менш каштоўны ў рэпутацыйным плане, але не менш балючы з-за яго безвыніковасці.
Улады ніколі не перастануць шукаць новыя і новыя спосабы падзелу пратэстнага руху. Рознага роду фэйкі пра "пратэстоўцаў-экстрэмістаў" або "танкі НАТА" - гэта часовая мера. Ім патрэбна нешта, што можна будзе выкарыстоўваць як рэальныя факты і што будзе мець перакаўчую сілу для ўладных структур і крамлёўскіх хаўруснікаў.
4. Прадказальнасць. Гэта яшчэ адна рэч, якой кіроўнай групе і спецслужбам катастрафічна бракуе. Аналагічна як у выпадку фэйкаў пра "экстрэмістаў", так тут улады спрабуюць паўтараць мантру "ўсё-пад-кантролем-усё-ў-штатным-рэжыме". І аналагічна як фэйкі, гэтыя псіхалагічныя самаўнушэнні - часовая мера, да часу, калі яны здабудуць рэальную прадказальнасць. Або не здабудуць, але гэта ім вельмі важна і да гэтага яны ўсяк імкнуцца.
Унутраныя разборкі ў пратэстным руху - гэта фактар прадказальнасці. Кампанія дыскрэдытацыі Васкрасенскага (або каго-кольвечы іншага з экс-апазіцыянераў) - гэта фактар прадказальнасці. Радыкалізацыя пратэстоўцаў, пераход да гвалтоўных метадаў (напр. захоп будынкаў) - таксама фактары прадказальнасці. Для рэжыму.
Улады запускаюць Васкрасенскага з надзеяй зрабіць ход падзей хоць трохі больш прадказальным.
Гэта можа здарыцца, калі прынамсі частка з названых у папярэднім абзацы фактараў спрацуе.
5. Уцягнуць частку апазіцыі ў канстытуцыйную рэформу і транзіт улады. Гэты пункт, думаю, не патрабуе асаблівых тлумачэнняў.
Што варта рабіць і чаго пазбягаць у гэтай сітуацыі?
А. Пазбягаць просталінейнага мыслення. Ёсць набор плоскіх правіл, напр. "Паслухай іх - і зрабі наадварот", якія могуць стаць пасткай для дэмакратычнага руху.
Імператывам павінна быць не "Зрабі наадварот", а "Дзейнічай рацыянальна".
Калі да гэтага яшчэ дадаць "...і крэатыўна", то будзе яшчэ лепш.
Прыгледзьмася яшчэ раз пяці пералічаным вышэй пунктам. Усе яны - аб тым, да чаго імкнуцца Лукашэнкавы спецслужбы. Ці гэта азначае, што нам трэба па ўсіх гэтых пяці пунктах процідзейнічаць? У справе (2) і (3) - так. Трэба пазбягаць падзелаў і не губляць энергію на бясплённы гнеў. Няма таксама патрэбы спрыяць рэжыму ў плане (4) - дзейнічайма крэатыўна, нетыпова і нечакана.
Ці трэба процідзейнічаць таксама (1)? Гэта было б нерацыянальна і не зусім этычна. Разгрузка напружання - гэта тое, з чаго ў роўнай меры могуць скарыстаць абодва бакі. А разам з гэтым для некалькіх ці нават дзясяткаў зняволеных асобаў можа наступіць палёгка ў плане ўмоваў пражывання (калі не атрымання поўнай свабоды). Гэта бясспрэчны плюс.
Ці трэба процідзейнічаць (5)? Тут патрэбен нюансаваны падыход. Агучванне праблемы фальсіфікацый і насілля з боку АМАП надалей павінна быць настойлівым і сістэматычным. Але паралельна можна і трэба выкарыстоўваць каналы і пляцоўкі, якія паўстаюць з нагоды абмеркавання канстытуцыйнай рэформы. Яны імітацыйныя? Выбары-2020 былі таксама імітацыйнымі, але грамадзянская супольнасць здолела ператварыць іх у нагоду беспрэцэдэнтнага прарыву.
Б. Не займацца дыскрэдытацыяй, праклінаннем ды асуджэннем Васкрасенскага. На гэта ёсць этычныя і прагматычныя прычыны. КГБ з бальшавісцкім радаводам і багатым арсеналам фізічнага, псіхалагічнага і (магчыма) фармакалагічнага ўздзеяння здольны вельмі моцна "прамыць мазгі". Фактар свабоднай волі можа быць дужа абмежаваны ў ахвяраў такой апрацоўкі. Таму, незалежна ад таго, наколькі абуральнымі могуць быць словы і паводзіны такіх людзей, варта тут захаваць стрыманасць і прыберагчы свой гнеў для асноўных аўтараў гэтага беззаконня.
З прагматычнага гледзішча паліванне брудам Васкрасенскага непрадуктыўнае. Пра гэта ўжо была гаворка вышэй. У лепшым выпадку гэта не дасць аніякага рэзультату - ані добрага, ані кепскага. У горшым выпадку - паспрыяе расколу ўнутры пратэстнага руху або/і дасць рытарычныя козыры рэжымнай прапагандзе.
Пазбягаць асуджэння - не значыць пачаць хваліць яго. І тым больш не значыць пачаць супрацоўнічаць. Трэба назіраць за ім, слухаць, аналізаваць сказанае ім - і рабіць вывады для сваёй дзейнасці.
В. Трэба лічыцца з маніпуляцыйным патэнцыялам КГБ - гэта так. Але не трэба таксама яго перабольшваць. Спецслужбы здольныя зрабіць больш-менш прадказальным для сябе аднаго, двух... калі пашанцуе, трошкі болей людзей. Але ім не пад сілу "запраграмаваць" увесь грамадскі працэс. Паверце,
лягчэй вынайсці філасофскі камень, чым такі маніпуляцыйны метад, які дазваляў бы надзейна кіраваць 100-тысячнай+ колькасцю людзей.
Чаму важна гэта ўсведамляць? Бо некаторым здаецца, што Лукашэнка ці КГБ (ці КГБ-ФСБ), калі кажуць пра канстытуцыйную рэформу, то валодаюць нейкім "дасканалым сцэнарыем", і што ўсё ад пачатку да канца абавязкова пройдзе па гэтым сцэнарыі.
Няпраўда. Канстытуцыйная рэформа для ўладаў - гэта ўраўненне са шматлікімі невядомымі. Сам факт, што яны самі нібыта ініцыююць гэты працэс, яшчэ не азначае, што яны змогуць быць поўнымі гаспадарамі гэтага працэсу. Маніпуляцыйны патэнцыял рэжыму заканчваецца там, дзе пачынаецца крэатыўнасць, інтэлект і салідарнасць пратэстнага руху.