Падзенне прарасійскіх настрояў?

геа

Пару зацемак наконт "падзення прарасейскіх настрояў".

Апытанне Belarusian Analytical Workroom (BAW), праведзенае ў лістападзе 2020 года, паказала, што ў параўнанні з сітуацыяй у верасні бягучага года адбылося падзенне прарасійскіх настрояў у Беларусі. Некаторыя зрабілі выснову, што гэта выраз празаходняга трэнду ў каштоўнасных арыентацыях беларусаў.

Не ўсё так проста.

Па-першае, як журналіст і сацыёлаг Юры Дракахруст слушна заўважыў, тут маем дачыненне хутчэй з ваганнем, чым з трэндам. Гляньце графік: у лістападзе 2020 года сімпатыі да Расіі/ЕС прыблізна такія, што і ў снежні 2019 года:БАМ

Па-другое, апытанне Chatham House, якое было праведзена напрыканцы верасня 2020 сярод гарадскіх інтэрнэт-карыстальнікаў паказала, што спасярод геапалітычна акрэсленых рэспандэнтаў прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй утрая больш, чым прыхільнікаў інтэграцыі з ЕС:

чат

Падкрэслім: гаворка ідзе пра гарадское насельніцтва і пра постэлектаральны перыяд, калі непрыняцце аўтарытарнага рэжыму вельмі пашырылася.

Па-трэцяе, вывучэнне матывацый, якое рабілася BAW у 2019 годзе паказала, што беларусам з праеўрапейскімі сімпатыямі ўласціва ўтылітарная матывацыя, а беларусам з прарасейскімі - каштоўнасна-культурная. Утылітарна матываваныя сімпатыі больш зменлівыя. (Дадзеныя не публікаваліся, але прэзентаваліся падчас Кангрэса даследнікаў Беларусі ў Вільні ў верасні 2019 года.)

Па-чацвёртае, цягам апошніх дэкадаў бывалі перыяды, калі доля праеўрапейскіх сімпатый была нашмат больш унушальная: цягам 2009-2013 гг. адсотак прыхільнікаў еўраінтэграцыі складаў ў сярэднім 42%, а доля прыхільнікаў хаўрусу з Расіяй - каля 38% гл. чарговы графік:

нісэпд

Па-пятае, спасярод усіх краін Усходняга партнёрства Беларусь усцяж застаецца самай еўраскептычнай краінай. Цягам 2017-2020 гг. у Беларусі выяўляўся найменшы адсотак тых, хто лічыць, што ЕС спрыяе захаванню традыцыйных каштоўнасцяў, а да 2019 - тут быў найбольшы адсотак тых, хто лічыць, што ЕС не спрыяе іх захаванню; у 2020 г. нас перагнала Арменія ў негатыўнай ацэнцы. (Дадзеныя з Annual survey report: Regional Overview. 5th Wave (Spring 2020). EU Neighbours East. March 2020.)

Па-шостае,

праблемы з нацыянальнай тоеснасцю нікуды не зніклі.

Некаторым здаецца, што масавае ўжыванне бела-чырвона-белых сцягоў пратэстным рухам азначае, што беларусы займелі выразную нацыянальную тоеснасць. Гэта далёка не так. Бела-чырвона-белая каларыстыка падчас масавых шэсцяў - гэта перадусім сімволіка грамадзянскага антыаўтарытарнага ўздыму, якая вызконвае прыблізна такую ж функцыю, што аранжавы колер падчас "аранжавай рэвалюцыі" ва Украіне ў 2004 годзе. Праблемы з нацыянальнай тоеснасцю не вырашаюцца спантанна і хутка.

А што дзеецца, калі нацыянальная тоеснасць слабая або супярэчлівая? Яна кампенсоўваецца або на суб-нацыянальным узроўні (узрастае важнасць этнічных, рэгіянальных, кланавых і інш. тоеснасцяў), або на над-нацыянальным узроўні. У выпадку беларусаў асабліва дае аб сабе знаць другое. Сімпатыі да Расеі, рускасці, савецкасці - гэта спосабы вырашэнння праблем з тоеснасцю.

Па-сёмае. Еўраскептыцызм і прарасейскасць не замінаюць беларусам быць прыхільнікамі дэмакратыі і верхавенства закону. Мой рабочы аналіз дадзеных сёмай хвалі Сусветнага апытання па каштоўнасцях паказаў, што цягам апошняй дэкады беларусы займелі моцны каштоўнасны каркас, які несумяшчальны з аўтарытарнай сістэмай.

Не думаю, што такі стан рэчаў мы павінны ўспрымаць песімістычна. Як на мой погляд, такі нетыповы каштоўнасны тыпаж беларусаў робіць іх - нас - яшчэ больш цікавымі і арыгінальнымі.