Рускі мір ці еўрапейскі?

Нацыяналізм вяртаецца ў Еўропу. А ў Беларусь – рускі мір і савецкі кансерватызм

photo: Matthias Rietschel/Reuters

Агульная хваля ўзмацнення калектыўных тоеснасцяў закранула і Беларусь. З той розніцай, што ў нашым выпадку гэта праявілася ў звароце да савецкасці, рускасці, еўразійскасці, антызаходніцтва і варожасці да гомасэксуалаў.

У шырокім свеце - шырокая падтрымка для нацыяналістычных партый

1 верасня прайшлі парламенцкія выбары ў двух важных ландах Нямеччыны: Брандэнбургіі і Саксоніі. Эксперты не перастаюць дзівавацца поспехам партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АдН). У Саксоніі за яе прагаласавалі 27,5% выбарцаў, а ў Брандэнбургіі – 23,5%. У абодвух выпадках яны сталі другой па шматлікасці фракцыяй у парламентах.

Партыю АдН прынята апісваць як «ультра-правую» або/і «права-папулістычную», або/і «нацыяналістычную». Наколькі гэтыя катэгорыі апісальныя, а наколькі – эмацыйна-ацэнкавыя, пакінем тут убаку. Абмяжуемся канстатацыяй, што названая партыя галоўным сваім прыярытэтам лічыць узмацненне нямецкай нацыянальнай тоеснасці і вызваленне дыскурсу ідэнтычнасці ад нацысцкіх асацыяцый.

Заснаваная ў 2013 годзе, АдН вельмі хутка здабыла палітычную вагу, прычым дынаміка яе росту ўтрымліваецца ўжо шосты год. Пачынаючы з 2014 года, не было ніводнага выпадку, каб у ходзе чарговых выбараў (мясцовых, федэральных або еўрапарламецкіх) АдН не пашырыла сваю рэпрэзентацыю. Прайшоўшыя толькі што выбары ў Саксоніі і Брандэнбургіі пацвердзілі гэты трэнд.

Нешта падобнае адбываецца ў іншых абшарах Еўропы. «Фінская партыя» падчас парламецкіх выбараў у красавіку бягучага года набрала 17,5%. Партыя «Шведскія дэмакраты», якая цягам двух дэкадаў была недалужным лузерам, зараз займае 62 парламецкія крэслы ў 349-асабовым парламенце Швецыі. Падобным поспехам карыстаецца Нацыянальнае згуртаванне Мары ле Пэн у Францыі, Дацкая народная партыя, Партыя свабоды ў Нідэрландах, Свабодніцкая партыя Аўстрыі, Паўночная ліга ў Італіі, Vox у Іспаніі, Славацкая народная партыя і партыя «Kotleba», «Партыя Брэксіта» ў Злучаным Каралеўстве, «Закон і справядлівасць» у Польшчы.

Усе названыя партыі, аналагічна як АдН, пастулююць узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці сваіх краін, а таксама ідэнтычнасці еўрапейскага кантыненту (праўда, разумеюць яе па-рознаму).

Нацыяналістычны ўздым назіраецца і па-за еўрапейскім кантынентам: Індыі, Японіі, Манголіі, ЗША, Бразіліі, Кітаі, Манголіі, Новай Зеландыі. Праявы гэтага трэнду розныя, але сама яго наяўнасць не выклікае сумневаў.

Беларусь: замест нацыяналізму - рускі мір, саветызм і маральны традыцыяналізм

А ці наша сінявокая Беларусь упісваецца ў сусветны трэнд? І так, і не.

Пачнем з «не». Беларусь – адзіная постсавецкая краіна, якая вярнула ў якасці афіцыйных сцяг і герб савецкіх часоў, і адзіная, якая ўзнавіла ў якасці дзяржаўнага свята дзень кастрычніцкага перавароту (7 лістапада). Большасць цэнтральных вуліц, праспектаў і плошчаў у беларускіх гарадах і мястэчках названы ў гонар камуністычных дзеячоў або падзей савецкага жыцця. Апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ), праведзенае ў 2018 годзе, паказала, што ажно 44,4% беларусаў станоўча ставяцца да паўсюднасці савецкіх назваў і сімвалаў. Да іх трэба дадаць 2,6%, якія лічаць, што такіх сімвалаў павінна быць яшчэ больш.

Беларусь з'яўляецца абсалютным лідэрам у Еўропе ў плане ігнаравання  мовы як нацыянальнага ідэнтыфікатара. Сярод 34 краін, якія Pew Reseаrch Center у 2015–2017 гадах апытваў на прадмет важнасці нацыянальнай мовы, Беларусь апынулася на апошнім месцы. Абсалютная большасць беларусаў аддае перавагу савецкаму сцягу ў процівагу дасавецкаму бел-чырвона-беламу: 70% супраць 13% (па выніках апытання БАМ, што ладзілася летам 2018 года).

Цяпер пяройдзем да «так». Стан нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў – гэта класічны выпадак сітуацыі, калі «выключэнне пацвярджае правіла». Гэта праўда, што нацыянальная ідэнтычнасць у беларусаў слабая, але гэта не значыць, што ў іх любая калектыўная ідэнтычнасць слабая. Вось жа некаторыя формы калектыўнай ідэнтычнасці ў беларусаў вельмі моцныя і маюць тэндэнцыю да ўзмацнення.

У Беларусі назіраем моцны савецкі кансэрватызм, гравітацыю да рускага свету, сімпатыю да Еўразійскага эканамічнага саюзу і маральны традыцыяналізм. Апублікаванае нядаўна апытанне Усходняга суседства ЕС паказала, што наша грамадства – самае антызаходняе сярод усіх краін Усходняга партнёрства. Цягам усяго 2018 года БАМ фіксаваў вельмі нізкі ўзровень падтрымкі для еўраінтэграцыі на фоне даволі высокай падтрымкі для інтэграцыі з Расеяй (у сярэднім 22% супраць 62%). Сусветны агляд каштоўнасцяў і леташняе апытанне ІПМ паказваюць, што ў Беларусі высокі ўзровень непрымання гомасэксуалізму, прычым тэндэнцыя непрымання ўзрастаючая.

 Усе гэтыя трэнды цалкам добра ўжываюцца паміж сабой і ўтвараюць ўстойлівы каштоўнасны злітак. Ён функцыянуе як аснова наднацыянальнай тоеснасці, значэнне якой узрастае ў сітуацыі слабасці нацыянальнай тоеснасці.

Такім чынам, агульная хваля ўзмацнення калектыўных тоеснасцяў закранула таксама Беларусь. З той розніцай, што ў нашым выпадку гэта праявілася не ў павароце да адметнай, нацыянальнай тоеснасці, а ў звароце да савецкасці, рускасці, еўразійскасці, антызаходніцтва і варожасці да гомасэксуалаў, то бок, формаў наднацыянальнай тоеснасці.

Адаптаваны перадрук з Arche: Мысьлі крытычна