Выбары-2020 і сацыялогія

survey

Пару дзён таму беларускі даследчык у межах сваёй працы пры брытанскім Chattam House Рыгор Астапеня апублікаваў вынікі інтэрнэт-апытання наконт палітычных прэферэнцый беларусаў. У прыватнасці, пытанні тычыліся такіх адчувальных спраў, як: Ці падтрымліваюць беларусы пратэсты? Як яны ставяцца да бел-чырвона-белага сцяга, Расіі і Еўрасаюза? і, бадай, самай неўральгічнай: Колькі прагаласавала за Лукашэнку, а колькі - за Ціханоўскую?

З прэзентацыяй апытанняў можна азнаёміцца ў недзяржаўных СМІ, а гіперспасылка на зыходную (англамоўную) прэзентацыю месціцца вышэй.

Неўзабаве пасля публікацыі разгарнулася маштабная метадалагічная дыскусія, якая месцамі перарастала ў этычную і нават псіхааналітычную.

Я не сацыёлаг, што азначае, што некаторыя тэхнічныя моманты сац-апытання могуць выходзіць па-за мае кампетэнцыі. Але асноўная частка дыскусіі тычыцца надзейнасці дадзеных і іх інтэрпрэтацыі. Паколькі агромністую частку свайго магістарскага і доктарскага жыцця я правёў на вывучэнні гэтых момантаў, пачуваюся кампетэнтным пракаментаваць гэтыя аспекты працы Астапені.

1. Асноўны закід гучыць так: апытанне праведзена сярод карыстальнікаў інтэрнэта, значыць... ненадзейна, ненавукова, няправільна.

Хвіліначку. Адрознім дзве фундаментальныя рэчы:

  • А. Здабыццё дадзеных.
  • Б. Інтэрпрэтацыя дадзеных.

1.1. Што мы маем у Астапені ў выпадку (А) (здабыццё дадзеных)? Маем наступнае:

  • генеральная сукупнасць: гарадскія карыстальнікі інтэрнэта ў Беларусі;
  • выбарка ў памеры 899 рэспандэнтаў, якая адлюстроўвае структуру генеральнай сукупнасці паводле ўзросту, полу, памеру гарадскога пункту і адукацыі.

У чым праблема? Такая выбарка не падыходзіць для такой генеральнай сукупнасці? Нельга вызначаць такую генеральную сукупнасць? У прэзентацыі кепска заакцэнтавана, якой была генеральная сукупнасць?

Можна мець засцярогі да апошняга (недастаткова выразна пазначана генеральная сукупнасць), але гэта чыста камунікацыйнае пытанне, а не метадалагічнае. Што да астатняга не бачу аніякіх асаблівых праблем.

1.2. Этап інтэрпрэтацыі. На гэтым этапе магчымы самыя розныя мыслёва-пераўтварэнчыя дзеянні: гіпатэтычныя экстрапаляцыі, імавернасныя высновы і інш.

Дапусцім, той-сёй заявіў нешта кшталту: "Калі сярод даследаванай папуляцыі 52% - за Ціханоўскую, то сярод неапытанай + апытанай папуляцыі гэта будзе не менш за 50% (...не менш за 45%, ...не менш за 40%)".

У чым праблема? Такога тыпу дзеянні - паўсюдная з'ява ў навуковым свеце. Калі з'явяцца больш цвёрдыя дадзеныя наконт неапытанай папуляцыі, можна будзе зверыфікаваць/сфальсіфікаваць такія цверджанні. Калі не з'явяцца - то ўсё роўна 

лепш недасканалая веда, чым поўнае няведанне.

Нагадаю, што навука - гэта не набор абсалютна-праўдзівых цверджанняў, а сістэма дапушчэнняў з рознай ступенню праверанасці.

2. Яшчэ адзін закід: апытанне праведзена праз пасярэдніцтва інтэрнэта, а не адным з традыцыйных метадаў (напр. face-to-face, тэлефон).

У той меры, у якой у выпадку апытання захоўваецца прынцып выпадковасці і рэпрэзентатыўнасці, праблем з такім метадам няма. Даспускаю, што тут могуць быць некаторыя мне невядомыя тэхнічныя нюансы, але нават калі яны ёсць, не думаю, што яны больш праблемныя, чым праблемы традыцыйных метадаў, напр. фэйс-ту-фэйс

Падчас апытання face-to-face на 20-40 або болей хвілін завязваецца жывая камунікацыйная сувязь паміж інтэрв'юерам і рэспандэнтам. Само па сабе гэта добрая рэч, але ў кантэксце даследавання гэта крыніца розных скажэнняў. У залежнасці ад тэмперамента і акалічнасцяў рэспандэнты спрабуюць адгадаць прэферэнцыі інтэрв'юера і або дагадзіць яму, або наадварот: "дапячы".

Падрабязнае апісанне праблем face-t-face пакінем на іншую аказію, абазначу толькі некаторыя моманты:

  • часам рэспандэнты прыпісваюць інтэрв'юеру акрэсленыя каштоўнасці, нормы і ўстаноўкі. Гэта прыводзіць да "рэдагавання адказаў", прывядзення іх у адпаведнасць з нібыта-чаканнямі інтэрв'юера;
  • стратэгія "захавання твару": рэспандэнты часам баяцца падацца сумоўцу няграматнымі (падскурнае перакананне: "Я гэтага не ведаю, а, можа, павінен ведаць?"). Гэтым тлумачацца казусы, калі рэспандэнты заяўлялі пра "добрую абазнанасць" з дзейнасцю неіснуючых арганізацый, якія былі папросту выдуманыя даследчыкамі.

3. Яшчэ раз пра праблему «неапытанай» папуляцыі. Тут я – дзеля ілюстрацыі – выкарыстаю выказванні беларуска-амерыканскага навукоўца Грыгорыя Ёфэ, які з'яўляецца адным з найбольш зацятых крытыкаў апытання Астапені: маўляў, як можна што-кольвечы казаць пра ўсё беларускае грамадства, калі ў апытанні не ўлічана сельская і не-інтэрнэтная яго частка?

Сам спадар Ёфэ з'яўляецца аўтарам многіх даследніцкіх прац. Адна з іх - «Адвечнае шуканне беларускай тоеснасці»1. Паколькі я калісь перакладаў яе, то добра яе праштудыяваў.

Вось жа ў згаданай працы спадар Ёфэ дзеліць беларускае грамадства на "натывістаў", "прамаскоўскіх лібералаў" і "крэолаў". Робячы гэта, аўтар не грунтаваўся ні на якім апытанні - ні face-to-face, ні інтэрнэтным; ні сярод гарадскога насельніцтва, ні сярод сельскага.

Тое, што ў Ёфэ экспліцытна не прапаноўваліся працэнтныя дадзеныя, не змяняе справы: калі хтось выдзяляе розныя катэгорыі ў грамадстве, то тым самым сугеруе, што гэта статыстычна значныя катэгорыі, а менавіта, што адсотак прадстаўнікоў гэтых катэгорый будзе не >0,00001%, а хаця б >10%.

Хтось мог бы тут спытаць: як можна выдзяляць статыстычна значныя катэгорыі без якога-кольвечы апытання?

Спадар Ёфэ адказаў бы, хутчэй за ўсё, так: Бо гэта былі гіпатэтычныя канструкты, або Гэта была экстрапаляцыя, або Вынік выясняльнага разумавання.

І цяпер: калі Ёфэ дазваляе сабе ажыццяўляць сабе такія дзеянні ў дачыненні да 100% неапытанай папуляцыі, чаму іншыя не могуць дазволіць сабе нешта падобнае ў дачыненні да 20% неапытанай папуляцыі (бо прыблізна столькі складае колькасць не-інтэрнэтных або не-гарадскіх жыхароў Беларусі).

Падагульняючы:

А. Вызначэнне генеральнай сукупнасці – гэта права кожнага даследніка. Хтось можа хацець даследаваць трох-асабовую сямейку і тады генеральная сукупнасць будзе трохэлементнай. Хтось – папуляцыю ўсяе Афрыкі, і тады гэта сукупнасць будзе 1,3-мільярд-элементнай.

Безумоўна, чытач/слухач можа сказаць: а мне нецікавая інфармацыя пра трохасабовую сямейку. Оўкей, гэта зразумела. Але з таго, што цябе не цікавіць гэта сямейка, не вынікае, што інфармацыя пра сямейку з'яўляецца ненадзейнай.

Б. Дадзеныя Астапені тычацца гарадскіх інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі. Пры ўмове рэпрэзентатыўнасці (а я не бачу падстаў яе аспрэчваць) вынікі апытанняў датычна гэтай часткі папуляцыі задавальняльна надзейныя.

В. На этапе інтэрпрэтацыі цалкам легітымнымі з'яўляюцца (гіпатэтычныя) экстрапаляцыі на неапытаную частку насельніцтва. Скажу больш: такія мыслёвыя пераўтварэнні з'яўляюцца галоўным рухавіком навукі і фактарам росту ведаў. Канешне, тут трэба рабіць папраўку на імавернасць пагрэшнасці - яна, як правіла, большая, чым у дачыненні да рэпрэзентатыўна апытанай часткі.

Чытайце таксама: Метадалагічны профіль BISS 

1 Ioffe G., Długotrwałe poszukiwanie białoruskiej tożsamości, w: Tożsamości zbiorowe Białorusinów, red. R. Radzik, Lublin 2012.