Каманда BISS віншуе з Днём Волі

Дарагія сябры і сяброўны!

Абвяшчэнне ўначы з 24 на 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі было мужным і лёсавызначальным крокам у напрамку стварэння суверэннай беларускай дзяржавы. Рэаліі тых часоў пакідалі мала шанцаў на здабыццё беларусамі палітычнай аўтаноміі і амаль ніякіх шанцаў - на стварэнне суверэннай дзяржавы. У такіх выпадках мэтазгодным ёсць дзейнічаць водле прынцыпу, агучанага калісь Тэадорам Рузвельтам: Рабі тое, што можаш, з тым, што маеш, там, дзе ты знаходзішся. Бацькі-заснавальнікі БНР разумелі гэты прынцып і прымянілі яго ў практыцы.

Тое, што БНР у тыя часы стала незавершаным (дакл. прарваным) праектам - гэта не прычына яго адкінуць, а наадварот, падстава для ўзнаўлення, адаптацыі да рэаліяў ХХІ стагоддзя і прадаўжэння. Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на этапе замацавання кансэнсусу наконт дзяржаўнага суверэнітэту. Праведзены нядаўна нашым інстытутам аналітычны агляд міжнародных індэксаў выявіў, што ў Беларусі даволі высокі паказнік "дзяржаўнай тоеснасці", вышэйшы, чым у многіх іншых краінах рэгіёна.

Тым не менш, дзяржаўная тоеснасць мусіць быць падмацавана культурна-гістарычнай тоеснасцю. Культурная ідэнтычнасць - гэта перадумова палітычнага плюралізму і фактар паспяховай пераемнасці дзяржаўнай улады. Пры адсутнасці такой ідэнтычнасці адзіным аб'яднаўчым фактарам становіцца кіруючая палітычная сіла, што вельмі адмоўна адбіваецца на ўзроўні дэмакратыі, правах чалавека, якасці публічных дэбатаў і акадэмічнай свабодзе.

БНР - гэта важны элемент культурна-гістарычнай тоеснасці сучаснай Беларусі. І на дадзены момант мы назіраем выразныя зрухі ў напрамку фармавання шырокага кансэнсусу наконт ролі гэтага ўтварэння ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Мы падтрымліваем ідэю "дэпалітызацыі" БНР і заахвочваем усе грамадскія сілы, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя, працягваць канструктыўны дыялог па выпрацоўцы кансэнсуснай інтэрпрэтацыі гісторыі БНР, якая змагла б увайсці ў падручнікі і стаць асноўным пунктам аднясення для розных палітычных сілаў Беларусі.

Са святам, дарагія суайчыннікі і сімпатыкі Беларусі!

Каманда BISS

 На выяве выкарыстаны плакат да Дня Волі ад Уладзіміра Цэслера