BISS-Timeline №4 (красавік 2013 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстаўляе чацьвёрты выпуск BISS-Timeline — штомесячны маніторынг палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфер. У ім аналізуюцца падзеі, якія адбыліся ў красавіку 2913 года.

У знешнепалітычнай сферы знакавымі падзеямі красавіка сталі візіт казахстанскага прэм’ер-міністра С. Ахметава ў Мінск, прадастаўленне своеасаблівых гарантый Літве ў транзіце беларускіх тавараў праз Клайпеду ў выглядзе набыцця часткі партовага тэрмінала ва ўласнасць, а таксама працяг актыўнасці беларускай дыпламатыі на заходнім фронце на фоне яўных супярэчнасцяў у беларуска-расійскіх адносінах.

У Знешнім гандли — рашэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі № 99 ад 24 красавіка 2013 г., якое  канчаткова закрывае «акно» для беларускага «растваральнікавага» бізнесу, дзякуючы шмат у чым менавіта яму на працягу першых трох кварталаў 2012 г. было дасягнута дадатнае сальда знешняга гандлю ў памеры 3,5 млрд. даляраў. З гэтага часу (дакладней – праз 30 каляндарных дзён) складаныя арганічныя растваральнікі, у адпаведнасці з Таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза, класіфікуюцца як нафтапрадукты і падлягаюць абкладанню такой жа мытнай пошлінай.

Асноўнымі тэндэнцыямі ў ў сацыяльнай сферы можна лічыць часовую стабілізацыю эканомікі і рост дабрабыту на фоне адсутнасці планаў па пашырэнні расходаў на сацыяльнае забеспячэнне і заработнай платы ў бюджэтнай сферы. Мерапрыемствы ў межах жыллёвай праграмы на 2013–2016 гг. таксама адлюстроўваюць тэндэнцыю па скарачэнні выдаткаў на сацыяльную падтрымку. Сферы адукацыі і аховы здароўя не становяцца прадметам абмеркавання ні на сесіі Палаты прадстаўнікоў, ні ў праграмах органаў выканаўчай улады. У фокусе інтарэсаў грамадзянскай супольнасці – традыцыйная для красавіка экалагічная тэматыка.

Што тычыцца культурнай сферы, то  тут выразна абазначылася далейшая канфрантацыя афіцыйнай і неафіцыйнай беларускай культуры. Пасля нядоўгачасовага перыяду адноснага зацішша дзяржкантролю ў культурнай сферы (улады не рабілі спробаў далейшай дэлібералізацыі беларускага культурнага ландшафту, хоць і не паслаблялі палітыку забаронаў і абмежаванняў) адбыўся шэраг негатыўных падзей. Рашэннем суда быў прызнаны экстрэмісцкім фотаальбом «Прэс-фота Беларусі-2011», аднавіліся забароны на правядзенне канцэртаў, зацягваецца працэс аднаўлення дзейнасці часопіса «Arche».

Чытайце BISS-Timeline за красавік 2013 г. у фармаце pdf