BISS-Timeline №3 (сакавік 2013 г.)

BISS  прадстаўляе трэці выпуск BISS-Timeline — штомесячны маніторынг палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфер. У ім аналізуюцца падзеі,  якія адбыліся ў сакавіку 2013 года.

Знешнепалітычнай дамінантай стаў візіт афіцыйнай дэлегацыі на чале з А. Лукашэнкам у Інданезію і Сінгапур. Візіты ў гэтыя дзяржавы на вышэйшым узроўні адбыліся ўпершыню ў гісторыі дыпламатычных адносін. Абвешчана, што з Інданезіяй заключаныя кантракты на 400 млн даляраў і дасягнутыя дамоўленасці на яшчэ большую суму.

У знешнім гандалі, на думку экспертаў BISS, асноўнай праблемай застаецца адмоўны знешнегандлёвы баланс. Як вынікае з апублікаванай у пачатку сакавіка аператыўнай статыстычнай зводкі Белстата, экспарт з Беларусі ў студзені 2013 г. паменшыўся на 14,7% у параўнанні з мінулым годам. На 1 сакавіка складскія запасы складалі 75,2% ад месячнага аб’ёму вытворчасці, што з’яўляецца свайго роду антырэкордам апошніх двух гадоў.

Сярод асноўных тэндэнцый у сацыяльнай сферы можна назваць пэўную стабілізацыю ў эканоміцы на фоне нязначнага росту даходаў і працяг росту інфляцыі, пакуль без перадумоў для запавольвання. На захаванне іміджу сацыяльнай дзяржавы працуюць асобныя праекты і захады, якія не патрабуюць высокіх выдаткаў: падтрымка інвалідаў і людзей, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, рэфармаванне сістэмы налічэння заработнай платы медыцынскім работнікам.

Культурнае жыццё Беларусі ў сакавіку не вылучалася насычанасцю і разнастайнасцю. Культурны ландшафт застыў у пэўнай раўнавазе: улады не рабілі спробаў яго далейшай дэлібералізацыі, як не ішлі і на прыкметнае паслабленне палітыкі абмежаванняў і забарон. «Мяккая беларусізацыя», што абазначылася раней, працягвалася пераважна ў неафіцыйным культурным полі. Адносная стабілізацыя культурнага жыцця Беларусі, «замарожванне» існуючых там супярэчнасцяў, тлумачыцца, відавочна, спробамі наладзіць кантакт з Еўропай, што прадпрымаюцца беларускімі ўладамі, і ў далейшым цалкам залежыць ад паспяховасці гэтых высілкаў.

Чытайте  BISS-Timeline за сакавік 2013 г. у фармаце pdf