Polling Memo: Сур’ёзнае падзенне падтрымкі еўрапейскага выбару

BISS – аналіз апытанняў грамадскай думкі ў сакавіку 2012

 

Паводле вынікаў сацыялагічнага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), хоць Аляксандр Лукашэнка часткова здолеў вярнуць сабе страчаны электаральны рэйтынг, ва ўладаў мала падставаў для аптымізму: 77% рэспандэнтаў мяркуюць, што краіна па-ранейшаму знаходзіцца ў крызісе, і 52% апытаных выказалі думку, што Беларусь рухаецца “ў няслушным кірунку”. Вялікая частка грамадства суадносіць сябе з цэнтрам палітычнага спектру і не мае палітычнага прадстаўніцтва.

Істотныя зрухі не закранулі колькасць тых, хто заяўляе, што знаходзіцца “ў апазіцыі да ўлады”: у сакавіку 2012 г. іх было 23,4% – на 4% менш за максімальны паказнік у верасні 2011 г. Аднак за апошнія паўгоду колькасць тых, хто не адносіць сябе да “апазіцыі да ўлады”, павялічылася на 10% і склала ў сакавіку 2012 г. 66%.

Важна адзначыць, што калі 2/3 апытаных заяўляюць пра падтрымку ўлады, гэта не азначае, што яны прыхільнікі Лукашэнкі. Наадварот, на думку BISS, малаверагодна, каб Лукашэнка вярнуў сабе прыхільнасць большасці беларускіх грамадзянаў. Вынікі праведзенага ў сакавіку 2012 г. апытання пацвярджаюць мінулагоднюю выснову BISS пра тое, да якой ступені Лукашэнка здольны спыніць рэзкае падзенне свайго рэйтынгу (на 33% за папярэдні год), калі Расія вернецца да субсідавання беларускай эканомікі. Найноўшыя вынікі апытання дазваляюць BISS зрабіць выснову, што Аляксандр Лукашэнка неўзабаве дасягне піку магчымай грамадскай падтрымкі і, напэўна, на некаторы час засяродзіцца на тым, каб гарантаваць сабе прыхільнасць 1/3 насельніцтва. У некалькіх лічбах праведзенага ў сакавіку 2012 г. апытання заўважаецца характэрнае падабенства: электаральны рэйтынг Лукашэнкі склаў 34,5% (на 14% больш у параўнанні з вераснем 2011 г.); 34,7% апытаных вераць ягонаму абяцанню за год-паўтара вярнуць заробкі на дакрызісны ўзровень, і 35,3% рэспандэнтаў мяркуюць, што Беларусь рухаецца “ў слушным кірунку” (на 17% больш у параўнанні з вераснем 2011 г.).

Звесткі сакавіцкага 2012 г. апытання выразна засведчылі – і гэта самае галоўнае – завяршэнне працяглага перыяду раўнавагі ў геапалітычных прыхільнасцях беларускіх грамадзянаў ці нават перавагі прыхільнікаў еўрапейскага выбару. Паводле вынікаў апошняга апытання НІСЭПД, у адказ на пытанне пра іх геапалітычны выбар 47% грамадзянаў Беларусі выказаліся за Расію і 37% – за Еўразвяз. Гэта сведчыць пра новы вельмі значны разрыў (для параўнання: пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. 38% рэспандэнтаў схіляліся да выбару на карысць Расіі і 38% – на карысць Еўразвязу) і істотнае падзенне падтрымкі еўрапейскага выбару ў параўнанні з найвышэйшым паказнікам, адзначаным год таму, калі на карысць Расіі выказаліся 31,5% рэспандэнтаў, а на карысць Еўразвязу – 50,5%.

 

Поўны тэкст у фармаце html