BISS-Timeline №12 (снежань 2013 г.)

BISS прадстаўляе двнаццаты выпуск BISS -Timeline — штомесячны маніторынг палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфер. У ім аналізуюцца падзеі, якія адбыліся ў снежні  2013 года.

У снежні адбыліся падзеі, якія падводзяць пэўны вынік у знешняй і ўнутранай палітыцы. Вынікі 2013 г. выглядаюць неадназначнымі і шмат у чым праблематычнымі. У сваім навагоднім звароце Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад традыцыйных ацэнак міжнародных адносін, маўчаў пра праблемныя моманты палітычнай кан’юнктуры, якая склалася ў канцы года, і засярэдзіўся на дасягненнях, якія, на яго думку, сведчаць пра паспяховае завяршэнне года. Пра тое, якім быў снежань для Беларусі   –  у заключным выпуску «Timeline».

Найбольш важныя знешнепалітычныя падзеі снежня тычацца беларуска -расійскіх адносін —  як двухбаковых , так і ў рамках інтэграцыйных праектаў. А вось адносіны Беларусі з Еўрасаюзам у гэты перыяд не атрымалі якога-небудзь развіцця. Толькі адну знакавую заяву ў снежні зрабіў Еўракамісар па знешняй палітыцы і палітыцы суседства ЕС Штэфан Фюле. На чарговай прэс - канферэнцыі ён яшчэ раз заявіў, што пацяплення ў адносінах з Беларуссю варта чакаць толькі пасля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

У знешнім гандлі галоўныя падзеі былі сканцэнтраваны ў асноўным у рамках супрацоўніцтва Беларусі з краінамі - членамі МС і Еўразійскага эканамічнага саюза. Так, у снежні стаў вядомы  тэрмін вызначэння канчатковага спісу выключэнняў ва ўзаемным гандлі краін - членаў Мытнага саюза, а таксама тэрміны іх ліквідацыі. Па заяве Уладзіміра Пуціна на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага саюза, пералік выключэнняў павінен быць падрыхтаваны да 1 сакавіка 2014 года адначасова з вызначэннем тэрмінаў іх ліквідацыі. Перамовы аб падпісанні гадавога балансу паставак нафты з Расіі пакуль не завершаны. Беларусь настойвае на атрыманні 23 млн тон нафты, Расія, у сваю чаргу, заяўляе пра гатоўнасць паставіць 21 млн тон нафты, увязваючы гэта з ростам абавязальніцтваў па пастаўцы нафты ў Кітай і адсутнасцю росту аб'ёмаў нафтаздабычы.

Асноўнымі падзеямі снежня для сацыяльнай сферы сталі, у першую чаргу, падвядзенне вынікаў 2013 г., і ў другую — абмеркаванне планаў на 2014 г. Дынаміка эканамічнага становішча насельніцтва заканамерна адлюстравала агульны стан эканомікі.  Запаволенне яе росту вызначыла скарачэнне тэмпаў росту даходаў, пры гэтым працягвалася актыўнае павышэнне цэнаў і тарыфаў. Рэспубліканскі бюджэт на 2014 г., прыняты 14 снежня, змяшчае асноўныя паказчыкі выдаткаў на сацыяльную абарону, адукацыю і ахову здароўя. Гэты і іншыя рашэнні ўрада (тарыфнае рэгуляванне ЖКГ, праграма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі) прыўнясуць змены, скіраваныя на аптымізацыю бюджэтных расходаў. Такія рэформы адпавядаюць рэкамендацыям міжнародных фінансавых інстытутаў. Зрэшты, меркаваныя захадызбольшага асцярожныя і маюць хутчэй колькасны, чым якасны характар, што сведчыць пра спробы  захаваць імідж сацыяльнай дзяржавы.

Культурнае жыццё Беларусі ў снежні сюрпрызаў не прынесла: замест не чыннага на дадзены момант «забароннага спісу» выканаўцаў, улады звярнуліся да асобных, «кропкавых», але ад гэтага не менш недарэчных забаронаў і абмежаванняў. Дыстанцыя паміж афіцыйнымі і неафіцыйнымі культурнымі праектамі не скарацілася. Нацыянальна-арыентаваная інтэлігенцыя змагалася супраць зніжэння статусу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча; у афіцыйным культурным дыскурсе галоўнымі падзеямі сталі традыцыйныя перадкалядныя мерапрыемствы, раздача званняў і ўзнагарод па выніках года.

Чытайце BISS - Timeline за снежань 2013 г. у фармаце pdf