Еўразійскі агляд №1

BISS прадстаўляе першы выпуск новага рэгулярнага прадукту пад назвай «Еўразійскі агляд» – аналіз працэсаў еўразійскай інтэграцыі. Кожны выпуск дадзенага маніторынгу будзе складацца з двух артыкулаў, у адным з якіх эксперты раскажуць пра актуальныя палітыка-эканамічныя тэндэнцыі і падзеі еўразійскай інтэграцыі, а другі будзе раскрываць асобную тэму нумару.

Еўразійская інтэграцыя ўсё больш вызначае адносіны Беларусі з Расіяй як з найважнейшым палітычным і эканамічным партнёрам. Таксама яна ўсё больш адбіваецца і на нашым паўсядзённым жыцці. Так, устаноўленыя ў межах Мытнага саюза ЕўрАзЭС стаўкі ўвазных пошлін маюць непасрэдны ўплыў на цэны на імпартныя тавары (самы яркі прыклад – аўтамабілі), тэхнічныя рэгламенты вызначаюць стандарты якасці і бяспекі спажыванай намі прадукцыі, а меры па стварэнні адзінага рынку працы вызначаюць тэндэнцыі працоўнай міграцыі.

Пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, якое адбылося 29 красавіка 2014 г., пацвердзіла намер і жаданне Расіі далей аднаасобна кантраляваць транспартную інфраструктуру, пад якой маюцца на ўвазе (у тым ліку) нафта- і газаправоды, неабходныя для падтрымання лідарскай пазіцыі Расіі на еўразійскай прасторы. Падчас саміту лідэры краін еўразійскай тройкі прынялі два важныя рашэнні, адно з якіх тычыцца працягу інтэграцыі «ўглыб», а другое – «ушыркі».

Па-першае, Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) сумесна з нацыянальнымі ўрадамі даручана дапрацаваць праект Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) і да 12 траўня накіраваць яго дзяржавам–членам. Па-другое, да 1 чэрвеня 2014 г. павінен быць гатовы праект Дамовы аб далучэнні Арменіі да Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы.

У артыкуле, прысвечаным актуальным падзеям еўразійскай інтэграцыі, аналітык BISS Андрэй Елісееў паказвае, у чым жа заключалася асноўная аргументацыя еўразійскіх партнёраў па нафтавым пытанні на мінулым саміце. Ён тлумачыць, чым еўразійская інтэграцыя прынцыпова адрозніваецца ад яе няўдалых папярэднікаў на постсавецкай прасторы і ў чым яе эканамічны сэнс, а таксама аналізуе палітычныя перспектывы беларускай кіруючай эліты зыходзячы са зместу еўразійскіх дамоўленасцей.

Тэма нумара першага выпуску «Еўразійскага агляду» – развіццё еўразійскай інтэграцыі ў сферы абароны канкурэнцыі і антыманапольнага рэгулявання. Менавіта ў межах гэтай сферы павінны вырашацца складаныя для еўразійскіх партнёраў пытанні дэманапалізацыі паставак энергарэсурсаў і стварэння адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў. У сваім артыкуле эксперт Аляксандр Алешка тлумачыць, чаму еўразійскай тройцы складана прыйсці да кансенсусу ў гэтай сферы, распавядае пра этапы прыняцця адзінага заканадаўства ў сферы абароны канкурэнцыі, аналізуе змены ў новай рэдакцыі беларускага антыманапольнага закона і разважае пра перспектывы развіцця еўразійскай інтэграцыі ў галіне антыманапольнага рэгулявання.

Першы выпуск «Еўразійскага агляду» у фармацк PDF