Беларускі знешнепалітычны індэкс №20 (травень - чэрвень 2014г.)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстаўляе двадцаты выпуск Беларускага знешнепалітычнага індэкса, у якім аналізуюцца пяць напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі ў траўні–чэрвені 2014 года.

Напярэдадні падпісання Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе Беларусь спрабавала дамагчыся поўнай адмены выключэнняў у межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Часткова ёй гэта ўдалося. У пытанні знакавых беларуска-расійскіх эканамічных праектаў Мінск дэманстраваў непадатлівасць. Аднак у цэлым, па прынцыповых пытаннях Беларусь строга ішла ў фарватары расійскага палітычнага курсу, толькі зрэдку дэманструючы незалежную пазіцыю па асобных актуальных пытаннях.

У траўні–чэрвені адбылася прыкметная інтэнсіфікацыя дыпламатычных кантактаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Перамоўны працэс атрымаў большае змястоўнае напаўненне: прайшлі экспертныя кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі і спрашчэння візавага рэжыму. Беларускімі ўладамі быў вызвалены праваабаронца Алесь Бяляцкі, што можа пазітыўна адбіцца на агульным ходзе «размарозкі» адносінаў. Важным фактарам у адносінах Беларусі і ЕС будзе заставацца сітуацыя ва Украіне.

У беларуска-кітайскіх адносінах быў зроблены шэраг крокаў, закліканых прадэманстраваць паскарэнне рэалізацыі сумесных праектаў. Нягледзячы на нерэалізаванасць раней дасягнутых пагадненняў, анансуюцца новыя, не менш маштабныя праекты, да ліку якіх належыць і праект «Эканамічны пояс Шаўковага шляху». Новай з’явай стаў удзел кітайскіх экспертаў у кансультаванні беларускіх уладаў пытанні магчымай праграмы рэформаў.

Найважнейшымі напрамкамі беларускай актыўнасці ў “краінах, якія развіваюцца” была Турцыя і краіны Лацінскай Амерыкі. Як мы і прагназавалі ў папярэдніх выпусках Індэкса, напружанасць на Блізкім Усходзе прымусіла Беларусь зрушыць свае прыярытэты ў рэгіёне ў бок партнёраў Захаду, перш за ўсё Турцыі.

Крызіс ва Ўкраіне і перыпетыі еўразійскай інтэграцыі прывялі да таго, што ўрад Беларусі менш займаўся пытаннямі ўмацавання сувязяў са светам, які развіваецца. Двухбаковыя адносіны з Украінай значна актывізаваліся і набылі для абодвух бакоў больш значны характар. Афіцыйны Мінск прызнаў прэзідэнцкія выбары ва Украіне і выказаўся ў падтрымку яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Беларусь атрымлівае дадатковыя магчымасці для нарошчвання экспарту сваіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, ствараюцца таксама спрыяльныя ўмовы для стварэння сумесных вытворчасцей у сферы ваеннай прамысловасці.

Чытайце Беларускі знешнепалітычны індэкс №20 у фармаце pdf