Беларускі знешнепалітычны індэкс № 24 (студзень–люты 2015 г.)

Друкаваная версіяPDF версія

BISS прадстаўляе дваццаць чацвёрты выпуск «Беларускага знешнепалітычнага індэкса». У ім мы аналізуем знешнюю палітыку Беларусі па пяці напрамках у студзені–лютым 2015 года.

Нягледзячы на тое, што дамова пра Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) уступіла ў сілу, у адносінах з Расіяй захавалася напружанасць, звязаная з бесперапыннымі гандлёвымі войнамі. Паглыбленне эканамічнага крызісу ў Расіі аказала негатыўны ўплыў на Беларусь. Гэта выявілася ў рэзкім падзенні тавараабароту і значных стратах беларускіх экспарцёраў.

Адносіны з Еўрасаюзам, наадварот, дасягнулі найвышэйшай кропкі са снежня 2010 года: вялікая колькасць працоўных дыпламатычных кантактаў, што назіралася ў апошнія гады, стала перарастаць у якасць. Падрыхтоўчая праца ў межах дыялогу пра мадэрнізацыю і кансультацый па візавых пытаннях выйшла на фінішную прамую. Прынамсі да Рыжскага саміту «Усходняга партнёрства» колькасць і ўзровень кантактаў з ЕС захаваюцца на бягучым узроўні.

Кантакты з Кітаем не вылучаліся інтэнсіўнасцю і былі сканцэнтраваныя вакол трох галоўных сумесных праектаў – Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку (КБІП), Эканамічнага поясу Вялікага шаўковага шляху і, у меншай ступені, зборачнай вытворчасці аўтамабіляў «Джылі». Пасля кадравых зменаў у беларускім кіраўніцтве ўлады сталі больш крытычна ставіцца да супрацоўніцтва з КНР.

Асноўным напрамкам актыўнасці Беларусі ў свеце, які развіваецца, быў Блізкі Усход. Актывізаваліся таксама кантакты з Іранам і яго саюзнікамі ў рэгіёне (Сірыяй і Іракам).

Адносіны з Украінай заставаліся актыўнымі. Нягледзячы на значныя праблемы ва ўкраінскай эканоміцы, падзення тавараабароту не адбылося. Мінск працягвае прыкладаць намаганні для замацавання за сабой статусу перамоўнай пляцоўкі па вырашэнні ўкраінскага крызісу: для ўмацавання ўласнай бяспекі, захавання добрых адносін з Расіяй і Украінай ды паляпшэння свайго міжнароднага іміджу.

Тэкст маніторынгу ў фармаце pdf