РЭФОРУМ: Геапалітыка і рэформы: на каго абаперціся рэфарматарам?

На фоне эканамічных праблем і крызісу вакол Украіны беларусы працягваюць дэманстраваць устойлівыя ізаляцыянісцкія настроі. 

Пачынаючы з 2010 г. BISS задае пытанне пра знешнепалітычную арыентацыю грамадзян Беларусі, даючы магчымасць выбару з чатырох варыянтаў: чалецтва ў ЕС, саюз з Расіяй, інтэграцыя з ЕС і РФ адначасова і цалкам незалежная Беларусь па-за ўсякімі саюзамі. Пры захаванні трэндаў, якія азначыліся раней, адносна Расіі, незалежнай Беларусі і чалецтва ў двух саюзах адначасова, істотна зменшылася падтрымка інтэграцыі з Еўрасаюзам (з 17,1% у 2013 г. да 9,7% у цяперашнім), што хутчэй за ўсё звязана з інфармацыйнай кампаніяй у расійскіх СМІ і адсутнасцю прагрэсу ў беларуска-еўрапейскіх адносінах.

Характэрна, што большасць тых, хто расчараваўся ў еўрапейскім выбары, не сталі падтрымліваць іншыя альтэрнатывы, а сышлі ў катэгорыю тых, хто не змог адказаць. Гэта дазваляе чакаць, што пры паслабленні напалу інфармацыйнай вайны і нармалізацыі адносін з Бруселем колькасць «праеўрапейцаў» вернецца на ўзровень 15-17%.

Дыяграма 1. У саюзе з кім хочуць жыць беларусы?[1]


У даследаванні 2013 г. мы ўжо рабілі выснову пра тое, што прыхільнікамі поўнай незалежнасці ў большай ступені з'яўляюцца патэрналісты (больш спадзяюцца на дзяржаву і выступаюць за большае дзяржаўнае рэгуляванне) — 41% з іх выбіраюць гэту опцыю, у той час як у групе «незалежных прыватнікаў» за «ізаляцыянізм» галасуе толькі 28%. Гэта тэза знаходзіць пацверджанне і ў выніках дадзенага апытання, але ўжо зыходзячы са стаўлення да рэформаў у краіне. «Ізаляцыяністаў», якія безумоўна падтрымліваюць рэформы, на 10% менш, чым тых, хто выступае за рэформы «праеўрапейцаў». Яны таксама ў меншай ступені гатовыя цярпець негатыўныя наступствы пераўтварэнняў. У гэтым яны блізкія групе тых, хто падтрымлівае саюз з Расіяй.

Дыяграма 2. Каму патрэбны рэформы і хто гатовы цярпець іх наступствы?[2]

«Праеўрапейцы» ж дэманструюць большую, чым насельніцтва ў цэлым, арыентаванасць на рэформы і гатоўнасць цярпець магчымыя негатыўныя наступствы рэформ. Гэта гаворыць пра іх большую матываванасць і гатоўнасць несці адказнасць за свой выбар. Павышаны ўзровень матывацыі дадзенай групы можна растлумачыць агульным падзеннем праеўрапейскіх настрояў, з-за чаго агалілася «ядро» найбольш устойлівых і адданых прыхільнікаў еўравыбара і еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Рэакцыя грамадскай думкі на эканамічныя цяжкасці ў краіне дэманструе яшчэ адна цікавая з'ява: у адказах на пытанне, дзеля чаго беларусы гатовыя цярпець негатыўныя наступствы рэформ, змяншаецца значнасць «перспектыў высокага ўзроўню жыцця для дзяцей у будучыні», «высокага ўзроўню жыцця для сябе ў будучыні» і «моцнай, незалежнай, самастойнай Беларусі», але пры гэтым захоўваецца (і нават трохі расце) значнасць «паспяховай еўразійскай інтэграцыі» і «інтэграцыі з Еўрасаюзам». Гэта таксама даказвае наяўнасць устойлівых прарасійскай і праеўрапейскай груп у беларускім грамадстве, выбар якіх не залежыць ад змянення эканамічных умоў. Зрэшты, гэтыя групы вельмі невялікія.  

Мы можам канстатаваць, што нягледзячы на захаванне падтрымкі незалежнай Беларусі па-за саюзамі гэта падтрымка мае тэндэнцыю змяншацца, калі гаворка заходзіць пра эканамічныя цяжкасці. Гэта з'яўляецца вынікам адсутнасці цэласнага ідэалагічнага канцэпта «незалежнай Беларусі», што прымушае людзей у цяжкую хвіліну шукаць апоры ў канкуруючых, але больш выразна сфармуляваных геапалітычных праектах.



[1] Дынаміка вынікаў адказа на пытанне «Вы паличыли б за лепшае б жыць…» па гадах.

[2] Графік адлюстроўвае адказы «так» на пытанне «На Ваш погляд, ці патрэбныя ў Беларусі рэформы?» і адказы «так» на пытанне «Правядзенне структурных эканамічных рэформаў часта прыводзіць да зніжэння ўзроўню жыцця, росту беспрацоўя, інфляцыі, скарачэння сацыяльнай падтрымкі. Ці гатовыя Вы цярпець гэтыя наступствы дзеля якаснага паляпшэння ўзроўню жыцця ў краіне праз 5-7 гадоў пасля правядзення?».