Справы грамадзян Беларусі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека

Друкаваная версіяPDF версія

Грамадзяне Беларусі, здольныя прад'явіць доказы сваёй палітычнай актыўнасці і аказанага на іх ціску з боку ўладаў, фактычна не могуць быць дэпартаваныя альбо экстрадаваныя любой з 47 краін Савета Еўропы. Гэта пацвярджае аналіз аргументацыі і пастаноў Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ) па шэрагу скаргаў нашых грамадзян.

Беларусь — адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, якая не з'яўляецца сябрам Савета Еўропы, адпаведна, на яе не распаўсюджваецца юрысдыкцыя Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ), судовага органа Савета Еўропы, заснаванага ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКАПЧ) у 1950 г. Тым не менш грамадзяне нашай краіны маюць магчымасць скардзіцца ў Страсбургскі суд на дзяржаўныя органы 47 краін Савета Еўропы. І гэтым правам карыстаюцца. Напрыклад, шырокую агалоску ў СМІ атрымалі пастановы ЕСПЧ па скарзе грамадскага актывіста Ігара Коктыша супраць Украіны і па скарзе аднаго з асноўных фігурантаў справы аб карупцыі на беларускай мытні Паўла Малочкі, таксама супраць Украіны.

Дадзенае даследаванне сістэматызуе ўсе рашэнні і пастановы ЕСПЧ па справах грамадзян Беларусі. Паводле высноваў, дзве траціны скаргаў грамадзян Беларусі былі пададзены супраць урадаў Украіны і Расіі. 82% скаргаў беларусаў у ЕСПЧ (23 з 28) датычацца аспрэчвання намераў замежных дзяржаў дэпартаваць/экстрадаваць асобу ў Беларусь. Заяўнікі гэтай катэгорыі спраў спасылаюцца на парушэнне артыкула 3 ЕКАПЧ, а менавіта — на верагоднасць падвергнуцца катаванням, альбо бесчалавечнаму ці зневажальнаму годнасць  абыходжанню або пакаранню.

Аднак крытэрыі доказу парушэння артыкула 3, якія прмяняюцца ЕСПЧ,  досыць строгія. Толькі ў дзвух разгледжаных па сутнасці скаргах, якія тычацца экстрадыцыі альбо дэпартацыі («Коктыш супраць Украіны» і «YP і LP супраць Францыі"), ЕСПЧ убачыў парушэнне дадзенага артыкула ў выпадку вяртання заяўніка ў Беларусь. Акрамя гэтага, яшчэ ў 12 справах грамадзян Беларусі ЕСПЧ знайшоў тыя ці іншыя парушэнні органамі ўлады краін Савета Еўропы палажэнняў ЕКАПЧ.

Чытаць поўны тэкст даследавання « Справы грамадзян Беларусі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека» на рускай мове у фармаце  pdf