Пётр РУДКОЎСКІ. Як уцячы ад свабоды? Майстар-клас ад Юваля Харары

Друкаваная версіяPDF версія

«Від homo sapiens у той форме, у якой мы яго ведаем цяпер, знікне цягам стагоддзя або прыблізна так», — сказаў Юваль Ной Харары ў інтэрв'ю для The Guardian пасля выхаду ангельскай версіі яго кнігі Homo Deus.

Гэтая фраза найлепш ілюструе спосаб мыслення гэтага слаўнага аўтара. Яго цікавяць, па-першае, «вялікія пытанні» (кажучы даўнейшай мовай, метафізіка), па-другое, ён жадае прадказваць будучыню, прычым не толькі блізкую, але і далёкую, і, па-трэцяе, яго бачанне будучыні грунтуецца на пэўным бачанні мінулага: Харары верыць, што гісторыя homo sapiens разгортваецца адпаведна сціслым законам.

Юваль Харары — гэта ізраільскі філосаф, выкладчык у Габрэйскім універсітэце Іерусаліма, сімпатык будызму. Славу яму прынеслі кнігі Sapiens: кароткая гісторыя чалавечага роду (ангельскае выданне — 2014) і Homo Deus: кароткая гісторыя заўтра (анг. — 2016) — яны былі перакладзены на 45 моў, а іх сумарны наклад сягаў 12 млн асобнікаў. Пасля такога ашаламляльнага поспеху філосаф вырашыў напісаць кнігу 21 урок на 21 стагоддзе, якая выйшла ў другой палове 2018 года і выглядае на тое, што попыт на яе не саступіць попыту на папярэднія творы. Давайце паглядзім, што гэта за ўрокі.

Змест кнігі: крызіс лібералізму, цені секулярызму і непазбежнасць фэйкаў

Кніга складаецца з пяці частак. У першай аўтар абмяркоўвае асаблівасці тэхналагічнага прагрэсу, крызіс ліберальнай мадэлі, прадказвае масавае беспрацоўе і магчымасць «лічбавай дыктатуры». «Чалавецтва страчвае веру ў ліберальны аповед, што дамінаваў у сусветнай палітыцы цягам дэкадаў», — прыкмячае аўтар.

У другой частцы аўтар разважае над трансфармацыйным патэнцыялам новых тэхналогій. Пытае, ці сацыяльныя сеткі тыпу Facebook могуць стварыць сусветную супольнасць, у якой панавала б свабода і роўнасць. Абмяркоўвае таксама перспектывы глабалізацыі, праблему іміграцыі, уздым нацыяналізмаў і ролю традыцыйных рэлігій. Цвердзіць, што цывілізацыя на зямным шары толькі адна, што нацыяналізм не здольны даць адказ на глабальныя выклікі, а традыцыйныя рэлігіі, якія ў мінулым не спраўдзіліся ў сферы медыцыны і земляробства, тым больш не пасуюць для эры высокіх тэхналогій.

У трэцяй частцы Харары займаецца праблемай тэрарызму, імавернасцю вялікай вайны і рознымі формамі нянавісці, якія могуць перарасці ва ўзброеныя канфлікты. У гэтым месцы ён таксама аналізуе спецыфіку «ліберальнай думкі», асновы дэмакратыі і «цені секулярызму».

На яго думку, лібералізм учыніў «міфічныя істоты» базісам сучаснага грамадства, паколькі беспадстаўна прыпісаў кожнаму індывіду рацыянальнасць. Аналагічна і дэмакратычны лад ды рынкавая эканоміка грунтуюцца на памылковых перакананнях, што «выбарца ведае найлепш» або «кліент заўжды мае рацыю». Секулярызм таксама мае свае догмы, напрыклад, «правы чалавека», якія ў 21 стагоддзі могуць аказацца небяспечнымі, бо новыя тэхналогіі, на думку філосафа, неўзабаве зменяць само разуменне «чалавека».

У чацвёртай частцы філосаф уздымае праблему «фэйкаў» і «постпраўды» і спрабуе зразумець, ці ўвогуле магчыма адрозніць фікцыю ад рэальнасці. Фэйкавасць ён знаходзіць паўсюль: у рэлігійных аповедах, у сучасных ідэалогіях, у нацыянальных гісторыях і ў большай частцы штодзённай камунікацыі.

У пятай частцы аўтар разважае пра сэнс жыцця і дае парады, што рабіць, калі старыя аповеды заняпалі, а новыя яшчэ не вынайдзены. На яго думку, у найбліжэйшым часе найбольш важна будзе навучыцца «спраўляцца са зменамі, вучыцца новым рэчам і захоўваць ментальную раўнавагу ў незнаёмых сітуацыях».

Вось так у вялікім скарачэнні выглядае змест апошняй кнігі Харары. Цяпер — каментар.

Падмена аргументацыі рытарычнымі фігурамі 

Насамперш трэба пазначыць, што разважанні аўтара пазбаўлены лагічнай звязнасці. Напрыклад, у адным месцы ён заяўляе, што «ніхто не ведае, як свет будзе выглядаць у 2050», а праз некалькі старонак сцвярджае катэгарычна, што «да 2048 года фізічныя і кагнітыўныя структуры растопяцца ў паветры або ў воблаку інфармацыйных бітаў», каб пазней зноў заявіць: «калі ласка, не ўспрымайце гэты сцэнар літаральна».

Пасля абзаца напамінаў (ці саманапамінаў), што мы «не можам быць упэўненымі наконт якога-кольвечы сцэнара», аўтар зноў вяртаецца на папярэднюю сцяжыну і зноў пачынае гаварыць катэгарычна: «Да сярэдзіны ХХІ стагоддзя ўсё больш хуткія змены плюс даўжэйшы час жыцця ўчыняць традыцыйную мадэль [навучання] састарэлай. Жыццё разарвецца на часткі, і будзе ўсё меней і меней пераемнасці паміж рознымі перыядамі жыцця».

Другая рыса разважанняў Харары — падмена аргументацыі рытарычнымі фігурамі.

Для прыкладу, працэс спаборніцтва паміж фашызмам, камунізмам і лібералізмам (трыма «глабальнымі аповедамі»), Харары апісвае так:

  • «У 1938 годзе людзі мелі ў сваім распараджэнні тры глабальныя аповеды, у 1968 іх было толькі два, у 1998 дамінаваў толькі адзін, а ў 2018 у нас такіх аповедаў — нуль».

Рытміка лічбаў 1938 — 1968 — 1998 — 2018 мае, бясспрэчна, выдатны рытарычны эфект, а накладзеная на яе градацыя тры — два — адзін — нуль гэты эфект падвойвае. Літаратурнаму таленту аўтара — брава. Толькі ёсць адна праблема. Кніга належыць да катэгорыі non-fiction і характарызуецца як «філасофія» або нават «грамадскія навукі», то бок прэтэндуе на аргументаванае выясненне з'яў у рэальным свеце. Ясна, што гэтыя дзве рэчы — рытарычныя эфекты і аргументаванае выясненне — можна сумяшчаць, адно не мусіць супярэчыць другому. Але ў выпадку Харары маем дачыненне менавіта з падменай аргументацыі рытарычнымі фігурамі.

Дапусцім, што ў 1938 былі толькі «тры глабальныя аповеды» (было б пажадана і гэту тэзу патлумачыць і абгрунтаваць, але прымем яе за добрую манету). Дапусцім, што ў 1968 такіх аповедаў было толькі «два» (хоць гэта вельмі нацягнутая тэза, бо неанацызм і неафашызм не зніклі пасля вайны, а проста «перайшлі ў апазіцыю»). Але што можа значыць, што ў 1998 г. быў толькі адзін «глабальны аповед» — лібералізм? Не было ў гэтым годзе камуністычнага Кітая або Кубы? Не было дзясяткаў уплывовых камуністычных партый у розных краінах свету? Далей: што значыць, што ў 2018 г. няма ніводнага глабальнага аповеду? То бок нават лібералізм знік? Няма ўжо ўплывовых палітыкаў, эканамістаў або сацыяльных груп, якія падтрымлівалі б ліберальныя ідэі? Няма прыхільнікаў камунізму? Няма ўжо Кітая, няма КПРФ — усё гэта раптам ператварылася ў ілюзію, нешта існуючае-неіснуючае?

Як гэта сумяшчаецца з выражаным на пачатку кнігі перакананнем самога аўтара, што лібералізм — вельмі ўстойлівая дактрына, якая паспяхова перажыла крызісы 1938 і 1968 гг., а цяперашні крызіс — менш сур'ёзны за тыя?

Ператварэнне лібералізму ў саламянае пудзіла

Аўтару характэрна таксама ператварэнне аб'екта ў саламянае пудзіла (straw man fallacy), гэта значыць, селектыўнае надзяленне аб'екта такімі рысамі, якія дазваляюць лёгка ўзвысіцца над ім. Прыкладам такога «ператварэння ў пудзіла» ў айчынным кантэксце можа быць выраз: Нашаму народу важная толькі чарка і скварка (надзяліўшы народ такімі рысамі, узвысіцца над ім становіцца надзвычай лёгка).

Пакінем убаку пытанне пра тое, як Харары характарызуе хрысціянства, іслам, традыцыйны юдаізм або нацыяналізм — кніга яўна не пісалася з думкай пра тое, каб спрыяць дыялогу з гэтымі плынямі. Але аўтар ператварае ў пудзіла не толькі вялікія рэлігіі або нацыяналізм, але таксама лібералізм — плынь, якую ён нібыта паважае і нават абараняе ад розных «папулістаў». Возьмем для ілюстрацыі наступныя выказванні: «Згодна з ліберальнай міфалогіяй, калі ты знаходзішся дастаткова доўга ў гэтым вялікім супермаркеце, раней ці пазней ты спазнаеш ліберальнае богааб'яўленне і ўсвядоміш сапраўдны сэнс жыцця». І яшчэ: «Лібералізм традыцыйна спадзяваўся на тое, што эканамічны рост нейкім магічным спосабам вырашыць складаныя сацыяльныя і палітычныя канфлікты» (курсівы дададзены). Гм, уяўляеце Фрыдрыха Хаека або Людвіга фон Мізэса, якія распрацоўваюць мадэлі эканамічнага росту і раз-пораз прыгаворваюць: «Чары-мары, шуры-муры, усе канфлікты — псік!»

З таго, што Харары піша пра лібералізм, вымалёўваецца прыкладна такая карціна: лібералы — гэта наіўныя падлеткі-ідэалісты, якія вераць, што ўсе індывіды рацыянальныя і што калі даць ім свабоду, то яны заўжды зробяць найлепшы выбар; лібералы таксама трызняць пра такую грамадска-палітычную сістэму, дзе ўсе канфлікты знікнуць. Стварыўшы такі вобраз лібералізму, можна спакойна апранаць мантыю вялікага мудраца і пачынаць паблажліва тлумачыць, што «не ўсё так проста». Пытанне толькі: ці ёсць хоць адзін ліберал, каторы лічыць, што ўсё так проста?

На такое прымітызаванае апісанне лібералізму накладаецца згаданая раней рыса: лагічная нязвязнасць і непаслядоўнасць. У адным месцы Харары дыягназуе псіхалагічны стан лібералаў як «надзея» на тое, што лібералізм вернецца, у іншым месцы — як «роспач» (dispair) з-за яго заняпаду. Дык як ёсць на самай справе: лібералы жывуць надзеяй ці роспаччу? Хтось іншы адказаў бы: «Дык жа лібералы ёсць розныя, магчыма, адны жывуць надзеяй, іншыя — у роспачы». Праблема, аднак, у тым, што Харары не дыферэнцыюе лібералаў (гэтаксама як і іншыя культурна-ідэйныя групы), а гаворыць пра іх так, нібыта яны існуюць выключна як калектыўнае цэлае, са сваёй уласнай калектыўнай «сутнасцю».

Такі спосаб апісання называецца эсэнцыялізмам, і гэта чарговая характэрная рыса Харары.

Фэйкі паўсюль або Да чаго прыводзіць размыванне паняццяў

Яшчэ адна рыса разважанняў Харары — размыванне паняццяў.

Гэта дзеецца ў розных месцах кнігі, але найбольш яскрава праявілася ў 17 раздзеле, названым «Постпраўда». Менавіта ў гэтым раздзеле аўтар уздымае вельмі вострую і актуальную праблему: распаўсюд фэйк-навінаў з выкарыстаннем новых тэхналогій. «Постпраўда» і фэйк-навіны былі галоўнай тэмай Мюнхенскай канферэнцыі 2017 года. Палітыкатворцы ў розных краінах стаяць перад цяжкай задачай — знайсці аптымальны баланс паміж процідзеяннем фэйкам і забеспячэннем свабоды слова. Ключавы момант у гэтым працэсе — займець як мага больш яснае і адназначнае разуменне «фэйка». Заканадаўчая норма па супрацьдзеянні фэйкам, спалучаная з дэзарыентацыяй наконт таго, што такое «фэйк», прывяла б да небяспечных наступстваў.

Што ў гэтым плане прапануе Харары? «Некаторыя фэйкі застануцца назаўсёды» — гэта фактычна першы, выдзелены ў якасці падзагалоўка, пасыл 17-га раздзела. Што гэта значыць? Перадусім адзначым, што аўтар не бачыць адрозненняў паміж «фэйкам», «фікцыяй», «прапагандай», «дэзынфармацыяй», «міфам», «кагнітыўным скажэннем», «памылковай высновай» і «постпраўдай» — усё гэта ён скідае ў адну кучу. Пры такой размытасці тэрміналагічнага апарату Харары можа з лёгкасцю заявіць, што «людзі заўсёды жылі ў эпоху постпраўды. Homo sapiens — гэта від постпраўды, чыя сіла залежыць ад стварання і верання ў фікцыі». «Фэйк-навінай» Харары называе, напрыклад, тэзу, што «Ева была спакушана змеем», што «душы няверных будуць гарэць у пекле» або што «стварыцель свету не любіць, калі брамін жэніцца з недатыкальнай». Увогуле, цэлыя рэлігіі — гэта «фэйк-навіны», а розніца са звычайнымі «фэйк-навінамі» толькі ў тым, што першыя трываюць тысячы гадоў і падтрымліваюцца мільёнамі людзей.

Тут не месца, каб займацца падрабязным аналізам названых праблем. Абмяжуемся толькі зацемай, што Харары, жадаючы любой цаной здзівіць і ўразіць чытача, забывае пра этычнае вымярэнне сваіх разважанняў. Праблема фэйкаў — гэта не нейкая банальная і дробная праблема, якую можна зрабіць нагодай для інтэлектуальных забаваў. Гэта рэч, якая закранае фундаментальныя жыццёвыя сферы чалавека. Уявіце, што нейкі зламыснік запускае ў сеціве фальшывую інфармацыю, што Н.М. — гэта педафіл. Пад «Н.М.» падстаўце сваё імя, або імя вашага брата, сына, бацькі, або блізкага сябра. Неўзабаве з'яўляюцца «фотадоказы» праўдзівасці «навіны». Пазней — фэйкавыя сведчанні ананімных «ахвяр». З гэтага моманту любое слова, якое Н.М. скажа, або яго маўчанне, пачынае ўспрымацца як пацвярджэнне «навіны». Яго звальняюць з працы, блізкія адварочваюцца, асяроддзе праклінае. Як процідзейнічаць такім сітуацыям? З перспектывы Харары — ніяк. Бо фэйк — гэта частка чалавечай натуры, сутнасць homo sapiens'а. Папросту змірыцеся, вам проста не пашанцавала.

Можна ўявіць іншую сітуацыю. Навуковец у ходзе даследаванняў фармулюе гіпотэзу і публікуе яе ў якім-небудзь артыкуле. Пазней, у ходзе эмпірычнай праверкі, гіпотэза аказваецца фальшывай. Да аўтара прыходзіць паліцыя і арыштоўвае, спасылаючыся на «закон аб фэйках». Правільна?

Абодва прыклады — гэта цалкам імаверныя наступствы размывання паняцця фэйку. Наколькі такія наступствы могуць быць датклівыя, можам пабачыць на прыкладзе іншых сфераў. Беларускія праваабаронцы няспынна рапартуюць пра пакалечаныя лёсы дзясяткаў маладых людзей у звязку з тым, што размытыя фармулёўкі артыкула 328 Крымінальнага кодэкса РБ адкрываюць шырокія магчымасці злоўжывання на этапе законапрымянення. Пункт 6 Дэкрэта №7 2017 г., які змяшчае расплывістую фармулёўку пра «ўзмацненне адказнасці кіраўніка прадпрыемства» за недахопы ў гаспадарчай дзейнасці, успрымаецца бізнэс-коламі вельмі адмоўна, і слушна, бо такія фармулёўкі — пастаянны дамоклаў меч, які можа несправядліва ўдарыць у любы момант.

Юваль Харары не толькі не дапамагае знайсці эфектыўныя шляхі процідзеяння фэйкам, але шкодзіць працэсу іх шукання, паколькі размыванне ключавых паняццяў вядзе да таго, што крытэры ацэнкі пераносяцца ў эмацыйныю сферу. Практычным наступствам можа стаць паўсюднае перакананне, што фэйк — гэта тое, што мяне абурае.

Можна ўявіць таксама, якія наступствы «Хараравага мысленне» можа мець для культуры публічных дыскусій. Любая светапоглядная або ідэалагічная група можа пачаць цяпер абзываць сваіх апанентаў «фэйк-мэйкерамі», бо практычна ва ўсіх можна знайсці — наўмысныя ці ненаўмысныя — скажэнні або недакладнасці і называць іх «фэйкамі». У такой сітуацыі канструктыўны дыялог немагчымы.

Юваль Харары - выдатная знаходка для тых, хто хоча ўцячы ад свабоды

У сваёй папярэдняй кнізе Homo Deus Харары энергічна даводзіў, што свабодная воля — гэта міф, што людзі — гэта ўсяго толькі прылады стварэння інтэрнэту-ўсіх-рэчаў, што працэс ператварэння чалавека ў элемент касмічнай інфасістэмы — гэта эвалюцыйнае наканаванне і што пачуцці чалавека ў інфармацыйную эпоху пазбаўлены якой-кольвечы вартасці. Ясна, што такія погляды не сумяшчальны з базавымі прынцыпамі лібералізму, але гэта не перашкаджае аўтару ў новай кнізе какетліва хваліць «поспехі ліберальнай думкі» і крывадушна заяўляць пра сваю салідарнасць з лібералізмам перад абліччам «пагроз».

Насамрэч, Свабодніцкая партыя Аўстрыі або польская «Права і справядлівасць» маюць больш супольнага з ліберальнымі каштоўнасцямі, чым філасофія Харары.

Філасофія Юваля Харары — гэта рэмэйк утапічных і гістарыцысцкіх сістэм ХІХ стагоддзя.

Харары нашмат бліжэй да Гегеля або позняга Комта, чым да Попера, Хаека або Агасі. Попыт на такую філасофію зразумелы на фоне (міні)крызісу ліберальнай мадэлі і перафарматавання мэйнстрыму. Крызіс — гэта тэст для чалавечай свабоды, паколькі ў такіх сітуацыях трэба прымаць нешаблонныя рашэнні. Тыя, хто баяцца свабоды і не хочуць выйсці па-за шаблоны, будуць шукаць нейкай філасофіі, якая пакажа адназначны напрамак, спаслаўшыся на «законы гісторыі» або «законы эвалюцыі». Некаторым прасцей ісці ў напрамку прорвы, але з перакананнем, што гэта «наканавана», чым выбраць перспектыўны напрамак са свядомасцю, што адказнасць за выбар спачывае на іх саміх.

Юваль Харары — гэта выдатная знаходка для тых, хто хоча ўцячы ад свабоды і перакінуць цяжар выбару на «законы гісторыі».

Перадрук з сайта "Наша Ніва" https://nn.by/?c=ar&i=227885.