Чалавечы капітал: Аддача на адукацыю

BISS пачынае публікацыю серыі даследаванняў у рамках праекта "Чалавечы капітал як крыніца канкурэнтаздольнасці і мадэрнізацыі", над якім мы плануем працаваць у 2013 годзе.

У першай працы «Аддача на адукацыю і ацэнка чалавечага капіталу ў Беларусі», напісанай экспертамі цэнтра ІПМ Глебам Шымановічам і Аляксандрам Чубрыкам, паняцце чалавечага капіталу вызначаецца як «набор ведаў, уменняў і персанальных характарыстык, якія вызначаюць здольнасць чалавека выпрацоўваць дабаўленую вартасць». Праца засяроджана на ацэнцы якасных і колькасных характарыстык сістэмы адукацыі ў Беларусі, а таксама на ацэнцы ўплыву ўзроўня адукацыі работнікаў на памер іх працоўных даходаў і прадуктыўнасць працы.

Падчас правядзення даследавання экспертамі былі прааналізаваны методыкі вымярэння чалавечага капіталу, якія прымяняюцца для міжнацыянальнага параўнання яго аб'ёмаў. На падставе гэтага была пабудавана мадэль ацэнкі чалавечага капіталу «унутры» канкрэтнай дзяржавы. З ужываннем статыстычных дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак была вызначана адукацыйная структура Беларусі і пабудаваны дынамічны шэраг чалавечага капіталу і яго аддачы на ўзровень даходаў грамадзян, а таксама зроблены высновы адносна ўплыву рознага ўзроўню адукацыі на фарміраванне «запасаў» чалавечага капіталу ў Беларусі і эканамічны рост.

Асноўныя высновы даследавання

1. Зыходзячы з ацэнак памераў дзяржаўных выдаткаў на адукацыю можна меркаваць аб патэнцыйна высокай канкурэнтаздольнасці беларускай сістэмы адукацыі ў параўнанні з большасцю краін Цэнтральна-усходняй Еўропы (ЦУЕ). Аднак адназначна казаць тут можна толькі сапраўды аб патэнцыйна высокай канкурэнтаздольнасці, паколькі большасць методык, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі паказчыкаў сістэмы адукацыі, не даюць інструментаў для ацэнкі непасрэдна якасці адукацыі.

Акрамя таго, аналіз фінансавання сістэмы адукацыі ў Беларусі канстатуе некаторыя існуючыя дысбалансы. Сярод іх можна вылучыць высокае фінансаванне сярэдняй адукацыі ў шкоду дашкольнай і пачатковай, пастаянна падае ўзровень фінансавання вышэйшай адукацыі, а таксама нізкі каэфіцыент ліку вучняў на аднаго выкладчыка. Акрамя таго, высокая доля заробных плат у агульным аб'ёме фінансавання вышэйшай адукацыі вядзе да павольнага абнаўлення матэрыяльнай базы навучальных устаноў.

2. Улічваючы практычна поўны ахоп насельніцтва Беларусі пачатковай і сярэдняй адукацыяй, выкарыстанне іх як параметраў для ацэнкі ўплыву адукацыі на аб'ём чалавечага капіталу бесперспектыўна. Таму найбольш інфарматыўным паказчыкам, здольным дэманстраваць ўплыў адукацыі на эканамічны рост, з'яўляецца вышэйшая адукацыя.

Па дадзеных ЮНЭСКА, у Беларусі з 1993 года рэгіструецца ўстойлівы і значны рост колькасці грамадзян з вышэйшай адукацыяй. Акрамя таго, у 2011 годзе сярэдні паказчык агульнай працягласці навучання беларускіх грамадзян складаў 14,06 года.

Аднак гэтыя паказчыкі не могуць адназначна гаварыць пра павелічэнне чалавечага капіталу ў Беларусі з-за немагчымасці адназначнай ацэнкі якасці атрыманай адукацыі асобнымі грамадзянамі. Таму найбольш адэкватным спосабам вымярэння ўплыву таго ці іншага ўзроўню адукацыі на чалавечы капітал з'яўляецца ўзровень працоўных даходаў. Выбар такога метаду абгрунтаваны сцвярджэннем пра тое, што памер заробнай платы работніка залежыць ад яго прадуктыўнасці працы. (Пры гэтым, як паказаў дадатковы аналіз, дзяржаўная палітыка даходаў істотна не ўплывае на розніцу ва ўзроўні заробкаў работнікаў з розным узроўнем адукацыі).

3. За перыяд з 1995 па 2011 гады ў эканоміцы Беларусі істотна панізілася ўдзельная вага занятых з агульным базавым і больш нізкім узроўнем адукацыі (на 5,9 і 11,3%). Гэта адбылося за кошт пераразмеркавання колькасці занятых на карысць тых, хто валодае сярэдне-спецыяльнай (удзельная вага павялічылася на 11,8%) і вышэйшай адукацыяй (5,9%).

4. Эканаметрычны аналіз дадзеных паказаў, што падвышэнне ўзроўню адукацыі работнікаў вядзе да павелічэння заробнай платы (у сярэднім гадавая зарплата работніка з вышэйшай адукацыяй у 2,35 разы перавышае заробак работніка з базавай сярэдняй адукацыяй). Гэта значыць, што падвышэнне ўзроўню адукацыі азначае больш высокую прадуктыўнасць працы работніка, а значыць, рост колькасці грамадзян з вышэйшай адукацыяй вядзе да «назапашвання» чалавечага капіталу.

Акрамя таго, значна ўплывае на прадуктыўнасць працы работніка стаж яго працы. Гэты ўплыў, аднак, неістотны: у цэлым 1 год стажу павялічвае памер заробнай платы толькі на 1%.

У сваю чаргу, эканамічная неактыўнасць у працаздольным узросце сур'ёзна ўплывае на зніжэнне памераў зарплаты работніка (зарплата зніжаецца на 60%). Таксама ў значнай меры на працоўныя даходы ўплывае выхад на пенсію: пенсіянеры, якія працуюць, у сярэднім зарабляюць на 77% менш работнікаў не пенсіянераў.

Чытайце поўны тэкст даследаванні ў фармаце pdf на рускай мове