Памяці Віталя Сіліцкага (2012)

11 чэрвеня 2012 споўніўся год са дня смерці ад цяжкай хваробы вядомага беларускага палітолага Віталя Сіліцкага. За гэты час сябры і паплечнікі Віталя так і не здолелі змірыцца са стратай. Тыя з іх, хто не змог наведаць вечар памяці, даслалі свае ўспаміны. Таксама да гадавіны смерці выйшаў адмысловы нумар часопіса Belarus Headlines, прысвечаны Віталю Сіліцкаму. У ім беларускія і заходнія эксперты дзеляцца ўспамінамі пра Віталя як чалавека і разважаюць пра значнасць ягоных прац у наш час. Дзяніс Мельянцоў прапаноўвае агляд спадчыны Віталя Сіліцкага, звяртаючы асаблівую ўвагу на канцэпцыю прэвентыўнага аўтарытарызму, які выкарыстоўвае прэвентыўныя ўдары як стратэгічную прыладу для захавання сваёй улады праз сфабрыкаваную згоду. Д-р Эластэр Рабальяці падкрэслівае значнасць таго, што пісаў Віталь пра сэнс удзелу апазіцыі ў фальсіфікаваных выбарах. Мэт Раянскі з Міжнароднага фонду міру ім. Карнегі разважае пра тыя каштоўныя падыходы, якія адкрывае прапанаваная Віталём канцэпцыя прэвентыўнага аўтарытарызму. Дэвід Марплз падзяляе меркаванне Віталя, што Беларусь – не такая маналітная, як уяўляецца большасці замежных СМІ.

 

Цалкам новы выпуск Belarus Headlines можна пычытаць у  PDF.

 

Джонатан Мур, Амбасадар Злучаных Штатаў Амерыкі ў Босніі і Герцэговіне

 

Я глыбока засмучаны сыходам з жыцця Віталя Сіліцкага. Мы пазнаёміліся ў цудоўным кампусе Стэнфардскага універсітэта ў 2005 годзе, дзе я быў даследчыкам, а Віталь стаў адным з першых беларусаў, якіх я сустрэў. Я даў яму значную свабоду, улічваючы ягоны ясны акадэмічны фокус, у супрацьлегласць маім спробам захаваць канкрэтныя і практычныя пытанні. Ён заўсёды быў прыцягальным і інфарматыўным, адначасова цынічным і шчырым, з вельмі трапным пачуццём гумару. І хаця ён адначасова крытыкаваў і рэжым, і шмат каго з апазыцыі, віталёвая моцная любоў да Беларусі заўсёды была асноўнай часткай нашых гутарак. Я шчаслівы, што ягоная спадчына, у тым ліку і БІСС, застаецца станоўчай сілай для народу Беларусі.

 

Джэф Ловіт, выканаўчы дырэктар ПАСОСа

 

Віталя будуць памятаць за ягоны выбітны інтэлект, розум і пачуццё гумару, як маячок свабоды – як у гутарках, так і працах на тэму дэмакратызацыі і аўтарытарызму. Ён сышоў у такі час, калі грамадзянскай супольнасці былі так патрэбныя ягоныя здольнасці, калі былі накладзеныя абмежаванні на свабоду слова і руху, а тры кандыдаты ў прэзідэнты былі асуджаныя да доўгіх тэрмінаў зняволення пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010.

 

Памяць аб Віталі мае нагадаць нам аб тых шматлікіх станоўчых галасах на карысць свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Вызваленне Андрэя Саннікава мусіць узрадаваць усіх, хто цэніць дух гуманізма, але ўсе мы ведаем, што Лукашэнка можа ўзяць новых закладнікаў на месца кожнага вызваленага. Няма чаго далёка хадзіць - дастаткова ўзгадаць нядаўні арышт за “хуліганства” цяперашняга акадэмічнага дырэктара БІССу Аляксея Пікуліка. Гэта выкрывае сапраўдную сутнасць рэжыму – пастаянна запалохваць і прыніжаць усіх, хто падае голас за дэмакратыю і свабоду.

 

У 2003 Віталь згубіў сваё месца ад’ютант-прафэсара ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Мінску, калі адміністрацыя ўніверсітэта, кіруючыся загадам уладаў, пакарала яго за адкрытую крытыку ўрада прэзідэнта Лукашэнкі.

 

Але сам Віталь пайшоў далей: ён стаў стэпендыятам праграмы Рэйгана-Фаскела пры Нацыянальным фондзе падтрымкі дэмакратыі (Вашынгтон) і запрошаным даследчыкам у Цэнтры па пытаннях дэмакратыі, развіцця і вяршэнства закона (Стэндфардзкі ўніверсітэт). У 2007 годзе ён быў прызначаны дырэктарам БІССу, які далучыўся да сеткі ПАСАСа ў 2010.

 

У снежні 2011, у памяць Віталя, Цэнтральна-еўрапейскі ўніверсітэт у Будапешце абвесціў заснаванне стыпендыі яго імя. “Дадатковая штогадовая стыпендыя” імя Віталя Сіліцкага дзейнічае для беларускіх студэнтаў, якія паступаюць у гэты ўніверсітэт, дзе сам Віталь навучаўся да таго, як атрымаў доктарскую ступень у Ратгерскім ўніверсітэце (ЗША).

 

Я перакананы, што тыя з нас, хто быў знаёмы з ім – і ў Беларусі, і па ўсёй Еўропе, і ў ЗША, кожны, каму неабыякавая Беларусь – спалучаць свае высілкі, каб спраўдзіць жаданне Віталя, дзеля якога ён працаваў так доўга – “запаліць свечку свабоды” ў Беларусі.

 

Cтэфан Малерыюс

 

Віталь Сіліцкі адначасова з’яўляўся цвярозым навукоўцам і вельмі эмацыйным і адданым прыхільнікам дэмакратыі. І інтэлектуальна, і маральна ён быў адным з найбольш чуллівых людзей, якіх я ведаў. Калі мы выпадкова сустрэліся на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня 2010, Віталь, відавочна, быў апантаны палітычным момантам і маленькай, але надзеяй, што ў ягонай краіне могуць адбыцца змены да лепшага. Якім жа глыбокім было ягонае расчараванне на наступны дзень, пасля жудаснай ночы палявання на вядзьмарак і абсалютнага знішчэння ўсяго, на што Віталь спадзяваўся і дзеля чаго працаваў.

 

Дэмакратычная, незалежная і еўрапейская – такой Віталь бачыў Беларусь, краіну, якую ён любіў. Гэта была станоўчая апантанасць, якая прымушала яго без стомы пісаць свае аналізы і артыкулы ў аўтобусах, начных цягніках і ў аэрапортах, падчас пераездаў з канферэнцый на семінары, з воркшопаў на брыфінгі, як рэгіянальныя, так і міжнародныя. Віталь быў дасканалым і адданым, і ў той жа час дзейнічаў дакладна і наўмысна. Ён сышоў з жыцця тады, калі больш за ўсё быў патрэбным краіне. Сёння, па прашэсці года пасля ягонай смерці, відавочна, што пустэча, якая засталася пасля яго ў Беларусі і ў Еўропе, усё яшчэ балюча зеўрае. І гэта справа кожнага з нас – запоўніць яе праз ушанаванне памяці віталёвай спадчыны і падтрымку ягонай місіі і ідэй.

 

Елена Карастэлева, дырэктар Цэнтру еўрапейскіх даследванняў

 

Ужо год, як Віталіка няма з намі... і ўсё яшчэ цяжка паверыць, што яго ЗУСІМ няма, і што кароткія 39 год ягонага жыцця – ужо гісторыя... Гісторыя, якую мы маем захаваць.

 

Я добра памятаю нашыя студэнцкія гады. Мы былі такімі маладымі, такімі дзёрзкімі, шчыра крочылі ў ногу з часам, былі адкрытыя да пераменаў, да разбурэння (хоць бы і на кароткі час) старых межаў і стэрэатыпаў. Дзе зазвычай можна было сустрэць нас пасля доўгіх і знясільваючых лекцыяў, якія ў рэтраспектыве падаюцца забаўнай сумессю гісторыі камунізма і заходняй філасофіі? Канешне, у Ленінцы, на Кастрычніцкай плошчы, проста таму, што адчынілі архівы і мы маглі чытаць Канта, Хэгеля, Лока і Ніцшэ ў арыгінальным перакладзе, без такіх “карысных” заўвагаў камуністычнай партыі! Віталь, безумоўна, успрыняў гэта яшчэ глыбей, пабачыўшы, як усе гэтыя антаноміі дэмакратыі здольныя прыжыцца ў рэчаіснасці, крочачы між танкаў і кравапраліццяў пасьляпутчаўскай Масквы.

 

Тыя ідэі і выцвярэжвальная рэчаіснасць зрабілі з яго інтэлектуала, змагара, які, атрымаўшы адукацыю як на Усходзе, так і на Захадзе, заўсёды прагнуў скарыстаць веды на практыцы, зрабіць гэты свет лепшым.

 

Але ж тое не была бойка роўных і ён згарэў у ёй. І зараз мы пазбаўленыя ягонага важкага меркавання, мы згубілі сапраўднага беларуса і ў той жа час вельмі блізкага, па-дзіцячы непасрэднага і добрага сябра, якога мой сын заўсёды будзе ўзгадваць як “Дзядзку Сіла”...

 

Дэвід Марплз, ганаровы прафэсар, універсітэт Альберты (Канада)

 

Віталь быў рэдкім феноменам: абсалютна незалежны аналітык і навукоўца, які меў і веды, і здольнасць прапанаваць абгрунтаваны, арыгінальны і інфарматыўны аналіз сучаснай беларускай палітыкі. Ягоная заўчасная смерць летась стала велізарнай стратай не толькі для сям’і і сяброў, але і для сьвету: ён быў чалавекам неверагоднай глябіні, чалавечнасці і мудрасці.

 

***

 

Ідэі Віталя не губляюць актуальнасці. Ён лепш за астатніх разумеў неабходнасць захавання сувязяў з Еўропай на розных узроўнях. У ягоных выказваннях прасочваецца думка, што Беларусь не такая маналітная, як падаецца большасці замежных медыяў, хаця ён яўна прадбачыў, што шлях наперад быў у падрыве любым магчымым чынам “прэзідэнцкай вертыкалі” і лічыў Беларусь дыктатурай (хоць гэтае слова і можа трактавацца па-рознаму).

 

Адна з магчымых перасцярогаў, якая вынікае са сверджанняў вышэй, тое, што ад прэзідэнцкіх выбараў 2010 прыватызацыя ў краіне праводзіцца ва ўмовах сур’ёзнага эканамічнага крызісу (які неадкладна патрабуе замежных крэдытаў) - і толькі ў адным накірунку, тобок, расейскія кампаніі маюць больш-менш эксклюзіўнае “першаснае права” набываць каштоўныя беларускія прадпрыемствы альбо праводзіць з імі зліцці. Гэта было адной з умоваў леташняга крэдыту ў 3,5 мільярды даляраў ад Еўразійскага эканамічнага саюза.

 

Таму лагічнай задачай для Еўразвяза, калі кіравацца парадамі Віталя, ёсць пошук выйсця з цяперашняга тупіку ў стасунках з Мінскам дзеля таго, каб мець магчымасць браць удзел у будучай прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Аслабленне эканамічнай моцы рэжыму прывядзе, як меркаваў Віталь, да аслабленне і палітычнай моцы, што будзе мець вынікам больш плюралістычнае і менш абсалютысцкае грамадзтва.

 

***

 

Узгадваючы Віталя

 

Першы раз мы сустрэліся з Віталём на канфэрэнцыі ў Баце, Англія, у 1999. Тое была, бадай, першая вялікая канферэнцыя, прысвечаная Беларусі, у заходняй краіне. Там Сіліцкі перакладаў для сацыёлага Дэвіда Ротмана. Стоячы перад трыбунай, Віталь засланяў сабой і так невысокага выступоўцу. У пэўны момант нехта з прысутных нават папрасіў Віталя пасунуцца, каб можна было бачыць спікера.

 

Нашая наступная выпадковая сустрэча адбылася ў мінскім метро. Віталь нечакана з’явіўся ззаду і вітаў мяне так, нібыта я быў ягоным старым сябрам, якога ён даўно не бачыў. Эрудзіраваны, яскравы і вельмі чалавечны, падавалася, ён і літаральна, і ў пераносным сэнсе “большы за само жыццё”. Здавалася, ён ведаў усё ў беларускай сталіцы, і пазней знаёміў мяне з рознымі амбасадарамі і навукоўцамі ў сваёй улюблёнай кавярні, якае мае назоў, што вельмі пасуе для такога касмапаліта, як Віталь - “News Café” на вуліцы Карла Маркса.

 

Віталь быў выключна абаяльным і пацешным чалавекам. Аднойчы я бачыў, як ён спіць падчас панэлі на канферэнцыі ва ўніверсітэце Лазарскага (Варшава). Пасьля ён адмаўляў тое, што спаў, нягледзячы на факт, што ягоны храп быў чутны падчас выступаў. Як высветлілася, напярэдадні ён сацыялізаваўся ў Старым горадзе да трэцяй ночы. Рэдка ён мог упусціць магчымасць абмеркаваць палітычныя справы з сябрамі з далёкага ці блізкага замежжа. Тэрмін “публічны інтэлектуал” пасуе да яго найлепшым чынам. Хаця праца была самай вялікай ягонай жарсцю, і ён быў выбітным аналітыкам, свабодным ад якіхсці палітычных сімпатыяў альбо моцных пачуццяў, Віталь заўсёды быў у сугуччы з поп-культарай. Ягоным захапленнем быў ангельскі футбольны клуб Ліверпуль, ён сачыў за ягонымі поспехамі здалёк ці па тэлівізары так прагна, як ніякі іншы заўзятар. Гэта сімбалічна для ягонай шырокай, а часам і складанай асобы і вялікага колу інтарэсаў. Кожны з тых, хто хоць раз сустракаў Віталя Сіліцкага, ужо ніколі яго не забудзе. І мала хто заслугоўвае лепшай эпітафіі.

 

Павал Данэйка, дырэктар БЕРОКа

 

Мы пазнаёміліся з Віталём, калі той быў яшчэ студэнтам і з’явіўся ў офісе Інстытута прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту. Пачалі камунікаваць – і наш дыялог ніколі не прыпыняўся.

 

Калі прыйшоў час вырашаць, хто стане першым дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, Віталь якраз скончыў навучанне і вярнуўся са Стэндфардзкага ўніверсітэту. Спачатку мы шукалі замежніка, але знайшлі беларуса заходняга мыслення ў асобе Віталя Сіліцкага – неверагодна ўдалае спалучэнне прафэсіяналізму, энтузіязму і місіянерства.

 

Віталь прадэманстраваў надзвычайны ўзровень акадэмічнай аналітыкі. Да яго аналітыка ў Беларусі існавала альбо як эсэістыка, альбо мела ідэалагічную прыроду. Што моцна адрозніваецца ад сапраўднага навуковага даследвання, бо адказы відавочныя ўжо адпачатку. Віталь прыцягнуў і згуртаваў вакол сябе новых экспертаў. Гэтыя спецыялісты зараз маюць разуменне і здольнасці прэзентаваць свае даследванні на міжнародным узроўні. Гэта новае экспертнае кола.

 

Віталь быў першым, хто, атрымаўшы доктарскую ступень, вярнуўся жыць і працаваць у Беларусі. Цяпер такіх як ён ужо некалькі, і не толькі ў паліталогіі, таксама і ў эканоміцы. Гэта ўжо няспынны працэс, хаця ягоная інтэнсіўнасць залежная ад многіх фактараў, напрыклад, пасля 19снежня 2010, некаторыя навукоўцы перадумалі вяртацца.

 

Віталь у мяне асацыюецца з няспыннай плыняй, ён заўсёды быў у пошуку, у дыялогу. Сіліцкі стаў першым беларускім аналітыкам сапраўднага заходняга ўзроўню.

 

...

 

Кірыл Коктыш, дацэнт Маскоўскога дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў

 

Віталь Сіліцкі. Мой добры сябра.

 

Выбітны і прызнаны навуковец, здольны наперадузята разгледзець любы паварот беларускага палітычнага віру, і па беларускай звычцы знайсці нешта для абапоры нават у самай безнадзейнай багне. І знайсці так, каб гэта працавала!

 

Таленавіты адміністратар, пад эгідай БІССу здолейшы распачаць працэс аб’яднання беларускіх інтэлектуалаў.

 

Беларус, сваё жыццё без астатку спаліўшы ў надзее на лепшую долю для Радзімы.

 

Сіліцкі ўжо назаўжды застаўся ў гісторыі станаўлення беларускай грамадскай думкі сучаснаці. Але засталася ня толькі гісторыя – засталіся і яго мары, якія прагнуць увасаблення. Гэта жывая яго частка, бо гэта і нашыя мары – бо больш за ўсё Віталь прагнуў суб’ектнасці Беларусі ў сусветнай палітыке, і чалавечай цеплыні і пачуцця годнасці як безумоўнай нормы хатняй беларускай культуры і палітыкі. І таму верыцца, што гэтыя мары проста не могуць не спраўдзіцца, і што кожны, па меры сіл сваіх, будзе ім спрыяць.

 

Светлая памяць Віталю!