Тысячу дзвесце кіламетраў мяжы з Еўразвязам. Але каб трапіць на той бок – патрэбная віза. Атрымаць жа яе не надта проста: акрамя збору неабходных дакументаў, стаяння ў чэргах, трэба яшчэ заплаціць і немалую суму – шэсцьдзесят еўраў. Перамовы ж аб спрашчэнні візавага рэжыму ніяк не пачнуцца. Пра перспектывы візавага дыялогу Беларусі з Еўразвязам эксперты дыскутавалі сёння ў Менску.
Беларусы абсалютныя лідары ў свеце паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў. Летась іх лік сягнуў амаль 700 тысячаў, на 113 тысячаў больш, чым годам раней. Амаль палова з іх – з правам шматразовага ўезду.
РАДОЛЬФ РЫШАР, ПРАДСТАЎНІЦТВА ЕЗ У БЕЛАРУСІ:
«Ёсць пэўны давер да беларускага насельніцтва, таму яны найбольш атрымліваюць бясплатных візаў, шмат шматразовых візаў атрымліваюць».
Пацвярджае гэта і невялікая колькасць адмоваў – усяго 0,5 %. Але плоцім мы за візы найбольш у рэгіёне. І Расея, і Украіна, і Малдова падпісалі з Еўразвязам дамову аб спрошчаным візавым рэжыме. Іх грамадзяне могуць плаціць усяго 35 еўраў, а не як мы – 60, а неўзабаве прычакаюць і бязвізавых паездак.
ІРЫНА СУШКО, ГА «ЕЎРОПА БЕЗ БАР’ЕРАЎ», УКРАІНА:
«Украіна ў 2010 г. атрымала план дзеянняў дзеля візавай лібералізацыі, якая прадугледжвае выкананне тэхнічных крытэраў, а іх больш за 50 у самых розных кірунках дзяржаўнай палітыкі. Калі Еўразвяз палічыць выкананне гэтых рэформаў якасным і паспяховым, можа быць разгледжанае пытанне аб тым, каб украінцы атрымалі бязвізавы рэжым».
Сваім досведам украінскія эксперты дзяліліся падчас адмысловай дыскусіі, прысвечанай беларуска-еўразвязаўскаму візаваму дыялогу, якая прайшла ў Менску. Рада Еўропы запрасіла Беларусь да перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму яшчэ два гады таму. Але дагэтуль працэс гэтак і не рушыў.
АНДРЭЙ ЕЛІСЕЕЎ, АНАЛІТЫК BISS:
«Гэта робіць візавую праблему вельмі пякучай, бо Беларусь відавочна адстае ад усіх іншых краінаў «Усходняга партнёрства» і Расеі ў візавым пытанні ды рызыкуе стаць абсалютным аўтсайдарам у візавым пытанні праз некалькі гадоў, калі краіны рэгіёну прасунуцца да бязвізавага рэжыму з ЕЗ».
Патрэба ж у шэнгенскіх візах у Беларусі і цяпер незадаволеная, а само атрыманне дакументу – вельмі працаёмкае.