У падмаскоўным Дамадзедава загінуў чарговы беларускі гастарбайтар. Тыдзень таму такая ж звестка прыйшла з Ленінградскай вобласці. А колькасць працоўнай міграцыі з нашай краіны ў Расею толькі павялічваецца. Сведчанне таго – новыя звесткі Нацбанку. Летась сума прыватных пераводаў, атрыманых з-за мяжы грамадзянамі нашай краіны, наблізілася да 1 мільярда долараў.
Расейскія інтэрнэт-старонкі стракацяць прапановамі працы для беларусаў. Электрамантажнік – ад 1000 да 1700 долараў. За тыя ж самыя грошы – муляр ды кафельнік. Натуральна, для нашых суайчыннікаў сумы такія – вялікая спакуса, а таму і едуць за мяжу ўсё больш.
АНДРЭЙ ЕЛІСЕЕЎ, ПАЛІТОЛАГ: “Можна меркаваць, што сапраўды, сума большая і складае пад 1,5 мільярда, бо статыстыка і беларуская і расейская недаацэньвае колькасць беларускіх часовых мігрантаў, што працуюць у Расеі”.