Беларусы вельмі мала ведаюць пра ЕЗ і ягоныя праграмы. Апроч пытанняў пра геапалітычныя прыхільнасці, BISS даведаўся, што 86,2 % беларусаў нічога не ведаюць аб праграме ЕЗ “Усходняе партнёрства”, у якой бярэ ўдзел і Беларусь. Цікава, што сёлета гэтая лічба на 8 % большая, чымся ў 2010 годзе. Пра іншую ініцыятыву – “Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі” нічога не чулі ажно 95,4 % беларусаў.
Паводле Дзяніса Мельянцова, таксама цікавыя звесткі пра стаўленне беларусаў да санкцый, якія ЕЗ увёў у дачыненні Беларусі. Палова апытаных прызналася, што не ведае пра санкцыі наогул нічога. З тых, хто ведае, 40 % лічаць, што санкцыі ўвялі за тое, што Беларусь праводзіць незалежную палітыку. 36,8 % мяркуюць, што прычынаю санкцыяў сталі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. 14,3 % прычынаю ўвядзення санкцыяў назвалі фальсіфікацыю выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. А 13,4 % лічаць, што ЕЗ з дапамогаю такіх захадаў хоча змяніць уладу ў Беларусі.
Пры гэтым 58,9 % апытаных упэўненыя, што санкцыі ніяк не паўплываюць на палітыку ўладаў дзяржавы. 29,1 % мяркуюць, што санкцыі могуць паўплываць на ўлады Беларусі.