IV. МЕТАДАЛАГІЧНЫ ПРОФІЛЬ

кубік-рубік

Метадалагічным апірышчам для даследніцка-аналітычнай дзейнасці BISS з'яўляецца крытычны рацыяналізм.

У Беларусі ніколі сістэматычна не культывавалася метадалогія навук або філасофія навукі ў заходнім разуменні1. Практычна адсутнічае ў адукацыйных установах крытычнае мысленне як прадмет. Беларуская экспертная супольнасць мусіла выпрацоўваць свае метадалагічныя стандарты спантанна і сітуатыўна: падчас замежных стажыровак, праз кантакты з заходнімі калегамі і вучачыся з уласнага досведу. Адным з наступствам такога стану з'яўляецца «рутынізацыя» экспертных даследаванняў, гзн. аддаванне перавагі вузкаму набору найлепш засвоеных метадаў і нясхільнасць пераглядаць і ўдасканальваць метадалагічны інструментар.

BISS жадае быць не толькі аналітычным цэнтрам, але таксама асяродкам прыкладной метадалогіі. Цяперашняя каманда экспертаў складаецца з даследнікаў і даследніц з моцным метадалагічным бэкграўндам. 

У ходзе ажыццяўлення сваіх даследніцкіх і полісі-рэкамендацыйных задач BISS намераны працаваць у парадыгме крытычнага рацыяналізму. Адпаведна гэтай парадыгме, даследаванне – гэта разнавіднасць рашэння праблем (problem-solving). Галоўнымі рэсурсамі рашэння праблем у гэтым выпадку з'яўляюцца эмпірычныя дадзеныя і лагічная інтэрпрэтацыя.

Характэрнай рысай крытычнага рацыяналізму ёсць перакананне, што ніводзін метад у грамадскіх навуках не гарантуе абсалютна надзейнай веды і што задача даследніка – «адсеяць» найбольш праблемныя ў кагнітыўным плане рашэнні і пакінуць тыя, якія ў святле новых дадзеных і ранейшых ведаў самыя рэлевантныя. Такая пастаноўка справы кантрастуе з даволі распаўсюджанай у экспертным асяроддзі ўстаноўкай на даказванне. Доказ у строгім сэнсе гэтага слова немагчымы ў грамадскіх навуках, што звязана з «неэргадычнасцю» грамадскай рэчаіснасці.

У чым непамыснасць устаноўкі на даказванне, можна вобразна растлумачыць наступным чынам. Уявім сабе, што ў нейкім горадзе абавязвае ўстаноўка, што «праўдзівыя» дамы могуць быць толькі з золата. Паколькі на практыцы рэалізаваць такое патрабаванне немагчыма, а дамы будаваць трэба, будаўнікі і інжынеры будуць імкнуцца наяўныя ў іх матэрыялы абрабіць такім чынам, каб яны як мага больш нагадвалі золата.

У чым праблема? Праблема не ў тым, што такія будаўнікі не будуюць добрых дамоў (цалкам магчыма, што іх прадукты цалкам добрыя); праблема ў тым, што іх будаўнічы падыход вельмі неэканомны, паколькі шмат часу, энэргіі і рэсурсаў губляецца не на ўдасканальванне ўласна будаўнічага майстэрства, а на абслугоўванне імітацыі. Вось чаму рацыянальна-крытычны падыход, які прадугледжвае адмову ад устаноўкі на даказванне, у доўгатэрміновым плане больш прадуктыўны: ён вызваляе інтэлектуальныя, часавыя і фінансавыя рэсурсы на інавацыйнае развіванне метадалагічнага апарату (замест абслугоўвання ілюзіі даказанасці).

У межах гэтага нарысу абмяжуемся кароткімі тлумачэннямі асноўных рысаў нашага падыходу. Каб не ўводзіць зашмат тэхнічных тэрмінаў, некаторыя рэчы будуць патлумачаны вобразна.

(1) Прагматызм у дадзеным выпадку палягае ў падпарадкаванні даследніцкага прадпрыняцця логіцы выгадаў-і-затратаў. Для таго, каб прыняць разумнае рашэнне наконт таго, ці ісці ў лес па ягады, зусім неабавязкова наймаць брыгаду батанікаў, каб даследавалі гэты лес. Тут дастатковай можа быць адносная імавернасць, абапертая, напрыклад, на спантанным апытанні тых, хто хадзілі ў лес. Нешта падобнае ў выпадку грамадскіх навук: задача не ў тым, каб «любой цаной» здабыць максімум ведаў з максімальнай імавернасцю, а каб затраты на здабыццё дадзеных ведаў з дадзенай імавернасцю не былі большымі за выгады ад такіх ведаў.

(2) Праблемацэнтрызм. У асяроддзі метадолагаў добра вядомы адзін анегдот. Адзін чалавек уначы згубіў ключы ад кватэры і пайшоў шукаць іх пад вулічным ліхтаром. У яго пытаюць: «А чаму ты вырашыў шукаць іх пад ліхтаром, замест таго, каб прайсціся па тых месцах, дзе ты сапраўды быў?» Ён у адказ: «Як чаму? Дык тут жа святлей!».

Падобная недарэчнасць здараецца ў выпадку даследаванняў. Некаторыя даследнікі абіраюць той ці іншы метад не таму, што ён найлепш падыходзіць да вырашэння дадзенай кагнітыўнай праблемы, а толькі таму, што гэты метад «правераны», «надзейны» або «прывычны». Пётр Штомпка (амерыканска-польскі метадолаг сацыялогіі) называе гэта «тэхнацэнтрызмам».

Процілегласцю тэхнацэнтрызму з'яўляецца праблемацэнтрызм і палягае ён у тым, што мы падбіраем метады пад праблемы, а не наадварот. Вяртаючыся да прыкладу з ключамі, можна сказаць, што праблемацэнтрыст – гэта той, хто, згубіўшы ключы, аддасць перавагу кішэннаму ліхтарыку, але пройдзецца тымі дарогамі, дзе ён сапраўды хадзіў, замест кружляць вакол вулічнага ліхтара, нягледзячы на тое, што апошні нашмат лепш асвятляе прастору вакол сябе, чым кішэнны ліхтарык.

(3) Прыярытэтнасць кантэксту абгрунтавання. Існуюць два падыходы ў справе таго, як атрымаць надзейныя веды. Некаторыя кажуць, што для таго, каб атрымаць такія веды, патрэбны пэўны алгарытм, пакрокавая інструкцыя. Лічыцца, што, калі яе паслядоўна будзем прытрымлівацца, то гэта дасць надзейныя веды.

Іншыя кажуць, што спробы знайсці такі алгарытм – гэта пусты занятак і заяўляюць, што для таго, каб веды былі надзейнымі, яны павінны быць інтэрсуб'ектыўна правяральнымі, падчас як шлях іх здабыцця менш важны або ўвогуле няважны2. Першы вядомы як «падыход кантэксту адкрыцця», а другі – як «падыход кантэксту абгрунтавання»3. Крытычны рацыяналізм прытрымліваецца другога падыходу.

Адным з важных наступстваў аддавання перавагі кантэксту абгрунтавання ёсць прызнанне, што спосаб здабыцця эмпірычных дадзеных ёсць абшарам крэатыўнасці. Даследчыкі свабодныя ў тым, як, калі і дзе здабываць дадзеныя. Істотна тут тое, наколькі гэтыя дадзеныя рэлевантныя для вырашэння наяўных кагнітыўных праблемаў.

(4) Аб'ектывізм – гэта паняцце, вакол якога бытуе шмат непаразуменняў. У беларускай інтэлектуальнай прасторы вельмі папулярнае меркаванне, што аб'ектывізм – гэта спосаб маскіроўкі суб'ектыўных ідэй або палітычных памкненняў. Падрабязны аналіз гэтай пазіцыі і яе вытокаў можна знайсці ў манаграфіі Беларуская гуманістыка пасля постмадэрну4.

Без устаноўкі на аб'ектыўнае пазнанне ўсялякае даследніцкае прадпрыняцце губляе сэнс. Частка непаразуменняў можа адпасці, калі выяснім, у чым палягае прынцып аб'ектывізму (у кантэксце даследавання). Палягае ён у тым, што мы (а) прымаем як мага больш ясны крытэр правамоцнасці нейкае тэзы або ацэнкі; (б) паслядоўна стасуем гэты крытэр да ўсіх выпадкаў падобнага роду. Процілегласцю аб'ектывізму ёсць адвольнасць у ацэнках або цверджаннях, калі ацэнкі або цверджанні фармулюцца ad hoc, без папярэдне абдуманых і прынятых крытэраў.

(5) Логіка. Пачнем здалёк. Адной з найвялікшых вынаходак чалавецтва стала вынаходжанне грошай. Магчымасць ажыццяўляць абмен праз пасярэдніцтва ўмоўных прадметаў (грошай) стала ключавой перадумовай эканамічнага развіцця. І чым больш грамадства развіваецца эканамічна, тым больш яно інвестуе ва ўдаскальванне фінансавых сістэм. Нягледзячы на тое, што сучаснымі грашыма (банкнотамі, манетамі або біткойнамі) немагчыма ні наесціся, ні апрануцца, яны маюць неймаверную вартасць у якасці сродку абмену.

У даследніцкім абшары адпаведнікам фінансавай сістэмы з'яўляецца логіка. Дзясяткі тысяч эмпірычных дадзеных будзе пазбаўлена якой-кольвечы вартасці да той пары, пакуль мы не канвертуем гэтыя дадзеныя ў патрэбную для нас інфармацыю. А такая «канверсія» немагчыма без логікі. Логіка – гэта ўніверсальны «цэнтральны банк», які рэгулюе парадак «канверсіі»; прычым гэта вельмі паслядоўны і строгі банк, які не дапускае ніякай інфляцыі або маніпуляцыі.

Асноўны лагічны прынцып, які завецца peiorem partem, гучыць так: Высновы не могуць быць мацнейшымі за спасылкі. Гэта і ёсць «антыінфляцыйны закон», які абавязвае ў логіцы з часоў Арыстотэля, і да той пары, пакуль логіка будзе шанавацца ў даследніцкім працэсе, рост ведаў будзе не менш імклівым, чым эканамічны рост апошніх двух стагоддзяў. Дадаць трэба, што логіка дапускае рознага роду «пазыкі», гэта значыць дазваляе фармуляванне высноў, мацнейшых за спасылкі, але тады накладвае на іх аўтара абавязак публічна гэта прызнаць (напр. заявіць, што гэта ўсяго гіпотэза) і перагледзець такую выснову «па першым патрабаванні» ў выпадку з'яўлення новых фактаў.

Логіка – гэта таксама фактар эканоміі даследчыцкіх рэсурсаў. Шэрлак Холмс на базе вельмі скупога эмпірычнага матэрыялу (валасок, частка адзежы) можа рэканструяваць рэальныя падзеі і раскрыць злачынства, падчас як дэтэктыў з кепскай логікай не зможа гэтага зрабіць нават маючы ў распараджэнні дзясяткі рэчавых доказаў.

Можна таксама правесці паралель з баявым мастацтвам. Інвестыцыя ў засвойванне прыёмаў і тэхнік барацьбы мае большае значэнне, чым інвестыцыя ў «мускулатуру». Нешта падобнае ў даследчыцкім кантэксце. Інвестыцыя ў прадукаванне эмпірычных дадзеных («мускулатуру») без інвеставання ў метады іх лагічнай апрацоўкі («баявыя прыёмы») вядзе да паўстання празмерна затратных даследаванняў.

Хоць логіка ніколі не заменіць працы па збіранні эмпірычных дадзеных, яна з'яўляецца фактарам эканоміі рэсурсаў у тым сэнсе, што з яе дапамогай на базе малой колькасці дадзеных, здабытых з малымі затратамі, можна займець лепшыя даследніцкія рэзультаты, чым рэзультаты на базе вялікай колькасці дадзеных, здабытых з вялікімі затратамі, але пры няўмелым выкарыстанні логікі.

Вернемся яшчэ раз да аналогіі з грашыма. Тыя грамадствы, якія не хочуць інвеставаць у развіванне фінансавых сістэм, вымушаны застацца на ўзроўні збіральніцтва. Тыя даследчыцкія цэнтры, якія не хочуць інвеставаць у логіку, таксама вымушаны застацца на ўзроўні збіральніцтва... збіральніцтва эмпірычных дадзеных.

1 Больш на гэту тэму гл. Пётр Рудкоўскі. Беларуская гуманістыка пасля постмадэрну. Праблемы і перспектывы, ARCHE, 2016 (3), падраздзел 4.1.

2 Пар. Popper, Karl. The Logic of Scientific Discovery. London and New York: Routledge 2002. С. 7-8.

3 Salmon, Wesley C. et al. (eds). Introduction to the Philosophy of Science. Indianapolis/Cambridge; Hackett Publishing Company 1992. С. 143-145.

4 Пётр Рудкоўскі. Беларуская гуманістыка пасля постмадэрну. Праблемы і перспектывы, ARCHE, 2016 (3), падраздзелы 5.3, 5.7, 7.7.

Адобрана Радай BISS у красавіку 2019 года

ліпень 14, 2020
105
6
min read