Плагіят сярод беларускіх студэнтаў — прычыны, наступствы, спосабы рашэння

Марьян Блан

ВНУ павінны перадусім вучыць студэнтаў крытычнаму мысленню і напісанню акадэмічных працаў.

У сучаснай акадэмічнай дыдактыцы, усё большы і большы націск робіцца на пісьмовых заданнях, асабліва даследніцкіх эсэ. Без сумневу, гэта адзін з найлепшых спосабаў азнаёміць студэнтаў з канкрэтнымі тэмамі і развіваць крытычнае мысленне. З іншага боку, пісьмовыя заданні надзвычай падатлівыя на розныя нядобрасумленныя практыкі, спасярод якіх найбольш яскравым з’яўляецца плагіят.

З кастрычніка 2018 г. па красавік 2019 аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), пры партнёрскай падтрымцы Цэнтра Астрагорскага, праводзілі даследаванне пад назвай «Плагіят сярод беларускіх студэнтаў: прычыны, наступствы, спосабы рашэння». Прэзентуем вашай увазе вынікі гэтага даследавання.

Асноўныя тэзісы

  • Прынамсі 50% беларускіх студэнтаў займаюцца плагіятам. Яны здзяйсняюць усе віды плагіяту, з якіх кампіляцыя і копіпаст найбольш распаўсюджаныя. Вельмі імаверна, што значная частка беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах заходняга тыпу, таксама прыбягаюць да плагіяту.
  • У беларускай акадэмічнай сістэме шырока распаўсюджана таларантнае стаўленне да плагіяту. Выкладчыкі вельмі паблажлівыя ў справе пакарання за плагіят.
  • Няма курсаў крытычнага мыслення або/і акадэмічнага пісання, якія б давалі магчымасць студэнтам пазнаёміцца з прынцыпамі пошуку і перапрацоўкі інфармацыі. Існуючая сістэма патрабуе, каб студэнты выконвалі шмат пісьмовых працаў, але не дае ім інструментаў для выканання гэтых прац адпаведным чынам. Гэта — галоўны фактар распаўсюджанасці плагіяту.
  • Іншыя фактары плагіяту: адсутнасць ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння “АнтыПлагіят” у распараджэнні выкладчыкаў, перанагрузка студэнтаў і выкладчыкаў, нізкія заробкі выкладчыкаў, а таксама слабасць акадэмічнай этыкі ў Беларусі.

Рэкамендацыі

  • Вучыць студэнтаў крытычнаму мысленню і пісанню акадэмічных працаў. Важна даць студэнтам інструменты, з дапамогай якіх яны могуць выконваць пісьмовыя заданні. Ніякія іншыя захады не будуць працаваць, калі гэты элемент ігнаруецца. Беларускія студэнты, якія чыняць плагіят, з’яўляюцца не толькі «вінаваўцамі», але і «ахвярамі»: калі яны не мелі за сабой трэнінгу па акадэмічным пісьму або калі гэты трэнінг быў на нізкім узроўні, то як яны могуць паспяхова пісаць акадэмічныя працы? Як адзін з удзельнікаў інтэрв’ю трапна сказаў: «Варта адрозніваць цынізм ад недахопу ведаў. Трэба ўвесці адукацыйныя курсы для выкладчыкаў – як аналізаваць тэкст і выяўляць плагіят, для студэнтаў – як пісаць акадэмічныя працы».
  • Ствараць фінансавыя стымулы для барацьбы з плагіятам. Такія стымулы могуць быць як станоўчымі, так і адмоўнымі. Зацытуем аднаго з выкладчыкаў: «Выбарачная рэгулярная сістэма посткантролю: прызначаць і здымаць прэміі выкладчыкам адпаведна таму, хто прапусціў тэкст з плагіятам, а хто – не».
  • Выкарыстоўваць кампутарныя праграмы па выяўленні плагіяту, пажадана ліцэнзаваныя версіі. Пры гэтым варта памятаць, што гэтыя праграмы не могуць замяніць асабістую заангажаванасць выкладчыка. Антыплагіятныя праграмы не з’яўляюцца панацэяй. Як прыкмеціў адзін з апытваных выкладчыкаў: «Уводзіць антыплагіят[ныя праграмы] трэба, такім чынам можна было б да паловы плагіяту выявіць. Але толькі як дадатковы узровень да чалавечага кантролю».
  • Перагледзець нагрузку як выкладчыкаў, так студэнтаў. Выкладчыкам неабходна гарантаваць дастатковую колькасць часу і адпаведныя ўмовы для праверкі прац на прадмет плагіяту. У выпадку студэнтаў варта зменшыць аб’ём аўдыторных гадзін, каб даць больш часу для самастойнай працы. Па словах аднаго з выкладчыкаў, «студэнты перагружаныя парамі ў аўдыторыях, у іх няма часу рыхтаваць пісьмовыя працы».
  • Змагацца з плагіятам на ранніх этапах навучальнага працэсу. Калі маладыя людзі прывыкаюць да плагіяту ў сярэдняй школе, то пазней надзвычай цяжка выкараніць гэтую звычку. «Плагіят ідзе яшчэ са школы. Трэба больш строга правяраць сачыненні і пераказы».
  • Змяніць сістэму набору ў ВНУ. «Самае галоўнае – у ВНУ мусяць навучацца матываваныя студэнты, а не ўсе выпускнікі [школаў]», як прыкмеціў адзін з апытваных выкладчыкаў.
  • Не рубаць з пляча. Змагацца з плагіятам трэба, але гэта трэба рабіць  паступова і разважліва. Як прыкмеціў адзін з суразмоўцаў: «Трэба думаць аб наступствах жорсткіх мер». Проціяддзе не павінна быць больш атрутным за сам яд.