Стратэгічная культура Беларусі: балансаванне на жэрдцы

belarus

Алена Юрчанка*

Тэкст падрыхтаваны ў межах праекта "Стратэгічная культура краін свету"**, ініцыяванага ўкраінскім аналітычным цэнтрам «ADASTRA».Тэкст друкуецца з ласкавай згоды гэтага цэнтра.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня 2020 года, якія задумваліся ўладай проста як пераабранне дзейнага лідара на шосты тэрмін, скончыліся самым масавым пратэставым рухам за ўсю гісторыю незалежнай дзяржавы. Пытанні аб перспектывах паўтарэння «крымскага сцэнара», правамернасці прадастаўлення Расеяй ваеннага кантынгенту для «стабілізацыі сітуацыі», будучага палітычнага развіцця і фарміравання грамадзянскай супольнасці – ад самых актуальных да больш абстрактных і гіпатэтычных – абмяркоўваюцца сёння па ўсім свеце.

Стратэгічная культура ў тэорыі з’яўляецца трывалым канцэптам, які не змяняе сваіх параметраў пад уплывам маштабных антыўрадавых пратэстаў і ў духу «абмежаванай рацыянальнасці» вызначае знешнюю палітыку любой дзяржавы незалежна ад яе ладу і палітычнай кан’юнктуры. У прапанаваным тут артыкуле паспрабуем разабрацца са стратэгічнай культурай Беларусі.

Геаграфія як праклён і дабраславенне

Унікальнае геаграфічнае становішча Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды было вызначальным для фарміравання яе ідэнтычнасці і дзяржаўнага развіцця. Спачатку ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а пазней – Рэчы Паспалітай, беларускія землі былі памежнымі, а таму выконвалі абарончую функцыю. Такое ж значэнне яны захавалі і ў складзе Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года, хоць пагрозу цяпер чакалі з Захаду.

Пасля шэрагу нацыянальна-вызваленчых змаганняў адначасова некалькіх рухаў – беларускага, польскага і літоўскага, якія выступалі або за дзяржаўную незалежнасць, або за тэрыторыі сучаснай Беларусі як арганічны складнік ўласных нацыянальных праектаў, тэрыторыя былога Паўночна-Заходняга краю Расеі атрымала квазідзяржаўнае афармленне ў выглядзе БССР у складзе СССР, працягваючы існаваць у памежным модусе першага фарпоста на шляху ворага.

Толькі атрымаўшы дзяржаўную незалежнасць у 1991 годзе Беларусь, якая апынулася паміж глабальнымі «Захадам» і «Усходам», стала акцэнтаваць увагу на сваёй ролі як «скрыжаванні цывілізацый і культур», «вакна, якое адкрываецца ў абодва бакі» і «мастка» паміж магутнымі актарамі.

Зразумела, што такая геаграфічная дадзенасць мае для стратэгічнай культуры наступствы рознага характару. Перш за ўсё, культурная і цывілізацыйная амбівалентнасць дзяржавы маюць выключнае значэнне ў працэсе фарміравання яе ідэнтычнасці. Па-другое, памежнае становішча ў розных дзяржавах ператварыла Беларусь у першую лінію абароны і стрымлівання ворага, што вызначыла яе абарончы статус на стагоддзі. Па-трэцяе, дзяржава можа як эксплуатаваць патэнцыял хабу міжнароднага значэння, так і пакутаваць ад пагроз разнастайнага характару з розных напрамкаў.

Альтэрнатыўны сцэнар – выкарыстанне свайго памежнага статусу з пункту гледжання фізічнай геаграфіі і палітычнай арыентацыі для ўдзелу ў барацьбе двух палюсоў – «продаж» некаторых элементаў суверэнітэту або выбар пазіцыі, выгаднай аднаму з бакоў для максімальнай ўласнай выгады. Пасрэдніцкі патэнцыял такой пазіцыі таксама высокі. Невялікая тэрыторыя, абмежаваны дэмаграфічны і рэсурсны патэнцыял, сярэдзіннае між цэнтрамі сілы становішча абумовіла яшчэ адзін вызначальны для стратэгічнай культуры працэс – усе сілы, якія паспрыялі атрыманню беларусамі дзяржаўнасці або змене дзяржаўных межаў, як піша Дэйвід Марплс, амаль заўсёды былі знешнімі. Гэта справядліва як у дачыненні да працэсаў і падзей (напрыклад, рэвалюцыя 1917 года або Рыжскі мір 1921 года), так і ў дачыненні да актараў (Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, СССР – і адносна здабыцця тэрыторый, і атрымання незалежнасці пасля распаду). Гэтым вызначаюцца фундаментальныя для стратэгічнай культуры адчувальныя рэакцыі на змяненне міжнароднага асяроддзя і пастаянная патрэба ў магутным саюзніку, які мог бы даць гарантыі бяспекі.

Першы страчаны Брэст

Цімаці Снайдэр у сваёй кнізе «Рэканструкцыя нацый» піша пра тое, што беларускі кейс з’яўляецца прыкладам так званай «этнічнай групы» – папярэдніка сапраўды мадэрнай нацыі, які дагэтуль не знайшоў у мінулым падмурка для стварэння сучаснай нацыі на мадэрных пачатках. Адкуль такое сцвярджэнне і наколькі яно справядлівае?

Перш за ўсё, сучасная тэрыторыя Беларусі, якая папярэдне належала Полацкаму княству і ганарылася адноснай аўтаноміяй ад Кіева ў выніку «аксамітнай экспансіі» стала часткай Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, якое на практыцы ўключала літоўскае палітычнае лідарства, беларускія і ўкраінскія тэрыторыі як аснову дзяржавы, праваслаўе як галоўную рэлігію, рускую мову (украінцы лічаць яе стараўкраінскай, а беларусы – протабеларускай) як інструмент справаводства і юрыдычныя помнікі Кіеўскай Русі-Украіны як крыніцу судаводства. Люблінская унія 1569 года ўтварыла раннемадэрную дзяржаву – Рэч Паспалітую, дзе кожная частка валодала вызначаным аб’ёмам суверэнітэту, а галоўнае – грамадзяне ідэнтыфікавалі сябе па прынцыпе, сфармуляваным Станіславам Арыхоўскім-Раксаланам – «роду рускага, нацыі польскай».

Гэты спецыфічны тып ідэнтычнасці, які мы называем раннемадэрным, дазваляе па веравызнанні належаць да, скажам, уніяцтва, па этнічным паходжанні быць «русінам», а палітычную вернасць захоўваць Рэчы Паспалітай. Сучасны ж тып ідэнтычнасці прадугледжвае паслядоўнасць у палітычнай, нацыянальнай і моўнай ідэнтыфікацыі, у якой усе гэтыя характарыстыкі павінны быць аднакарэннымі словамі. Такім чынам, у ВКЛ перыяду яго росквіту мовай зносін была протабеларуская мова, як лічаць даследчыкі, мова, якая была выцесненая з публічнай прасторы падчас польскай культурнай экспансіі XVII-XVIII стагоддзяў, хоць і паслужыла для яе базай.

Выцясненне мовы з публічнай прасторы на руралістычны маргінэс з’яўляецца негатыўнай з’явай для будучага мадэрнага нацыяўтварэння, якое было сыходным працэсам. Калі гэтая ніша нацыянальнай асаблівасці была страчаная, то ў 1596 годзе з’явілася добрая магчымасць заняць рэлігійную нішу як канстытутыўную для беларускай ідэнтычнасці – стварэнне ў Брэсце ўніяцкай царквы, якая, па сутнасці, была кампрамісам дзвюх супрацьстаялых канфесій шляхецкай Рэспублікі, што мела выключнае значэнне для беларускіх зямель. Гэта добра відаць з гістарычнай рэтраспектывы – у 1795 годзе, калі адбываўся апошні падзел Рэчы Паспалітай, 4/5 сялян былога ВКЛ былі ўніятамі.

Аднак у 1839 годзе грэка-каталіцкую царкву на гэтых тэрыторыях паглынула Руская праваслаўная. Нягледзячы на тое, што ўніяцкая царква была створаная як інструмент паскоранай кааптацыі пераважна праваслаўнага насельніцтва ВКЛ пасля 1569 года, з цягам часу яна магла б стаць тым жа, чым грэка-каталіцкая царква была ў падаўстрыйскай Галіцыі для ўкраінцаў – ацэнтрам захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Большасць уніятаў перайшла ў праваслаўе, а 1596 год стаў першым «страчаным Брэстам» Беларусі – адабраная рэлігійная ідэнтычнасць у перыяд, калі яна была роўная нацыянальнай ідэнтыфікацыі, размыла контуры уласна беларускасці, якая зліліся з праваслаўнай айкуменай Расіі, пакідаючы яшчэ менш прасторы для пачуцця асаблівасці. Цяпер 70% насельніцтва рэспублікі лічаць сябе праваслаўнымі, і толькі 14,5% – каталікамі. Хоць барацьба з «опіюмам для народу» ў савецкія гады істотна знізіла значэнне рэлігіі ў грамадскай прасторы, нават Аляксандр Лукашэнка называў сябе «праваслаўным атэістам»: без адкрытага выканання асноўных рэлігійных абрадаў ён пагаджаецца на існаванне ў рамках каштоўнаснага і катэгарыяльнага апарата, зададзенага адзінай, па выразе Міколы Рабчука «православной уммой». Рэлігійнае сваяцтва з Расіяй з’яўляецца з погляду стратэгічнай культуры фундаментальнай перадумовай развіцця саюзніцкіх адносін.

Прыпозненае ўсведамленне

Тэрыторыі Заходняй Беларусі апынуліся пад расейскім скіпетрам пасля падзелаў Рэчы Паспалітай – і на гэтых землях адбылося як мінімум 3 маштабныя выступы за аднаўленне шляхецкай рэспублікі ў яе форме 1772 года. Выключнае значэнне сярод іх мае апошняе паўстанне, якое адбылося ў 1863-1864 гадах. Параза гэтага паўстання стала важнай для літоўскага і польскага нацыянальных рухаў, бо пазначыла правал ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай у яе старой форме і пераход інтэлігенцыі ад раннемадэрнага праекта фарміравання дзяржавы да сучасных нацыянальных праектаў – асобных польскай і літоўскай дзяржаў.

Самым яркім сімвалам гэтай няўдачы стаў лёс Канстанціна (Кастуся) Каліноўскага, польскамоўнага літвінскага шляхціца, які збіраў вакол сябе сялян, звяртаючыся да іх на беларускай мове – ён быў пакараны смерцю М. Мураўёвым, рускім пацыфікатарам паўстання, у Вільні. Калі палякі і літоўцы перайшлі да мадэрных праектаў, то беларусы ў гэтым сэнсе апынуліся за бортам пераходу ад «тутэйшасці» – уласцівай традыцыйнаму грамадству ідэнтыфікацыі ў вертыкальнай форме «я-цар-Бог» і прывязкі да пэўнага месца пражывання – да мадэрнасці, дзе ідэнтыфікацыя мае гарызантальны характар і адбываецца ў нацыянальнай дзяржаве, як правіла, пабудаванай па схеме «народ-мова-тэрыторыя». Беларуская інтэлігенцыя на паўстагоддзя спазнілася з канчатковай адмовай ад «залатога веку» ВКЛ і РП, і нават у 1918 годзе БНР імкнулася адрадзіць Федэрацыю народаў, якія у мінулым належалі да Рэчы Паспалітай.

Чаму гэта адбылося? Літоўскі працэс нацыястварэння сучаснага тыпу ўзначалілі прадстаўнікі невысокага сацыяльнага паходжання, якія параўнальна лёгка маглі адмовіцца ад спадчыны ВКЛ. У той час беларускія дзеячы занадта моцна засяродзіліся на адраджэнні аўтэнтычнай традыцыі продкаў і не маглі прыняць ідэю этнічнай Беларусі заснаванай на масавасці і мове. Па-другое, беларусы прагнулі дыстанцыявацца ад Расеі, карыстаючыся польскім алфавітам і правапісам, а беларуская мова, марфалагічна размешчаная паміж польскай і рускай, апынулася ў вельмі складанай сітуацыі. Па-трэцяе, беларускае нацыястварэнне на пачатку ўзначалілі польскамоўныя каталіцкія шляхцічы – рудымент рэчпаспалітоўскай эліты, накшталт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які быў перакананы, што для надання сялянскай беларускай гаворцы статусу мовы трэба перакладаць на яе вяршыні польскага мастацкага слова кшталту «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча і Яна Чачота, які перакладаў на польскую мову беларускія народныя песні і звычаі, адаптаваныя А. Міцкевічам у «Дзядах».

Польская мова як асноўная мова новай беларускай эліты згуляла злы жарт з працэсам стварэння нацыі: беларускі пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў канфіскаваны расейскімі ўладамі на падставе таго, што беларуская мова была перададзеная на пісьме лацінкай, польскім алфавітам. У такім спецыфічным фармаце беларускае друкаванае слова не магло з’явіцца ў Расеі да 1905 года, таму беларускае нацыянальнае адраджэнне магло адбывацца толькі ў далёкіх Кракаве, Вене і Познані. Францішак Багушэвіч выдаваў свае беларускія паэмы ў Кракаве на беларускай мове, але па нормах польскай арфаграфіі. Першая значная беларуская газета «Наша Ніва» (1909-1915) выходзіла як кірыліцай, так і лацінкай. Сёння Багушэвіч лічыцца бацькам беларускай літаратуры, але яго паэмы мелі абмежаваны ўплыў: у 1908 годзе расійскія ўлады забаранілі іх не праз мову напісання, а праз дарасейскую настальгію.

Цімаці Снайдэр вылучае яшчэ адзін парадаксальны фактар – аддзеленасць мае значэнне. Беларусы былі палітычна абмежаваныя Расейскай імперыяй і не маглі перасякаць межы для супрацоўніцтва з пасіянарнай палітычнай элітай, якая ўзначальвала б нацыянальныя беларускія рухі на тэрыторыі іншых дзяржаваў і ў больш ліберальных палітычных умовах прадукавала б літаратуру і ідэі для нацыянальнага беларускага адраджэння. Прыкладна такі кантраст мелі падаўстрыйская і падрасейская часткі Украіны ў XIX стагоддзі – інакш кажучы, Беларусь не мела свайго П’емонта, як і свайго Шаўчэнкі, дарэчы. Беларусы, якія з Кракава спрабавалі трымаць сувязь з Мінскам ці Гроднам, мелі мала мясцовых аднадумцаў або знікалі ў плыні польскага нацыянальнага руху. Моўнае пытанне ў Беларусі – яшчэ адзін пункт яе блізкасці з Расіяй: у 1991 годзе адзінай дзяржаўнай мовай у РБ была абвешчана беларуская, аднак ужо па выніках рэферэндуму 1995 года руская мова атрымала такі самы статус. Даклад МЗС РФ «Руская мова ў свеце» канстатуе, што, хоць толькі 15% насельніцтва Беларусі ідэнтыфікуюць сябе як рускія, сфера распаўсюджвання рускай мовы дасягае 80% грамадзян.

"Тутэйшыя"

Пасля 1863 года беларусы лічыліся часткай рускай нацыі. Параза паўстання 1863-1864 гадоў вылілася ў канчатковае афармленне заходнерусізму, заснавальнікам якога з’яўляецца Міхаіл Каяловіч. Сцвярджалася, што асобнага беларускага этнасу ніколі не існавала, гэта толькі «рукаў рускай нацыянальнай ракі» і частка «агульнай калыскі трох народаў», а беларуская мова – толькі гаворка, якая не патрабуе ўпарадкавання. У адміністрацыйна-тэрытарыяльным плане, беларускі, ці хутчэй «літвінскі» этнас (такой саманазвай карысталіся беларускамоўныя сяляне) належаў да Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, дзе пачаў паступова растварацца ў двух рэках у нераўнамернай прапорцыі – польскай і рускай. Недахоп сувязі паміж элітамі і масамі, знішчэнне рэлігіі як каталізатара этнічнай мабілізацыі, адсутнасць пісанай мовы і спецыфіка палітычных абставінаў прывялі да таго, што дзве рэлігіі – каталіцызм і праваслаўе – сталі вызначаць этнічную прыналежнасць па мадэлях “паляк-каталік» і «рускі-праваслаўны».

Найлепш гэтую сітуацыю перадаў Янка Купала ў сваёй п’есе «Тутэйшыя», напісанай у 1922 годзе і забароненай у савецкі перыяд. Дзеянне п’есы адбываецца ў Мінску ў перыяд 1914-1919 гадоў. З 15 герояў пастаноўкі 14 вызначаюць сябе як тутэйшыя, і толькі трое – Янка (сельскі настаўнік), Аленка, што знаходзіцца пад яго ўплывам, і яе бацька – Гарошка – лічаць сябе беларусамі. Усе астатнія героі не ўжываюць ўласнага этноніма або застаюцца нацыянальна індыферэнтнымі.

Асабліва яркімі з’яўляюцца вобразы двух камічных навукоўцаў, якія прамаўляюць аднолькавыя вердыкты ў дачыненні да Беларусі і яе народа на сваіх мовах. Рускамоўны ўсходні навуковец, апрануты ў касаваротку і боты і польскамоўны навуковец, што ўяўляе Захад і носіць кафтан і канфедэратку – трывіялізаваны вобраз абодвух народаў адначасова робіць гэтыя характары даступнымі і зразумелымі, намякаючы на спрашчэнне, якое ўчыняецца імі ж у адносінах да беларусаў. Што цікава, яны прамаўляюць свае прамовы на рускай і польскай, без перакладу – п’еса была напісана менавіта для беларусаў, якія інтуітыўна разумелі абедзве мовы. Абодва навукоўцы прыдзірліва аналізуюць адказы «самаабвешчанага» беларуса і запісваюць іх.

Беларус Янка ў адказ на пытанне аб прыродзе і палітычных межах рэгіёна адказвае: «Што ж, прырода наша, спадар навуковец, прыродная, ведаеце: у нас ёсць палі, лясы, горы і даліны, мы нават мелі наша ўласнае мора, але захопнікі перамяшалі яго з брудам, таму засталіся толькі Пінскія балоты. А што тычыцца межаў палітычных, то іх мы не маем, бо мы не маем уласнай палітыкі, таму далучаемся да палітыкі іншых».

Расійскі навуковец запісвае: «Прырода ў рускай паўночна-заходняй правінцыі (Паўночна-Заходнім краі) выдатная і квітнеючая; тут ёсць і пустыні, і водныя прасторы, яны нават мелі ўласнае мора, але ў сувязі з неспрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі з Захаду вышэйзгаданае мора ператварылася ў Пінскія балоты. Што тычыцца палітычных межаў, то яны ўспрымаюцца як туманныя. Усё ж здаецца, што існуе жаданне пашырыць іх на захад».

А польскі навуковец піша: «Прырода на польскіх усходніх ускраінах (усходніх крэсах польскіх) выдатная і квітнеючая; тут ёсць і пустыні, і водныя прасторы, яны нават мелі ўласнае мора, але ў сувязі з неспрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі з Усходу вышэйзгаданае мора ператварылася ў Пінскія балоты. Што тычыцца палітычных межаў, то яны ўспрымаюцца як туманныя. Усё ж здаецца, што існуе жаданне пашырыць іх на ўсход».

Безумоўна, Купала сатырай выяўляе доўгатэрміновую тэндэнцыю адсутнасці ўласна беларускага адказу на пасяганні больш моцных нацыяналізмаў, больш за тое, не проста рэакцыі, а яе праактыўнага характару, бо героі п’есы не знаходзяць лепшага рашэння, чым вярнуцца з горада ў вёску. З іншага боку, Беларусь выглядае ўкрыжаванай не толькі як ахвяра экзістэнцыйнай пагрозы з боку іншых нацыянальных праектаў, але і як разарваная паміж двума полюсамі цывілізацыйнага выбару – заходнім і расейскім.

Для беларусаў на ролю «the significant Other» як антыподу цяжка выбраць асобную нацыю, беручы пад увагу той факт, што русіфікацыю беларусы не ўспрымалі як пагрозу праз яе працягласць і пазітыўны вобраз сяброўства, сфармаваны ў савецкія часы. Называць такім антыподам і ўвасабленнем сацыятальных пагроз палякаў – неактуальна, бо іх можна прылічыць да ў цэлым глабальнага «Захаду», які ў рамках сумеснага расейска-беларускага ўспрымання пагроз уяўляе небяспеку славянска-праваслаўнай цывілізацыі (апошнім шанцам на выжыванне якой, як кажа беларускі лідэр, з’яўляецца Саюзная дзяржава). Тым не менш, у першыя гады беларускай незалежнасці прысутнасць пры ўладзе асобаў з каталіцка-польскім бэкграўндам, у прыватнасці Зянона Пазняка (аднаго з заснавальнікаў апазіцыйнага Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне»), выклікала страх у асноўным праваслаўнага насельніцтва: «калі б гэтыя палякі прыйшлі да ўлады, Пазняк ці хто яшчэ, нам цяжка прыйшлося б”.

Нягледзячы на прышчэпленую ў савецкія часы «пашпартную этнічную прыналежнасць» – 5 графа («нацыянальнасць») пашпарту кожнага савецкага грамадзяніна сцірала любыя перашкоды на шляху да самавызначэння, –

модус «тутэйшасці» быў настолькі трывалым у Беларусі, што Саламон Брук, савецкі эксперт па этналогіі, адзначаў, што нават у 1972 годзе на поўдні Беларусі частка насельніцтва вызначалі сябе як «тутэйшыя».

Другі страчаны Брэст

Расейская рэвалюцыя 1917 года адкрыла спускавы клапан рэк заваяваных нацыянальнасцяў. Ажыўленне беларускіх нацыянальных сіл у ліпені 1917 года прывяло да стварэння Цэнтральнай Рады, якая пасля кастрычніцкага перавароту трансфармавалася ў Вялікую Беларускую Раду і да сакавіка 1918 года не вырашалася прасіць ад імперскага ядра ў стане распаду чагосьці, акрамя аўтаноміі. Аднак Брэсцкі мір 1918 года паміж Цэнтральнымі дзяржавамі і УНР выліўся ў нямецкі наступ на ўсход, дзякуючы чаму двоеўладдзе ў Мінску было ліквідавана, а Трэцяй Устаўной граматай ад 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Выбраныя ёю нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі перанятыя ад ВКЛ і паказвалі выразную скіраванасць новай дзяржавы з часам хоць у канфедэратыўнай форме аднавіць раннемадэрную дзяржаву. Рэспубліка трымалася на ўласнай тэрыторыі да пачатку нямецкага адступлення ў лістападзе 1918 года, у сувязі з чым часта яе называюць толькі нямецкай выхадкай, аднак у выгнанні яна працягвала сваю дзейнасць нават пасля ўтварэння БССР.

У другі раз Брэст апынуўся прайграным праз аб’ектыўныя абставіны, а таксама тое, што нават пасля ўцёкаў ад бальшавіцкіх штыкоў БНР імкнулася да аднаўлення ВКЛ: у снежні 1918 года, перабраўшыся ў Вільню і увайшоўшы пад назвай Віленская Беларуская Рада ў Літоўскую Тарыбу, А. Луцкевіч і іншыя нацыянальныя лідары прапанавалі літоўцам канфедэрацыю – але тыя рашуча адмовілі. Тым не менш, Вільня заставалася для беларускага нацыянальнага руху «Беларускім Сіёнам» (З. Бядуля), «Крывіцкай Мекай» (У. Жылка) і сімвалам росквіту канфедэрацыі народаў. Парадокс заключаўся ў тым, што горад спрадвеку быў заселены ў асноўным палякамі і габрэямі, а яго наваколлі і ўся неўрбанізаваная Літва працягвалі гаварыць пераважна на протабеларускай мове.

Трэці страчаны і здабыты Брэст

Парадаксальна, але менавіта бальшавіцкая ўлада завяршыла штучным чынам стварэнне беларускай дзяржавы. Вядома, не па лякалах ВКЛ, аднак усё ж была ўтворана Беларуская ССР, якая спачатку ахоплівала толькі Менск з наваколлем, але пасля набыла больш шырокія тэрыторыі. На працягу кароткага перыяду існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, як толькі бальшавікі захапілі Вільню ў студзені 1919 года, але зусім хутка горад стаў часткай незалежнай Польшчы. Рыжскі мір 1921 года вярнуў Польшчы Заходнюю Беларусь і заклаў падставы для ідэі аб «выратаванні суайчыннікаў», што стогнуць пад польскім ярмом. У 1923, 1924, 1926 гадах тэрыторыя БССР пашырылася на ўсход, а палітыка карэнізацыі ў беларускім варыянце падарыла рэспубліцы ўласную Акадэмію навук, універсітэты, бібліятэкі, 4 тысячы школ з беларускай мовай выкладання. Тым не менш, у 1930-х гадах СССР вынішчыў створаную ім жа верхавіну беларускага грамадства ў Курапатах.

Аднак з савецкага перыяду гістарычнага развіцця сучасная Беларусь чэрпае дамінантную зараз ідэнтычнасць, якая прапануе сканцэнтраваную вакол падзей так званай «Вялікай Айчыннай вайны» мадэль, што ўключае гераічны этас, увасоблены ў барацьбе партызанскага руху, Брэсцкай крэпасці і г.д., а таксама этас віктымны, які ярчэй за ўсё ўвасоблены ў Хатынскай трагедыі. У цэлым жа канцэпцыя «Вялікай Айчыннай вайны», як і ў расійскім варыянце, прадугледжвае прыярытэт дзяржаўнай бяспекі над бяспекай індывіда, чаканні ад насельніцтва гатоўнасці ахвяраваць сабой дзеля радзімы, а таксама пануючы статус палітычных і ваенных нацыянальных інтарэсаў.

Брэсцкая крэпасць – рубеж савецкай абароны ў 1941 годзе, як і ўся Заходняя Беларусь ад Другой Рэчы Паспалітай, была перададзена БССР у 1939 годзе, пасля пакта Молатава-Рыбентропа і сумеснага нямецка-савецкага «пятага падзелу» Польшчы. Больш за тое, сумесны савецка-нямецкі парад, які ярка сведчыў аб актыўным супрацоўніцтве Масквы і Берліна на пачатку Другой сусветнай, таксама праходзіў тут. У 1941 годзе абарона крэпасці, якая працягвалася з 22 чэрвеня па 23 ліпеня, не ўчыніла значнай перашкоды прасоўванню армій групы «Цэнтр». У сталінскія часы пра яе не ўзгадвалі, а большая частка Цытадэлі была разабраная для адбудовы, аднак у рамках брэжнеўскага канструявання міфа аб «Вялікай Айчыннай вайне» памяць пра яе была наўмысна вынятая з водаў Леты. Атрымаўшы ў 1965 годзе статус крэпасці-героя, руіны сталі важнай часткай саюзнай прапаганды ў рамках агульнага міфа і лакальна – беларускай ідэнтычнасці. Іранічна, што арыгінальныя часткі сцен з надпісамі апошніх абаронцаў крэпасці («Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!») у свой час вывезлі ў Маскву ў склад экспазіцыі Цэнтральнага музея узброеных сіл (пазней у мемарыяле на месцы крэпасці ўсё ж зрабілі яе копію).

Прыкладна гэтак жа выглядае Беларуская Савецкая ідэнтычнасць: агульная форма – міф пра «Вялікую Айчынную», дзе Айчынай быў адзіны СССР у духу інтэрнацыяналізму, дагэтуль прысутнічае ў свядомасці незалежнай дзяржавы, тады як уся сутнасць і арыгінал гэтага – забраны Масквой, нават абломкі сцяны Брэсцкай цытадэлі, а калі капаць глыбей, то і этнанацыянальны складнік ідэнтычнасці ў рамках русіфікацыі яшчэ ў імператарскі перыяд. Лакальны выпадак гераізму Брэста не належыць толькі беларусам – ён павінен належаць усёй савецкай супольнасці, усім народам, якія змагаліся супраць нацызму, а асабліва – расійскаму як галоўнаму народу-пераможцу. Што застаецца Беларусі – статус самай спакутаванай Рэспублікі і эрзац сутнасці – на тым і стаяць. Тым не менш, у своеасаблівым сімвалічным комплексе, сканструяваным для гэтага артыкула, толькі патэнцыял «трэцяй страты Брэста» ў поўнай меры адлюстраваўся ў беларускай стратэгічнай культуры.

Вядомы і сімптаматычны для свайго часу фільм – «Ідзі і глядзі» 1985 года – для апошняга пакалення homo soveticus стаў інтэграваным увасабленнем перажытых БССР у гады вайны пакут. З дзевяцімільённай Рэспублікі ў 1941 годзе яна ў 1945 годзе ператварылася ў шасцімільённую, да таго ж, нацыянальны і сацыяльны ландшафт быў істотна зменены – Халакостам, этнічнымі чысткамі, карнымі і помслівымі акцыямі, партызанскай дзейнасцю і баявымі дзеяннямі. Састарэлы твар падлетка Флёра Гайшуна мільёны савецкіх людзей назаўжды будуць асацыяваць з «укрыжаванай Хатынню», апафеозам нацысцкіх зверстваў і пасіўна-ахвярным вобразам Беларусі.

Нельга не сказаць пра тое, што савецкая ўлада асабліва вылучыла толькі беларускую трагедыю зачысткі населеных пунктаў – нічога пра ўкраінскую Карукіўку альбо расійскую Хацунь ў СССР не было вядома. Параўнанне ахвяр і маштабаў зверстваў недапушчальнае – гэта яркая праява ахвярнага сіндрому, слепаты і адсутнасці эмпатыі да іншых ахвяр і імкненне зацвердзіцца ва ўласным віктымным модусе, аднак спекуляцыі адносна мільённых страт і ўскладанне віны за злачынствы да гэтага часу маюць месца ў беларускай рэальнасці.

Апісаная намі ідэя аб дылеме мнеманічнай бяспекі, якую перажывае Расія, уласцівая і Беларусі, праўда ў менш адкрытай форме. Той жа Брэст уключаны ў склад БССР пасля аддзялення тэрыторый ад Польшчы з’яўляецца сімвалам абароны новых поўных беларускіх межаў – цяпер не занадта падкрэсліваюць тое, што, калі б не кароткі нямецка-савецкі мядовы месяц, не відаць бы Менску гэтых тэрыторый. Што ўжо казаць аб значэнні памяці пра Другую Сусветную вайну, ці ж нямецка-савецкую вайну ў яе кантэксце ў форме міфа «Вялікай Айчыннай»: дзень незалежнасці Беларусь адзначае 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад войскаў Вермахта ў 1944 годзе ў рамках аперацыі «Баграціён». Гаворка не ідзе ні пра дзень абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце – 27 ліпеня 1990 года, ні аб канчатковай даце распаду СССР, тым больш аб памятных датах БНР.

Уласна беларускія элементы міфа аб «Вялікай Айчыннай вайне» маюць афектыўны патэнцыял для падтрымання сучасных беларуска-расійскіх адносін і выконваюць хутчэй ролю нязначных рэкамбінацый адзінай савецкай спадчыны, чыя мера дазваляе балансаваць паміж уласна беларускімі гераізмам і віктымнасцю і абсалютным уключэннем у расійскую гістарычную парадыгму. Гэты комплексны характар агульнай памяці аб “Великой Победе» займае заўважнае месца ў беларускай стратэгічнай культуры, што пацвярджаецца камемаратыўнымі практыкамі

Пятая дзея «Тутэйшыя»

Падзагаловак п’есы Янкі Купалы "Тутэйшыя", якая шырока цытавалася вышэй – «трагікамедыя ў 4 дзеях». На думку Рыгора Іофе, пятая дзея гэтай п’есы на велізарнай сцэне і з іншымі рэжысёрамі распачалася ў 1991 годзе без выразнага сцэнара і рэплік акцёраў, калі Беларусь атрымала незалежнасць з распадам СССР. Як удала выказаўся адзін з апазіцыйных калумністаў, зыходны набор беларускіх нацыянальных сімвалаў уключаў «Зуброўку» (алкагольны напой з выявай зубра з Белавежскай пушчы на этыкетцы), «Песняроў» (ВІА, папулярны ў савецкія часы), Віскулі (дзяржаўная рэзідэнцыя, у якой былі падпісаныя Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і стварэнні СНД) і партызанскі рух 1941–1944 гадоў.

На працягу кароткага перыяду 1991–1995 гадоў Беларусь паспрабавала вярнуцца да сімволікі і пазіцыянавання БНР з працягам еўрапейскай арыентацыі дзяржавы, аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе адбылося вяртанне да «лепшых» узораў Савецкай Беларусі. Ужо ў 1995 годзе было забаронена выкарыстанне падручнікаў, выдадзеных у названы перыяд і пачалася падрыхтоўка новых, якія прадугледжвалі нязначную мадыфікацыю савецкага мінулага ў духу трыадзінага братэрства праваслаўнай айкумены і міфаў «Вялікай Айчыннай» з маргінальнымі элементамі асобных дасавецкіх перыядаў. Такі тып ідэнтычнасці, як лічыць Наталля Лешчанка, выгадна падтрымліваць у кантэксце аўтарытарнасці рэжыму, бо амальгама этнічнай інклюзіўнасці, калектывісцкіх каштоўнасцяў, прыярытэту нацыі і дзяржавы, асуджэння індывідуалізму і нязгоды, грамадскага адзінства як асноўнай каштоўнасці – гэта атрыманыя ў спадчыну ад СССР транспаранты, якія забяспечвалі яго існаванне як таталітарнай дыктатуры і перакачавалі ў беларускую стратэгічную культуру.

Што ж з бел-чырвона-белай ідэнтычнасцю з гербам «Пагоня»? Яна засталася суцяшэннем для беларускай апазіцыі, якой адведзена даволі мала месца ў лукашэнкаўскай Беларусі. Хоць у 2010-х гадах намецілася паступовае ўключэнне асабліва станоўчых аспектаў літоўскага мінулага, накшталт фігуры князя Альгерда, магдэбургскага права і г.д., гэты тып ідэнтычнасці ўсё больш з’яўляецца сведчаннем таго, што беларускі мадэрны нацыянальны праект удаўся толькі для эліты, якая ім жыла. Апаненты гэтай еўрапейскай мадэлі часта спасылаюцца на той факт, што пры канстатаванні такой няўдачы навукоўцы думаюць заходнімі катэгорыямі нацыястварэння, не пакідаючы прасторы для выключнасці і асаблівасці спосабу гэтага працэсу.

«Мы, беларусы – мірныя людзі»

Першы радок афіцыйнага беларускага гімна – гэта адкрытая і праўдзівая дэкларацыя значэння сілы як рэгулятара бяспекі ў нацыянальнай стратэгічнай культуры. Памежнае геаграфічнае становішча, высокая ўразлівасць, сціплы дэмаграфічны і рэсурсны патэнцыял, ўсведамленне ўласнай няздольнасці аказаць важкі ўплыў на сітуацыю ў рэгіёне, а таксама патрэба ў падтрыманні мірнага іміджу дзеля выкарыстання пасрэдніцкага патэнцыялу абумоўліваюць такое стаўленне да жорсткай сілы.

Ваенная дактрына рэспублікі ў яе апошняй рэдакцыі 2016 года мае выключна абарончы характар і выразна абвяшчае, што Беларусь не ўспрымае любую дзяржаву або кааліцыю дзяржаў як ворагаў і апісвае ваенную абарону дзяржавы як галоўную задачу беларускіх узброеных сіл. Ранняя версія дактрыны ішла нават далей і абвяшчала забарону выкарыстання беларускіх узброеных сіл па-за тэрыторыяй дзяржавы, супраць чаго выступіла Арменія, справядліва ўбачыўшы ў такой дэкларацыі верагоднасць адмовы ад абавязкаў, узятых Мінскам на сябе ў адпаведнасці з устаноўчай дамовай АДКБ. Ваенная дактрына дазваляе ўдзел беларускіх узброеных сіл у міратворчых аперацыях пад эгідай ААН, і, хоць удзельнічаць у іх Беларусь стала толькі ў 2010 годзе пасля стварэння неабходных заканадаўчых рамак, салдаты рэспублікі ўжо неслі мір у Ліван у рамках UNIFIL. Цікава, што ваенная дактрына ўхваляе толькі міратворчыя аперацыі ААН, аднак не такія ж, скажам, пад эгідай АДКБ.

Беларусь - нейтральная дзяржава?

У 10-ым артыкуле Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі 27 ліпеня 1990 года быў абвешчаны намер ператварыць дзяржаву ў бяз’ядзерную і нейтральную. Пазней гэта артыкулявалася ў цэлым шэрагу дакументаў афіцыйнага характару – да прыкладу, «Пра асновы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» ад 2 кастрычніка 1991 года, а беларуская Канстытуцыя 1994 года ўстанавіла за мэту дасягненне статусу нейтральнай дзяржавы (Артыкул 18).

Нейтралітэт Мінска заставаўся фікцыяй у кантэксце стабільных саюзніцкіх адносін паміж Расіяй і Беларуссю і яе ўдзелам у АДКБ. Тым не менш, асобныя навукоўцы з канца 2000-х гавораць аб эфектыўнай рэалізацыі палітыкі нейтралітэту беларускім урадам, што стала вынікам шэрагу рашэнняў па ключавых пытаннях бяспекі. Варта адразу адзначыць, што гэтыя навукоўцы, безумоўна, не могуць дастасаваць беларускі кейс ў часткова рэгламентаваную юрыдычна канцэпцыю нейтралітэту, а наўзамен прапануюць такім называць выключна палітычныя практыкі прытрымлівання дзяржавай прынцыпу роўнааддаленасці ад палітычных і ваенных блокаў, бакоў канфлікту.

Беларусь пазбягала адкрытай падтрымкі расійскіх дзеянняў у «блізкім замежжы», накіраваных на перагляд атрыманых у спадчыну ад СССР межаў, але і не падтрымлівала расійскіх праціўнікаў, то бок старалася трымацца аднолькава дружалюбным чынам у дачыненні да абодвух бакоў. У выніку быў здзейснены шэраг захадаў, накіраваных на скарачэнне расійскага ўплыву ў беларускім сектары бяспекі і абароны. Нягледзячы на расійскія абвінавачванні ў «дрэйфаванні на Захад», рэспубліка адкрыта не асуджае расійскія дзеянні. Нягледзячы на гэта, казаць пра беларускі нейтралітэт як прызнаны і паслядоўны статус нельга – ad hoc рашэнні, што прымаюцца ў адказ на змяненне міжнароднага асяроддзя пад уплывам расійскага рэвізіянізму, якія носяць характар манеўраў у дазволеных выходнымі параметрамі рамках (існаванне ў рамках Саюзнай дзяржавы, напрыклад), не дазваляюць казаць аб канцэптуальна абгрунтаванай стратэгіі. Адпаведна,

ні Расія, ні Захад, ні бліжэйшыя суседзі падстаў для прызнання і ўспрымання Беларусі як нейтральнай краіны не бачаць і наўрад ці ў будучыні прызнаюць яе такой.

«Больш, чым Ізраіль для ЗША»

Як ужо было падрабязна апісана вышэй, падстаў для актыўнага расійска-беларускага партнёрства больш чым дастаткова: праваслаўе і мова, статус Расеі як культурнага донара, агульная спадчына савецкага перыяду, а таксама, што самае важнае – эканамічная залежнасць Беларусі ад Масквы на аснове гаспадарчых сувязяў, якія склаліся ў савецкі перыяд. Саюзная дзяржава як інтэграцыйны праект адрозніваецца выразнай асіметрыяй удзельнікаў у эканамічным і палітычным сэнсе, з чаго вынікае расійская настойлівасць на выкананні ролі лідэра ў працэсе інтэграцыі, што стварае ўражанне трапляння ў пастку ў выпадку завяршэння працэсу. Па выніку, усё гэта ўвасабляецца ў адкладанні або адмове рэалізоўваць на практыцы ўжо прынятыя пагадненні – у расейска-беларускім выпадку гэта «інтэграцыйны тупік». Пачынаючы з пагаднення 1995 года аб Мытным саюзе і Дамовы аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і завяршаючы падпісаннем у 1999 годзе Дамовы аб Саюзнай дзяржаве, расійска-беларускае гістарычнае яднанне дасягнула свайго апафеозу. Вядома, меркавалася стварэнне наднацыянальных урадавых структур і агульнага грамадзянства, бюджэту і валюты, органаў бяспекі і вайсковых органаў, але большая частка гэтага засталася на паперы. Аднак Беларусь усё ж з’яўляецца ўдзельнікам фактычна ўсіх інтэграцыйных праектаў пад расійскім пачаткам – ад СНД да АДКБ і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Па-першае, сама ідэя саюзнай дзяржавы была для Мінска і Масквы была важнейшай за працэс інтэграцыі – рыторыка такога характару мела стабільную грамадскую падтрымку, тады як абедзве дзяржавы і не мелі намеру рашуча перашкаджаць ўласнай інтэграцыі. У той жа час быў дасягнуты кансенсус па адчувальных ваенных пытаннях і праблемах бяспекі, а таксама эканамічнай падтрымкі з Масквы, прэферэнцыяльных тарыфаў на энерганосьбіты і гандлёвых схем. Па-другое, як сцвярджалі эксперты па расійскім канстытуцыйным праве яшчэ ў 2006 годзе, палова артыкулаў Дамовы аб Саюзнай дзяржаве меркавала б ўнясенне паправак у 11 з 137 артыкулаў Асноўнага закона РФ 1993 года.

Нарэшце, змена расейскага кіраўніцтва з Барыса Ельцына, які падтрымліваў такія праекты для выпраўлення ўласнага іміджа як разбуральніка СССР, на Уладзіміра Пуціна, які адмовіўся ад падтрымкі сумнеўных інтэграцыйных праектаў на шкоду расейскім нацыянальным інтарэсам, закрыў пэўныя расейскія вайсковыя базы за мяжой і спыніў фінансаванне краін з выразна антызаходняй рыторыкай. У 2002 годзе новы расійскі прэзідэнт паспяшаўся нагадаць, што беларуская эканоміка складае толькі 3% аб’ёму расійскай, адпаведна, беларускаму лідару намякнулі на тое, што лепшым варыянтам «інтэграцыі» з’яўляецца нямецкі сцэнар 1990-га года. На фоне такіх заяваў адбылося прыкметнае астуджэнне адносін.

Асіметрычная ўзаемазалежнасць мае таксічны для абедзвюх дзяржаў характар. Расія сапраўды мае патрэбу ў Беларусі як хаўрусніку з шэрагу прычын, такіх як утрыманне свайго ўплыву на постсавецкай прасторы – «блізкім замежжы», а таксама яе выключнага памежнага становішча з пункту гледжання супрацьстаяння з NATO, чыё пашырэнне з’яўляецца ключавой пагрозай расійскай нацыянальнай бяспецы. Беларусь размешчаная ў недапушчальнай блізкасці да так званага Сувалкскага калідора – вузкага ўчастка польска-літоўскай мяжы, які з’яўляецца адзінай наземнай прасторай, што злучае Эстонію, Літву і Латвію з Польшчай і іншымі чальцамі NATO, і адначасова служыць адзіным наземным шляхам паміж Калінінградскім эксклавам і асноўнай тэрыторыяй Расеі. У 2016 годзе NATO размясціла свае фарміраванні ў непасрэднай блізкасці да калідора ў якасці абарончага адказу з мэтай стрымлівання пагрозы расейскага нападу ў раёне Сувалкскага калідора і адразання доступу NATO да балтыйскіх дзяржаў. З іншага боку, ваенныя вучэнні «Захад-2017» з удзелам Расеі і Беларусі праводзіліся па сцэнары гіпатэтычнай атакі на Калінінградскую вобласць з боку трох дзяржаў. Улічваючы дадзеныя факты, магчымасць манеўравання і перакідання ваенных сіл праз Беларусь з’яўляецца крытычна важнай для Масквы. (Даведацца больш: "ахілесава пята" НАТА: пытанні абароны Сувалкскага калідора.)

Акрамя таго, Расія мае два стратэгічныя аб’екты ў Беларусі ў Ганцавічах (радыёлакацыйная станцыя «Волга») і Вілейцы (43-ы вузел сувязі ВМФ Расеі, які забяспечвае сувязь з атамнымі субмарынамі Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў). Абодва былі створаны згодна з палажэннем беларуска-расійскай дамовы ад студзеня 1995 года. У 2013-2015 гадах абмяркоўвалася пытанне стварэння расійскай авіябазы спачатку ў Лідзе, а затым – у Баранавічах, аднак у 2015 годзе ўрад Рэспублікі Беларусь паставіў пад сумнеў рэлевантнасць ініцыятывы з прычыны нерэнтабельнасці прысутнасці авіябазы ў Баранавічах і стварэння сур’ёзнага напружання ў рэгіёне ў палітычным плане.

Саюзная дзяржава таксама мае ўласную ваенную дактрыну – апошняя версія беларускім бокам была зацверджана ў 2017 годзе, тады як подпісу гаспадара Белакаменнай давялося чакаць да снежня 2018 года. Варыянт Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь 2016 года, як і дзеючая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі дзяржавы 2010 года ў цэлым структурна і змястоўна паўтараюць расійскія дакументы аналагічнага характару. Асаблівай рысай, аднак, з’яўляецца тое, што Беларусь устрымліваецца ад рэзкіх заяў і канкрэтыкі ў артыкуляванні пагроз – з уласных назваў у нацыянальных дакументах фігуруе толькі Расія, ды і то як саюзнік.

Беларусь з’яўляецца крытычна залежнай ад Расеі эканамічна, а апошняя ў рэспубліцы прымяняе старыя «саюзныя схемы і механізмы» – прэферэнцыйныя кошты на энерганосьбіты, ільготнае крэдытаванне і чаргаванне запуску і перакрыцця газавага вентыля. Расейска-беларускія стасункі развіваюць паводле цыклічнай схемы – перакрыццё вентыля – узаемная негатыўная рыторыка – усведамленне Беларуссю ўласнай залежнасці – вяртанне да зыходнага стану. У студзені 2004 года Газпрам на кароткі тэрмін спыніў падачу газу ў Беларусь пасля адмовы апошняй пагадзіцца на рост цаны з 30 да 50 даляраў ЗША за тысячу кубічных метраў. Падобнае адбывалася таксама ў 2007 і 2010 гадах. Акрамя таго, частымі ў гісторыі расійска-беларускіх адносін былі гандлёвыя войны, такія як «малочная» 2009 года. У адказ на такое «нацягванне струн беларускай душы» Лукашэнка звычайна выказваў праеўрапейскія погляды ці байкатаваў ключавыя расійскія знешнепалітычныя ініцыятывы – напрыклад, падпісанне Дамовы аб стварэнні калектыўных сіл хуткага рэагавання 2009 года ў рамках АДКБ і зацвярджэнне адзінага Мытнага кодэкса ў 2010 годзе.

Падзеі 2014 года – анэксія Крыма і расійска-ўкраінскі канфлікт паставіў Мінск у няпростае становішча, улічваючы ўстойлівае жаданне падтрымліваць сяброўскія стасункі з абодвума бакамі. Лукашэнка правёў сустрэчу з в.а. прэзідэнта Украіны А. Турчынавым у красавіку 2014 года ў Гомелі, а таксама дагэтуль не прызнаў Крым як суб’ект РФ, так сама як у 2008 годзе адмовіўся прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Відавочна, што такая пазіцыя натыкнулася на шквал крытыкі з боку расейскіх СМІ, адурманеных «Крымскай эйфарыяй» і п’яным паветрам «Рускай вясны», аднак вострыя вуглы былі згладжаны гатоўнасцю Лукашэнкі даць прастору для ўрэгулявання канфлікту – сустрэча Нармандскай чацвёркі прайшла ў Мінску ў лютым 2015 года, да таго ж, цяпер мы маем два пакеты Мінскіх дамоўленасцяў, на якія рэгулярна спасылаюцца пры абмеркаванні далейшага развіцця сітуацыі на Данбасе.

Мінск паспрабаваў максімальна выкарыстаць свой брокерскі патэнцыял у канфліктах Саюзнай дзяржавы – так, у снежні 2015 года Лукашэнка прапаноўваў пасярэдніцтва ў расійска-турэцкай напружанасці, выкліканай збітым на турэцка-сірыйскай мяжы Су-24. У беларуска-расійскім тандэме першая вырашыла гуляць ролю пасярэдніка паміж апошняй і яе апанентамі на міжнароднай арэне. Больш за тое, крызіс расійска-турэцкіх адносін не паўплываў на Мінск: прэзідэнт Беларусі дэманстратыўна наведаў у красавіку 2016 года саміт Арганізацыі Ісламскага Супрацоўніцтва ў Стамбуле. Беларускія дзеянні можна разглядаць як манеўры ў рамках абавязацельстваў (ці хутчэй неканкрэтызаваных аспектаў гэтых абавязацельстваў), узятых на сябе дзяржавай на працягу гадоў незалежнасці. Безумоўна, з 2010-х гадоў назіралася паступовае паслабленне расійскага эканамічнага ўплыву ў рэспубліцы, улічваючы санкцыйны ціск і агульную стагнацыю Масквы, а таксама актыўныя рэвізіянісцкія высілкі, якія здзяйсняе Белакаменная, што зусім не суадносіцца з жаданнем Беларусі не апынуцца ў ар’ергардзе пертурбатара міжнароднай сістэмы і ўтрымацца ад паглыблення свайго статусу «міжнароднай парыі».

Урэшце рэшт, Лукашэнка ў інтэрв’ю Аляксандру Праханаву ў чэрвені 2009 года параўнаў адносіны з Масквой з мадэллю амерыкана-ізраільскіх адносін, падкрэсліваючы, праўда, што Беларусь для Расеі мае большае значэнне, чым Ізраіль для ЗША.

Не Расеяй адзінай

Як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, ён ужо ў 1996 годзе абвясціў арыентацыю на шматвектарнасць. У другі раз гэтая ідэя выразна прагучала ў 2011 годзе з тлумачэннем гэтага тэрміна як «роўнай набліжанасці» да Усходу і Захаду і «інтэграцыі інтэграцый». Беларусь на світанку незалежнасці імкнулася да развіцця добрасуседскіх і партнёрскіх адносін ва ўсіх напрамках, аднак у 1997 годзе новы рэжым адмовіўся ад ратыфікацыі пагаднення аб партнёрстве з ЕС, пасля чаго адбыўся так званы «інцыдэнт у Драздах», а з канца 1990-х гадоў цэлы шэраг беларускіх чыноўнікаў сталі часткай еўрапейскага санкцыйнага спісу за парушэнне правоў чалавека і барацьбу з апазіцыяй гвалтоўнымі метадамі. У 2004 годзе рэспубліка была выключана з Еўрапейскай палітыкі суседства. Еўрапейскае супольнасць не прызнае вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, акрамя тых, якія адбыліся ў 1994 годзе.

Тым не менш, ЕС і Захад у цэлым імкнуцца ўзмоцніць незалежнасць Беларусі ад Расіі, у сувязі з чым любое адхіленне Мінска ад расійскай генеральнай лініі сустракае адабрэнне міжнароднай супольнасці – як вось з непрызнаннем Крыма або адмовай размясціць у Беларусі расійскую авіябазу. З прычыны пашырэння NATO патрэба ў функцыянальных адносінах з непасрэдным суседам была экзістэнцыяльнай. Нарэшце, нарматыўны парадак дня, які ўключае пытанні правоў чалавека і лібералізацыі беларускай палітычнай сістэмы, таксама мае выключнае значэнне. Не менш важным з’яўляецца пытанне эканамічнага супрацоўніцтва – хоць 50% беларускага экспарту і 40% імпарту звязаныя з Расіяй, у знешнегандлёвым балансе Рэспублікі ЕС займае 2 месца з 30% экспарту і 25% імпарту; асабліва актыўнымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца Германія, Нідэрланды, Італія, Бельгія, Літва, Польшча, Латвія, Чэхія.

Пацяпленне адносін ЕС і Беларусі ў 2015-2016 гадах адбылося на фоне пазіцыі апошняй па ключавых пытаннях – тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і гатоўнасці выступіць пасярэднікам ва ўрэгуляванні канфлікту. Адліга прывяла да значнага скарачэння аб’ёмаў санкцыйнага ціску на Беларусь, аднак апошняя не здзейсніла радыкальнага павароту на Захад, трымаючыся на роўным аддаленні ад палюсоў. 3 ліпеня 2018 года прэзідэнт заявіў, што Беларусь не будзе выбіраць паміж Захадам і Усходам, а выбірае незалежнасць, мір і партнёрства з іншымі дзяржавамі. З іншага боку, і ЕС не гатовы замяніць сабой той аб’ём партнёрства, які надаецца Беларусі Расеяй.

І не дыхатаміяй «Захад-Расія» адзінай – яшчэ ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі 2010 года Беларусь выступае як еўрапейская дзяржава ўсходняга тыпу цывілізацыі, якая не належыць ні да аднаго з цэнтраў сілы, імкнецца весці дыверсіфікаваную знешнюю палітыку, не арыентуючыся толькі на Расію і іншыя постсавецкія дзяржавы, а таксама на ЕС, Кітай, Індыю, В’етнам, Венесуэлу і Бразілію ў прыватнасці. Сяброўства з Каракасам абумоўлена імкненнем дыверсіфікаваць крыніцы набыцця энерганосьбітаў, а менавіта наладзіць пастаўкі з Венесуэлы праз балтыйскія дзяржавы і Украіну ў 2010-2012 гадах, што натыкнулася на жорсткую крытыку з боку Масквы як крок скіраваны на паслабленне газавай пятлі.

Лукашэнка абвяшчаў інтэнсіфікацыю беларуска-кітайскіх адносін ключавым прыярытэтам яшчэ на пачатку сваёй палітычнай кар’еры, а з 2005 года ідэя набыла новае гучанне, да таго ж, з надзеямі на шматвектарнае супрацоўніцтва. У 2005 годзе Мінск беспаспяхова імкнуўся атрымаць членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, відавочна, для збалансавання ўласнага ўдзелу ў інтэграцыйных праектах расійскага аўтарства, аднак толькі праз 10 гадоў набыў кансультатыўны статус. У 2010-х супрацоўніцтва з Кітаем асабліва інтэнсіўна развівалася ў ваенна-прамысловай сферы (іншымі партнёрамі выступілі таксама Украіна, Туркменістан, Пакістан і Азербайджан), а Мінск рашуча настроены не заставацца ў баку ад новага «Шаўковага шляху».

Такім чынам, якая ж стратэгічная культура Рэспублікі Беларусь? Нездарма значная частка артыкула прысвечана гістарычнаму развіццю беларускай ідэнтычнасці – як ключавая аснова стратэгічнай культуры ва ўмовах працяглага бездзяржаўнага існавання менавіта гэты параметр з’яўляецца асабліва важным у тлумачэнні таго, якую палітыку вядзе Мінск апошнія 29 гадоў. Акрамя геаграфічнай дадзенасці і іншых аб’ектыўных фактараў сацыяльна сканструяваная структура нацыянальнай ідэнтычнасці ў беларускім варыянце мае вельмі спецыфічную форму – яна вылучае толькі 70 гадоў гісторыі, праваслаўны і расійскі элемент, што ў цэлым мала нагадвае мадэрную нацыю. Тым не менш, адсутнасць нацыянальнай ідэнтычнасці ці праблемы з яе фарміраваннем таксама з’яўляюцца фактарамі ў стратэгічнай культуры.

Асноўнымі рысамі стратэгічнай культуры Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца:

  • Геаграфічная абумоўленасць: абмежаваная тэрыторыя, рэсурсная беднасць, памежнае становішча з’яўляюцца як самастойнымі параметрамі стратэгічнай культуры, так і дэтэрмінантамі шэрагу іншых рыс накшталт цывілізацыйнай і культурнай амбівалентнасці, ролі моста паміж глабальнымі «Захадам» і «Усходам», параўнальнай слабасці і абмежаванага ўплыву на рэгіянальную сітуацыю, адкрытасці да пагроз з усіх бакоў, пошука дадатковых гарантый бяспекі.

  • Гісторыя фарміравання сучаснай беларускай рэспублікі мае дзве версіі: еўрапейскую, якая гісторыю народа і яго росквіту шукае ў раннемадэрнай Рэчы Паспалітай, і савецкую, што ведае толькі створаную ў 1919 годзе БССР, а таксама ключавую ролю адводзіць падзеям Другой сусветнай вайны.

  • Няўдача рэалізацыі ўласна беларускага праекта мадэрнай нацыі, што з’яўляецца негатыўным момантам для стратэгічнай культуры. Гэта звязана з адсутнасцю асаблівай рэлігійнай нішы і ўліваннем у праваслаўе, адсутнасцю ўласна пісанай і упарадкавана ужыванай беларускай мовы да ХХ стагоддзя, сацыяльным і рэлігійным пазіцыянаваннем першых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія імкнуліся аднавіць ВКЛ.

  • Савецкі тып ідэнтычнасці адсылае да гераічнага і ахвярнага модуса, прыярытэту дзяржаўнай бяспекі над бяспекай індывіда, ўсёабдымнага этасу Радзімы як галоўнай каштоўнасці; разам з тым, дадзены канцэпт служыць афектыўным абгрунтаваннем для падтрымання расійска-беларускіх адносін на аснове агульнай «Вялікай перамогі”.

  • Руская мова, праваслаўе, руская культура як донар для беларускай, эканамічная залежнасць на аснове гаспадарчых сувязяў СССР, патрэба ў дадатковых гарантыях бяспекі прадвызначаюць прыярытэтнасць расійскага фактару ў беларускай знешняй палітыцы.

  • Роля саюзаў, альянсаў і кааліцый з’яўляецца важнай у беларускай стратэгічнай культуры як з пункту гледжання забеспячэння бяспекі, так і эфектыўнага вядзення знешняй палітыкі. Беларусь у сілу названых акалічнасцяў ключавым партнёрам лічыць Расію, фарміруючы з ёй Саюзную дзяржаву, а таксама ўдзельнічае ва ўсіх інтэграцыйных праектах пад маскоўскім кіраўніцтвам.

  • Значэнне сілы як рэгулятара бяспекі ў беларускай стратэгічнай культуры звужаецца да абарончага інструмента выключна для аховы нацыянальных межаў. Альтэрнатыўныя рэгулятары бяспекі традыцыйна маюць большае значэнне.

  • Унікальным параметрам беларускай стратэгічнай культуры з’яўляецца існаванне ў рамках Саюзнай дзяржавы з РФ, што прадугледжвае як фактычнае, так і гістарычна абумоўленае супольнае ўспрыманне пагроз, бачанне ключавых прыярытэтаў нацыянальнай бяспекі, каардынацыю знешняй палітыкі.

  • Нягледзячы на відавочны ухіл у расійскім напрамку, сярэдзіннае становішча задае ў стратэгічнай культуры параметр амбівалентнасці, што ў лепшым выпадку выяўляецца ў дыверсіфікацыі знешняй палітыкі, а ў горшым – у праблемах самаідэнтыфікацыі і выбару «меншага зла» сярод існуючых палюсоў.

  • Несфармаванасць мадэрнай беларускай ідэнтычнасці і асіметрычная ўзаемазалежнасць з Расіяй у стратэгічнай культуры служаць стрымліваючымі параметрамі, абцяжарваюць фарміраванне ўласна беларускіх нацыянальных інтарэсаў, выразнага пазіцыянавання на міжнароднай арэне, прагрэсіўнага і раўнамернага развіцця дзяржавы.

Такім чынам, Беларусь падобная да акрабата, які ідзе па жэрдцы і спрабуе жангляваць некалькімі мячыкамі, колькасць якіх час ад часу змяняецца. Яна балансуе на мяжы Захаду і Усходу, Расіі і ЕС, элементаў Савецкага міфа і літоўскай спадчыны, незалежнай дзяржавы і шасці дадатковых суб’ектаў РФ, самадастатковасці і залежнасці, прызнанага суб’екта міжнароднага права і парыі сучаснага свету. На гэтай жэрдцы вельмі лёгка спатыкнуцца, тым больш, што цяпер яна асабліва турбулентная.

* Алена Юрчанка - экспертка па стратэгічнай культуры аналітычнага цэнтра «ADASTRA»


** Ідэя праекта ADASTRA "Стратэгічная культура краін свету":

Вывучэнне знешнепалітычнай дзейнасці кожнай дзяржавы – гэта не толькі ацэнка бягучага стану двухбаковых і шматбаковых фарматаў супрацоўніцтва. Перш за ўсё гэта пошук адказаў на фундаментальныя пытанні аб вобразе мыслення і паводзінах дзяржавы, інструментары яе знешняй палітыкі і яе успрыманні ключавых для нацыянальнай бяспекі катэгорый – «бяспека», «вораг», «асяроддзе»,«пагроза».

Чаму пэўная дзяржава дзейнічае на міжнароднай арэне аднымі і тымі ж метадамі на працягу доўгага гістарычнага развіцця? Што вызначае ўспрыманне дзяржавай яе міжнароднага асяроддзя? Якім чынам фарміруецца стаўленне да іншых краін як да варожых або дружалюбных? Маштабны праект ADASTRA «Стратэгічная культура краін свету» шукае адказы на ўсе гэтыя пытанні, даследуючы знешнюю палітыку дзяржаў праз прызму іх стратэгічных культур.


Пераклад з украінскай - Якуб Дынько

кастрычнік 12, 2020
199
33
min read