VII. СТРАТЭГІЧНАЕ БАЧАННЕ

у

Беларусь будучыні павінна ўвасабляць каштоўнасці адкрытага грамадства і мець акрэсленую нацыянальную ідэнтычнасць.

Мы перакананы, што для Беларусі, яе грамадзянаў, а таксама ўсіх не-грамадзянаў, якія сутыкаюцца з Беларуссю, будзе лепш, калі Беларусь сфармуецца як адкрытае грамадства і адметная нацыя (АГАН).

Ідэал адкрытага грамадства быў апісаны ў раздзеле ІІІ. У гэтым месцы застаецца патлумачыць, што мы разумеем пад "адметнай нацыяй" і як яно суадносіцца з папярэднім ідэалам.

Пастулат адметнай нацыі найлепш будзе выкласці з дапамогай наступнага разумавання:

  1. Краіна можа існаваць або як суверэнная дзяржава, або як частка іншай дзяржавы.
  2. Суверэнная дзяржава можа існаваць або як агульнаграмадскі праект, або як персанальны/партыйны праект.
  3. Каб суверэнная дзяржава стала агульнаграмадскім праектам, яна павінна мець каштоўнасную тоеснасць, адрозную ад тоеснасці любой пануючай улады.
  4. Каб каштоўнасная тоеснасць эфектыўна легітымізавала дзяржаўны суверэнітэт дадзенай краіны, яна (тоеснасць) павінна быць унутрана кагерэнтнай і адрознай ад каштоўнаснай тоеснасці іншых дзяржаў.
  5. Беларусь павінна быць суверэннай дзяржавай у якасці агульнаграмадскага праекта з эфектыўнай каштоўнаснай легітымізацыяй.
  6. Паколькі (5), то беларуская дзяржава павінна мець каштоўнасную тоеснасць:
    • адрозную ад тоеснасці пануючай улады;
    • унутрана кагерэнтную;
    • адрозную ад каштоўнаснай тоеснасці іншых дзяржаў.
  7. Мець каштоўнасную тоеснасць у разуменні (6) азначае быць адметнай нацыяй.

На этапе абазначэння стратэгічнага бачання мы пакідаем адкрытым пытанне пра змест нацыянальнай тоеснасці. Няма адной-адзінай формулы нац-ідэнтычнасці. Якім чынам фармаваць нацыянальную тоеснасць – гэта рашэнне канкрэтных груп людзей.

Але ў гэтай сітуацыі пажадана ўзважыць «выгады» і «затраты» той ці іншай опцыі з разлікам на дзесяцігоддзі або нават стагоддзі. Затраты/выгады бываюць не толькі фінансавымі, але таксама кагнітыўнымі і камунікацыйнымі. Такога тыпу выгады/затраты могуць хавацца ў розных варыянтах нацыянальнай ідэнтычнасці.

Задача BISS палягае ў іх выяўленні і выпрацоўцы адпаведных рэкамендацый.

Адобрана Радай BISS у красавіку 2019 года
ліпень 17, 2020
54
1
min read