Cучасная тэма, падтрымка мабільных прыладаў, прыязнае і інклюзіўнае асяроддзе, зручны карыстальніцкі інтэрфейс - якія яшчэ плюсы новага сайта?
Шаноўнае спадарства,
Як вы ўжо заўважылі, BISS пераехаў на новы сайт. Мінімалістычны ў плане дызайну і багаты ў плане кантэнту гэты сайт - спадзяемся - будзе выдатным месцам інтэлектуальных сустрэч цягам бліжэйшых пяці-сямі гадоў.
Сярод іншых плюсаў новага сайта:
- сучасная тэма, якая адпавядае стандартам індустрыі;
- падтрымка мабільных прыладаў - сайт зручны для карыстання на любой прыладзе;
- прыязнае і інклюзіўнае асяроддзе: сайт распрацаваны адпаведна стандартам WAI-ARIA, што чыніць магчымым карыстанне ім асобамі з парушэннямі органаў зроку або апорна-рухальнага апарата;
- зручны карыстальніцкі інтэрфейс;
- удасканаленая разметка з HTML 5 і натыўная падтрымка ўводу дадзеных на мабільных прыладах.
У адрозненне ад старога сайта, дзе былі тры асобныя моўныя версіі, зараз мы прадугледжваем толькі дзве: аб'яднаная беларуска-руская і англійская. Гэта прадыктавана практычнымі меркаваннямі: няма патрэбы дубляваць беларускамоўныя тэксты па-руску і наадварот: лічым, што лепш будзе, калі засяродзімся на больш рэгулярным абнаўленнні англамоўнай версіі.
Мы распрацавалі таксама эканомную і зручную таксанамію нашых матэрыялаў. Экспертныя тэксты згрупаваны ў дзве базавыя катэгорыі: даследаванні (вынікі маштабнага і шматаспектнага вывучэння) і аналітыка (разбор асобнай тэмы, падзеі, трэнду).
У тэматычным плане матэрыялы будуць групавацца водле трох асноўных катэгорый, спасярод якіх "Каштоўнасці" і "Глабальнае" будуць сталымі, а трэцяя, у якую будуць трапляць матэрыялы пра бягучыя грамадска-палітычныя працэсы, будуць мець адпаведныя часовыя назвы, у цяперашні час гэта "Выбары-2020" і "Covid".
Сталай будзе таксама катэгорыя "Be Critical", дзе будуць змяшчацца адукацыйныя і аналітычныя матэрыялы, звязаныя з прасоўваннем навыкаў крытычнага мыслення ў Беларусі.
Гэта далёка не ўсе новаўвядзенні. Але вы самі зможаце азнаёміцца з імі, павандраваўшы па нашым сайце. Пра рознага роду хібы, недахопы або ідэі па ўдасканаленню, калі ласка, пішыце на адрас biss@belinstitute.com
Напрыканцы - галоўнае. Наш пераезд на новы сайт прыпаў на час тзв. выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, падчас якой праявіліся адны з найгоршых рысаў аўтарытарызму і адны з найлепшых рысаў грамадзянскай супольнасці. З аднаго боку, мы з'яўляемся сведкамі поўнага заняпаду электаральных працэдур - правілы ўстанаўліваюцца адным з гульцоў "на хаду" і ўвесь час змяняюцца (што ў сваю чаргу знамянуе разгубленасць гэтага гульца).
З другога боку, мы бачым уздым адвагі і салідарнасці, якая ахапіла самыя розныя - у тым ліку раней апалітычныя - сферы грамадства. Незалежна ад зыходу цяперашняй "выбарчай кампаніі" беларускае грамадства будзе рухацца ў напрамку дэмакратычных зменаў і эканамічных рэформаў.
Пераходзячы на новы сайт, мы публікуем новую канцэпцыю дзейнасці BISS. Канцэпцыя была распрацавана камандай і адобрана Радай вясной мінулага года, але яе актуальнасць падаецца асабліва яскравай цяпер, у перыяд інтэнсіфікацыі дыскусій пра Беларусь будучыні. У прапанаванай канцэпцыі, апроч канкрэтызацыі даследніцкай місіі інстытута, абазначана стратэгічнае бачанне для Беларусі, якую мы сфармулявалі як Адкрытае грамадства - адметная нацыя (АГАН).
Сціслая прэзентацыя новай канцэпцыі BISS месціцца ў рубрыцы "Місія".
Падрабязна - у адмысловых артыкулах, якія сабраны пад тэгам "Ідэя BISS".
Будзем рады вашым водгукам на тэму нашай новай канцэпцыі.
Заходзьце да нас, чытайце, глядзіце, дыскутуйце!
Пётр Рудкоўскі, дырэктар BISS
p.s. Стары сайт яшчэ доўгі час будзе даступны пад адрасам http://old.belinstitute.com/