Ільва Юхансан, еўракамісар па ўнутраных справах ЕС, кажа: «Я гатова прыняць меры ў напрамку прыпынення выдачы візаў для беларусаў у гэтай сітуацыі».
Маецца на ўвазе сітуацыя пранікнення нелегальных імігрантаў у ЕС з краін Азіі і Афрыкі, сітуацыя, якая была спароджана адным аўтарытарным рэжымам у парыве помсты дэмакратычнаму свету за падтрымку дэмакратычных памкненняў беларусаў. Але спадарыня Юхансан збіраецца «прадпрыняць меры» не супраць аўтарытарнага рэжыму, не супраць яго памагатых у Азіі і Афрыцы, і нават не супраць саміх нелегальных эмігрантаў, а... супраць беларусаў, якія жадаюць легальна трапіць у ЕС.
Гэта спадарыня Юхансан сказала сёння, 12 ліпеня 2021 года.
Чатыры месяцы таму, 19 сакавіка 2021 года тая ж самая спадарыня Юхансан з вялікім піетэтам вітала ўстанаўленне «Узнагароды імя Паўла Адамовіча» «за барацьбу з неталерантнасцю і ксенафобіяй». Падчас прамовы яна падкрэслівала, як гэта важна, што пры жыцці Павел Адамовіч між іншым актыўна змагаўся за правы бежанцаў, і як гэта важна працягваць дзейнічаць у такім жа духу.
І так, еўракамісар — дзвюма рукамі супраць ксенафобіі і за велікадушнасць да бежанцаў. Пытанне: як гэта суадносіцца з перакрыццём для беларусаў легальных механізмаў для выезду ў ЕС?
А вось выказванне спадарыні Юхансан з верасня 2020 года падчас дэбаты наконт міграцыі: «У нас шмат міграцыі ў ЕС, і яна [міграцыя] нам патрэбна, бо Еўропа старэе».
І так, міграцыя — гэта тое, што на думку спадарыні Юхансан, патрэбна ЕС. Ізноў лагічнае пытанне: як перакананне наконт важнасці міграцыі для ЕС стасуецца з намерам перакрыць легальныя каналы падарожжа ў ЕС для беларусаў?
Улічваючы мінулую палітычную рыторыку Ільвы Юхансан, а таксама яе ідэалагічную афіліцыяцыю («левае крыло сацыял-дэмакратыі», як яна сама сябе акрэслівае), выпадала б чакаць, што яна скажа адваротнае, нешта кшталту: «Давайце адкрыем шырэй дзверы і для імігрантаў з Азіі/Афрыкі, якія праз Беларусь хочуць трапіць у ЕС, і — яшчэ шырэй — для саміх беларусаў».
Але не.
Насуперак сваёй (дэклараванай) ідэалогіі і насуперак лейтматываў сваіх ранейшых выказванняў, спадарыня еўракамісар явіцца як прыхільніца будавання жалезнай заслоны, прычым нават не паміж ЕС і не-еўрапейцамі, а паміж ЕС і спрадвечна еўрапейскім народам — беларусамі.
Гатоў паспрачацца, што, заявіўшы пра намер перакрыць дарогу ў ЕС беларусам, спадарыня Юхансан перакусіць і ў наступным спічы пачне зноў палымяна бэсціць Польшчу і Вугоршчыну за іх «антыімігранцкую палітыку» і «ксенафобію».
Што ж тут можна сказаць. Два гады таму ў Вялікабрытаніі выйшаў падручнік Бена Бургіса пад назвай «Give Them an Argument. Logic for the Left» (Прадстаў для іх аргумент. Логіка для лявіцы). Вось гэты падручнік, бадай, і выпадае парэкамендаваць спадарыні Юхансан — ёй і некаторым яе ідэалагічным таварыш(к)ам.
Photo: European Parliament from EU - Hearings: Ylva Johansson (Sweden) Home affairs, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=82775022