Пратэсты - бессэнсоўныя?

Пратэсты супраць "паглыбленай інтэграцыі" - слушны ўздым ці выбух ірацыяналізму?

Калі б я верыў у рэінкарнацыю, то схільны быў бы лічыць, што многія беларускія эксперты і актывісты былі ў мінулымі жыцці... багамі. Так можна было б растлумачыць іх нястрымнае імкненне любой цаной любую порцыю ведаў ператварыць у "даказанае", "пэўнае", "бясспрэчнае", "усім даўно вядомае" ігд. 

Ёсць актывісты і частка экспертаў, якія лічаць, што трэба актыўна процідзейнічаць "анэксіі" з боку Расеі. І яны кажуць нешта кшталту: Быў Крым, Данбас, Абхазія, Асетыя, Прыднястроўе... значыць, намер Расеі анэктаваць Беларусь - справа пэўная.

Па-першае, ані пэўнасці ані нават значнай імавернасці названыя факты не даюць наконт намеру анэктавання. Па-другое, можна праводзіць акцыі супраць анэксіі і без наяўнасці значнай імавернасці (пра гэта - далей).

Ёсць эксперты, якія лічаць, што пратэсты супраць анэксіі - гэта ідыятызм, паколькі тэза пра намеры анэктаваць беспадстаўная. Я, дарэчы, згодзен з другой (але толькі другой) часткай гэтага меркавання. З маленькім, праўда, удакладненнем: імавернасць анэксіі ў найбліжэйшай будучыні вельмі нізкая. І гэта фактычна адзінае, што можа эксперт сказаць наконт геапалітычнай будучыні: сцвердзіць імавернасць (нізкая, сярэдняя, высокая). 

Калі хтось кажа: "Ведаю на 100%, што анэксіі не будзе" або "Ведаю на 100%, што анэксія будзе" - гэта значыць адно з двух: або гэты чалавек - анёл Гасподні, або што ён - шарлатан. На базе наяўных метадалогій немагчыма геапалітычныя працэсы прадказаць са 100-працэнтовай пэўнасцю.

Такім чынам, пытанне стаіць: ці ёсць сэнс арганізоўваць пратэсты супраць анэксіі ў сітуацыі нізкай яе імавернасці? Мой адказ: up to you. Я асабіста не схільны ісці на такія акцыі, але з разуменнем стаўлюся да тых, хто ўсё ж ідуць. 

Згодзен з тымі экспертамі, якія лічаць, што імавернасць анэксіі нізкая, але ніяк не магу зразумець таго высакамерна-грэблівага тону адносна тых, хто лічаць патрэбным пратэставаць.

Падумайце пра паўсюдныя праверкі ў аэрапортах на прадмет наяўнасці рэчаў для тэрарыстычнага выкарыстання. Якая імавернасць тэрарыстычнага акту ў стандардовым пасажырскім самалёце? Яна вельмі нізкая. Але нягледзячы на гэта, высоказатратныя мерапрыемствы па процідзеянні небяспецы сістэматычна праводзяцца.

Праверкі ў аэрапортах - адзін з прыкладаў сітуацыі, калі процідзеянне небяспецы адбываецца пры вельмі нізкай імавернасці наступлення небяспекі. У гэтым няма ніякага ідыятызму. Гэта тып рацыянальных паводзінаў у сітуацыі, якая завецца "нізкая імавернасць - вялікія наступствы" (low probability - high consequences). 

Мы жывем і прымаем рашэнні ва ўмовах недасканалай веды. Трэба змірыцца з гэтым (гэта тычыцца таксама і экс-багоў).

Практычнае наступства такога змірэння: а) не надаванне характару абсалютнай веды імавернасным цверджанням; б) змяншэнне ступені пагарды і фанабэрыі ў стасунку да тых, хто робіць іншыя, чым мы, практычныя высновы з наяўнай (недасканалай) веды.