«Рэвалюцыйны дэкрэт» Лукашэнкі

a

Учора Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падпіша дэкрэт, па якім улада ў Беларусі пяройдзе да Рады бяспекі ў «экстранай сітуацыі».

З гледзішча самазахавання рэжыму гэта цалкам зразумелы крок.

Пасля пераломнага 2020 года магчымасці працэдурнай легітымацыі ўлады Лукашэнкі блізкія нулю, а легітымаваць гэту ўладу з дапамогай эканамічнага росту таксама не ўяўляецца магчымым. У такой сітуацыі

адзіная опцыя — гэта сілавое ўтрыманне ўлады, што азначае, што лаяльнасць сілавікоў набывае ключавое значэнне.

Ідэйная здрада з боку топ-сілавікоў мала імаверная. Занадта моцна яны заангажаваны ў непразрыстыя бізнес-схемы, якія культывуюцца ў цені аўтакратыі, занадта моцна яны ўмяшаны ў рэпрэсіі і занадта высокія псіхалагічныя бар’еры перад дэмакратычна-ліберальным парадкам.

А вось ваганні па прагматычных прычынах амаль напэўна ёсць. Сілавікі мусяць мець запасны варыянт — на выпадак, калі... самалёт Першага не так прызямліцца або калі ў крытычны момант побач з ім апынецца які-небудзь новы Берыя, які будзе аберагаць «спакойны сон» шэфа, падчас як шэфу будзе патрэбна экстраная медычная дапамога. Або калі збяжыць у Расію як Януковіч (так-так, наш Вярхоўны на словах запэўнівае, што ніколі такога не зробіць, але стаўкі высокія, а гарантыяў няма!)

«Што тады будзе з намі?» Дакладней: «Што будзе са мной?» — з улікам таго, што гэта група жыве «па паняціях», без празрыстых правіл і незалежнага арбітра, гэтыя пытанні вельмі хвалююць многіх сілавікоў.

У выпадку раптоўнага сыходу Першага можа пачацца зацятая барацьба без якіх-кольвечы правілаў.

Заканамерна, што сілавікі і павязаныя з імі бізнесоўцы, прадбачачы такую эвентуальнасць, маглі распачаць самастойна распрацоўваць варыянт дзеянняў «на ўсякі выпадак». То бок, пачаць дамаўляцца за спінай Лукашэнкі.

А калі сілавікі дамаўляюцца за спінай аўтакрата, то, апрача псіхалагічнага дыскамфорту, з’яўляюцца самыя розныя рызыкі. Напрыклад, у таго-сяго, хто мае інтарэс у добрых адносінах з Захадам, можа з’явіцца ідэя заключыць якісь хаўрус з НАУ або ByPOL. Або наадварот: дамовіцца з уплывовымі людзьмі ў Расіі, якія падстрахуюць на выпадак чаго, а ўзамен папросяць падтрымаць якогась прарасійскага антылукашэнкаўца.

Дэкрэт — гэта месыдж Лукашэнкі топ-сілавікам: у выпадку майго сыходу вы атрымліваеце паўнату ўлады ў рамках Рады бяспекі. У параўнанні з альтэрнатыўным варыянтам: прызначэнне аднаасабовага пераемніка — гэты варыянт мае шэраг перавагаў.

Па-першае,

калектыўны характар органа рэдукуе страх сілавікоў, што ўладу атрымае адна групоўка, якая жорстка расправіцца з іншымі.

Прычым адным з зацікаўленых з’яўляецца сам Лукашэнка: у выпадку, калі яму прыйдзецца пакінуць пасаду пры жыцці, наяўнасць абсалютнай улады ў калектыўнага органа зніжае рызыка, што яго спаткае лёс Кадафі, Мілошавіча або Януковіча.

Па-другое, фармат Рады бяспекі дае надзею, што ўнутраныя супярэчнасці можна будзе вырашыць кампрамісна, не прыбягаючы да вайны на выжыванне.

Па-трэцяе, пераемніка ў выглядзе Рады бяспекі складаней дыскрэдытаваць.

(Прыгадайма як было ў апошнія гады Сталіна, які раз-пораз намякаў то на аднаго персанажа, то на іншага, што, маўляў, «вось, дастойны пераемнік». У такія моманты вярхушка імгненна кансалідавалася супраць такога (не)шчасліўчыка. Ну і ў выніку Сталін сапраўды застаўся без пераемніка — ні індывідуальнага, ні калектыўнага, з усімі прыкрымі наступствамі, як для рэжыму, так і ягонай пасмертнай памяці. Лукашэнка найвідавочней хоча пазбегнуць такога варыянту.)

Па-чацвёртае, самае галоўнае: прызначэнне Рады бяспекі ў якасці пераемніка ні да чаго не абавязвае цяперашняга інкумбента. Ён надалей будзе глядзець па сітуацыі: ці сыходзіць ці не, калі сыходзіць і на якіх умовах.

Застаецца адкрытым пытанне, наколькі пераканаўчай будзе такая опцыя для асноўных адрасатаў дэкрэта — сілавікоў і бізнесовых бенефіцыяраў рэжыму. Але гэта для рэжыму лепш, чым пускаць справы на самацёк.

Застаецца таксама скрыгат юрыдычнага характару: анансаваная працэдура перадачы ўлады супярэчыць цяперашняй Канстытуцыі. Але гэта нестыкоўка будзе лёгка нівелявана ў межах чакаючай пад канец 2021 – на пачатку 2022 гадоў канстытуцыйнай рэформы.