Да нядаўняга звароту спадара Лойкі варта паставіцца як мінімум з павагай.
Рэжым дэманстратыўна не вызваліў па амністыі нікога з палітзняволеных. Бо ў адказ на высыланыя сігналы ў верасні не дачакаўся ад Захаду ніякіх намёкаў на саступкі. Тое, што з моманту анонсу да заканадаўчага афармлення амністыі мінула амаль тры з паловай месяцы, паказвае, што ўлады доўгі час чакалі нейкага сустрэчнага сігналу.
Сустрэчны сігнал, што праўда, быў: вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне патрымкі расейскай агрэсіі. У ідэальным свеце ён слушны. У рэальным...
У рэальным свеце Украіна вяртае сваіх герояў шляхам вялікіх ці невялікіх саступак. У маральна-ідэальным свеце мала хто з расійскіх ваенных заслугоўвае на тое, каб от так проста, паваяваўшы на тэрыторыі іншай суверэннай дзяржавы, вярнуцца дахаты. Яны заслугоўваюць як мінімум суду і шматгадовых турэмных прысудаў.
Але, каб вызваліць хаця б невялікую частку ўкраінскіх палонных, краіна ідзе на саступкі. Адпускае на волю расійскіх акупантаў, без гарантыі, што яны не вернуцца і зноў не пачнуць атакаваць.
Тэрарыстам, калі няма іншага выйсця, выплочваюць вялікія сумы для вызвалення закладнікаў.
Унутры ўсё можа перакручвацца і бунтавацца, элементарнае пачуццё справядлівасці можа пратэставаць, але бывае, што ёсць сэнс кінуць костку сабаку, каб з ягонай пашчы вырваць нявінную ахвяру. Або каб хаця б займець шанец вырваць.
Я не заклікаю здымаць усе санкцыі ўзамен за вызваленне палітвязняў.
Прапаную аддзяліць "ваенны трэк" (санкцыі за дапамогу ў агрэсіі) і "цывільны трэк" (санкцыі за рэпрэсіі).
Рэжыму зараз патрэбна хоць якое паслабленне санкцый. Паслабленне санкцый у сувязі з падтрымкай агрэсіі — гэта было б занадта.
А вось што тычыцца другога трэку — санкцыйны інструмент можа быць задзейнічаны. Паступовае паслабленне ўзамен за вызваленне.
Першакрыніца допісу: ТГ-канал «Акадыр. Лагічна пра нелагічнае»
Photo by Tim Hüfner on Unsplash