Ватыкан і Беларусь

Лукашэнка. Нунцый

Ацэньваць сустрэчу ватыканскага дыпламата, арцыбіскупа Антэ Ёзіча, з Аляксандрам Лукашэнкам можна па-рознаму. Эмацыйны фон ацэнак цалкам зразумелы. Але хацеў бы звярнуць увагу на некалькі момантаў якія варта ўлічваць у ходзе ацэнак.

1. Што такое Ватыкан? Ватыкан, хоць мае статус дзяржавы і геаграфічна месціцца ў Еўропе, у арганізацыйна-культурным плане з'яўляецца папросту штаб-кватэрай вялізнай міжнароднай арганізацыі, Каталіцкай царквы, якую можна трактаваць як своеасаблівы (духоўна-этычны) дублікат ААН, са сваімі прыярытэтамі, задачамі і метадамі дзеяння.

2. Іерархію прыярытэтаў можна прадставіць наступным чынам:

  • А. Культ адзінага Бога і абарона аўтаноміі Царквы.
  • Б. Клопат пра найбольш уразлівыя слаі насельніцтва, якая застаюцца па-за ўвагай дзяржаў.
  • В. Клопат пра сям'ю як асноўную ячэйку грамадства.
  • Г. Клопат пра культурную сферу.
  • Д. Абарона палітычных правоў.

Безумоўна, не ўсе мусяць пагаджацца з такой пабудовай прыярытэтаў. Але трэба прыняць да ведама, што для гэтай канкрэтнай інстытуцыі менавіта такі парадак прыярытэтаў важны.

3. Ватыкан – дзяржава, якая не з'яўляецца чальцом ЕС, не з'яўляецца чальцом ААН, не ўваходзіць у гандлёвыя і палітычныя саюзы. Гэта важна адзначыць па той прычыне, што катэгорыі, якія аплікуем да іншых дзяржаў, могуць не пасаваць да аналізу гэтага суб'екта.

4. Што яшчэ? Галава Ватыкана не мусіць сачыць за электаральнымі настроямі ў сваёй «краіне», не звязаны кадэнцыямі.

Усе гэтыя моманты важныя ў кантэксце разумення спецыфікі ватыканскай дыпламатыі. Апроч гэтых чатырох - сталых - фактараў, ёсць яшчэ зменныя, якія ўплываюць на дыпламатычную палітыку Ватыкана. Гэта:

  • Агульная этычная ўразлівасць канкрэтнага пантыфіка. Напр. для Яна Паўла ІІ важным прыярытэтам было пераадоленне камунізму, а гэта ў сваю чаргу вяло да павышанай увагі да любых формаў аўтарытарызму. Для Францыска ж важным прыярытэтам з'яўляецца барацьба з галечай і прыпыненне ўзброеных канфліктаў.
  • Канкрэтныя этычныя і рэлігійныя праблемы ў дадзенай краіне.
  • Камунікацыйныя каналы паміж Ватыканам і дадзенай краінай (хто інфармуе пра сітуацыю ў дадзенай краіне, наколькі развіта і наколькі пастаянная камунікацыйная сетка).

5. Важна таксама адрозніваць тры пары рэчаў:

  • А. Дзяржава – Ватыкан.
  • Б. Дзяржава – Каталіцкая царква як міжнародная супольнасць.
  • В. Дзяржава - Каталіцкая царква як нацыянальная супольнасць.

Праблемы паміж Каталіцкай царквой у значэнні (В) і дзяржавай не становяцца аўтаматычна праблемамі паміж Ватыканам і дадзенай дзяржавай. Чаму не становяцца? Па дзвюх прычынах:

  • дзейнічае прынцып субсідыярнасці (умешваемся па неабходнасці, памагаем па магчымасці);
  • Беларусь - гэта адна са 190 краін, дзе пражывае каталіцкая супольнасць.

Яшчэ раз: Беларусь – адна са 190 краін. У колькасным плане ў Беларусі не больш за 0,1% сусветнай папуляцыі католікаў. Да таго ж праблемы беларускіх католікаў не ідуць у параўнанне з праблемамі ў шэрагу іншых краінаў. Як чытаем у рапарце Open Doors, на свеце каля 250 млн хрысціян пераследуюцца, значная частка з якіх - католікі.

870 млн людзей галадаюць. Каля 80 млн - бежанцаў, з іх каля 35 млн - дзеці і непаўналетнія. Усе гэтыя праблемы дужа прыярытэтныя для папы Францыска. 

Так, Беларусь не месціцца ў фокусе ватыканскай "замежнай палітыкі". Гэта не значыць, што на нас махнулі рукой і нікога не хвалюе праблема рэпрэсій або праблема цкавання беларускіх католікаў. Хвалюе, і праца па гэтых пытаннях будзе весціся - як апостальскім нунцыем, так і ватыканскімі службамі.

Але, каб пайсці на нейкі канфрантацыйны крок (напр. адмовіцца ад уручэння даверчых граматаў), трэба мець вельмі добра абдуманы план: Што рабіць пазней? Калі такога плана няма, то такія выпады былі б неадказным крокам і маглі б яшчэ больш пагоршыць сітуацыю.


Чытайце таксама: Царква, якая вычарпала ліміт асцярожнасці. Каталіцкія іерархі і выбары-2020