Чаму пераследуюць Бабарыку і як былы банкір паўплываў на пратэсты?

бл

Меркаванне пяці экспертаў

Рудкоўскі: «Асноўным трыгерам масавага ўздыму ў імя новай Беларусі быў Віктар Бабарыка»

Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS):

Як бы прайшлі выбары ў Беларусі і пасьлявыбарныя падзеі, калі б Віктар Бабарыка ня браў у іх удзелу?

Давайце прыгадаем, што было, так бы мовіць, «да прыходу Бабарыкі», маю на ўвазе прыходу ў палітыку. Была спроба правацэнтрысцкай кааліцыі аб’яднацца, правесьці праймэрыз і дзейнічаць адзіным фронтам. Была актыўнасьць вядомых блогераў. Праймэрыз правацэнтрыстаў у задуме былі выдатнымі, у рэалізацыі — поўны правал. Актыўнасьць блогераў, Сяргея Ціханоўскага ў прыватнасьці, была больш абяцальнай, але яны былі ўсё ж былі выказьнікамі нэгатыву, таго, «як не павінна быць». Да таго ж яны ня мелі шанцаў займець прыхільнасьць намэнклятуры і буйнага бізнэсу.

Бабарыка быў кандыдатам пазытыву. Ягоны мэнэджарскі досьвед быў найлепшай праграмай, якая была пераканаўчай для розных колаў грамадзтва, найперш для сярэдняй клясы, бізнэсу і значнай часткі намэнклятуры. Зьяўленьне пазытыўнай візіі, надзеі на лепшае, пераадоленьне адчуваньня безальтэрнатыўнасьці — гэта магутная рэч. Такім чынам, не памяншаючы заслуг іншых дзеячоў пратэсту, усё ж трэба прызнаць, што асноўным трыгерам масавага ўздыму ў імя новай Беларусі быў Віктар Бабарыка.

Чаму для Лукашэнкі Віктар Бабарыка адразу стаў апанэнтам нумар 1?

Бабарыка — гэта моцная асоба, якой складана маніпуляваць ці запалохаць. Гэта раз. Пасьпяховы мэнэджар, з агромністым ноў-хаў у галіне эканомікі (а гэта нэўралгічны для Лукашэнкі пункт). Гэта два. Прымальны для намэнклятуры, бізнэсу (як буйнага, так і дробнага), для Расеі і, хутчэй за ўсё, для Захаду. Гэта тры. Ну і найгоршае — Бабарыка ўсьцяж папулярны ў грамадзтве, нягледзячы на турму і інтэнсіўную прапаганду.

 

Касьцюгова: «Бабарыка паўплываў на масавасьць і інтанацыю беларускага пратэсту, але ня стаў яго прычынай»

Валерыя Касцюгова, галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Наше мнение»:

Як бы прайшлі выбары ў Беларусі і пасьлявыбарныя падзеі, калі б Віктар Бабарыка ня браў у іх удзелу?

Беларуская рэвалюцыя носіць не выпадковы характар. Да траўня 2020 году крытычныя фактары склаліся так, што вылучэньне прадстаўніка бізнэсу і / або намэнклятуры на прэзыдэнцкую пасаду стала заканамерным. Што і пацьвердзілася вылучэньнем не аднаго, Віктара Бабарыкі, а двух (плюс Валер Цапкала) такіх прэтэндэнтаў.

Матывуючы ўдзел грамадзян і бізнэсу ў палітыцы, асабістыя якасьці Бабарыкі і прымяненьне новых для палітыкі тэхналёгій ягоным штабам маглі і, мабыць, пазытыўна паўплывалі толькі на масавасьць і інтанацыю беларускага пратэсту летам 2020 году, але ня сталі яго прычынай.

Чаму для Лукашэнкі Віктар Бабарыка адразу стаў апанэнтам нумар 1?

Апанэнтам нумар адзін Лукашэнка прызначыў Сяргея Ціханоўскага. Ціханоўскі быў арыштаваны 29 траўня (а на момант рэгістрацыі ініцыятыўных груп знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам з 6 траўня на 15 сутак). Сяброўку сям’і Бабарыкаў Сьвятлану Купрэеву арыштавалі 11 чэрвеня, а самога Віктара Бабарыку разам з сынам 18 чэрвеня, істотна пазьней за Сяргея Ціханоўскага. Прычым, як мне здаецца, пасьля таго, як Віктар Дзьмітрыевіч зрабіў некалькі масавых сустрэч на вуліцы і стала зразумела, што ён можа працаваць «у полі», а ня толькі ў сацыяльных сетках і СМІ.

 

Вусаў: «Бабарыка зрабіў кампанію напружанай, прывабнай і непрадказальнай»

Павел Вусаў, палітоляг, доктар палітычных навук:

Як бы прайшлі выбары ў Беларусі і пасьлявыбарныя падзеі, калі б Віктар Бабарыка ня браў у іх удзелу?

Ня ведаю, ці мае сэнс гаварыць пра тое, што было б, калі... Хутчэй мы можам гаварыць пра шэраг момантаў, якія сутыкнуліся ў адным месцы і часе. Каранавірус і неадэкватная рэакцыя Лукашэнкі на падзеі ўнутры краіны. Поўны правал інфармацыйнай кампаніі. Шэраг стратэгічных памылак Лукашэнкі і ягонага атачэньня ў перадвыбарчай кампаніі і ў ацэнцы падзеяў і постацяў кампаніі, у тым ліку Ціханоўскага. Фактычна электаральны абвал.

Бабарыка стаў адным з трыгераў, які добра ўпісаўся ў палітычны кантэкст і зрабіў кампанію напружанай, прывабнай і непрадказальнай. Ягоны арышт таксама прычыніўся да электаральнага выбуху.

Напэўна, калі б на сцэне не зьявіліся такія фігуры, як Ціханоўкі, Бабарыка, у некаторай ступені Цапкала, кампанія б нагадвала выбары 2015 году, да гэтага ўлады і імкнуліся, рэгіструючы Чэрачня, Канапацкую і Дзьмітрыева.

Чаму для Лукашэнкі Віктар Бабарыка адразу стаў апанэнтам нумар 1?

Стомленасьць ад Лукашэнкі пераарыентавала чаканьні электарату на любую больш-менш паважную фігуру. Бабарыка ўспрымаўся, з аднаго боку, як прадстаўнік вышэйшай намэнклятуры, што падрывала галоўнае апірышча Лукашэнка і паказвала, што унутры адбываюцца працэсы дэкансалідацыі бюракратыі; з другога боку, пазыцыя Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку» ўскосна паказвала і тое, што ў зьменах (пэўных) і ціску на Лукашэнку зацікаўленая Масква. Намэнклятурны пераварот і ўплыў Масквы сталі для рэжыму Лукашэнкі сур’ёзнымі пагрозамі.

 

Шмаціна: «Пагрозу ў вачах уладаў складалі кантакты Бабарыкі з Масквой»

Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS):

Як бы прайшлі выбары і пасьлявыбарныя падзеі, калі б Віктар Бабарыка ня браў у іх удзелу?

Калі б Віктар Бабарыка не прымаў удзелу ў выбарах, пратэставы настрой канцэнтраваўся б вакол іншых кандыдатаў. Зрэшты, гэта і адбылося, пасьля таго як спадар Бабарыка трапіў за краты. Ключавая зьява падчас кожнай выбарчай кампаніі ў Беларусі — яднаньне вакол кандыдата, які выступае ў супрацьвагу Лукашэнку.

Чаму для Лукашэнкі Віктар Бабарыка адразу стаў апанэнтам нумар 1?

Віктар Бабарыка праводзіў яскравую перадвыбарчую кампанію і выступаў як мэнэджар, здольны аб’яднаць вакол сябе найлепшых прафэсіяналаў краіны. Спадар Бабарыка змог апэляваць да апалітычнай часткі электарату, да сярэдняй клясы, якую цікавяць рэформы, умовы для вядзеньня бізнэсу, а таксама інтэлігенцыі і крэатыўнай клясы. Калі б Віктар Бабарыка дайшоў да фінішу выбарчай кампаніі, ён бы напрацаваў палітычны капітал, які б ствараў пагрозу Лукашэнку. Знаходзячыся ў зьняволеньні, канвэртаваць такі палітычны капітал складаней.

Таксама пагрозу ў вачах уладаў складалі кантакты Бабарыкі з Масквой — Аляксандар Лукашэнка разумее, што ў Крамлі ёсьць стомленасьць ягонай фігурай і што для Масквы фігура Бабарыкі магла б стаць кампраміснай для зьмены ўлады ў Беларусі — спадар Бабарыка меў бы легітымнасьць у вачах беларусаў і выступаў са стрыманай пазыцыяй у дачыненьні да Расеі, што было б прымальна і прадказальна для Крамля.

 

Елісееў: «Сцэнар „выбараў“ і пасьлявыбарных працэсаў без Бабарыкі быў бы падобным»

Андрэй Елісееў, дырэктар у пытаньнях дасьледаваньняў EAST Research Center:

Як бы прайшлі выбары і пасьлявыбарныя падзеі, калі б Віктар Бабарыка не браў у іх удзелу?

Магу дапусьціць, што пратэставая мабілізацыя беларусаў без удзелу Бабарыкі была б у нейкай ступені меншая, але яна адбылася б, бо вынікала найперш зь вялізнага антырэйтынгу Лукашэнкі, а не істотнага электаральнага рэйтынгу Бабарыкі. І ў цэлым сцэнар «выбараў» і пасьлявыбарных працэсаў быў бы падобным.

Чаму для Лукашэнкі Віктар Бабарыка адразу стаў апанэнтам нумар 1?

Бабарыка аб’ектыўна быў наймацнейшым апанэнтам, бо меў найвялікшую каманду і, гледзячы на ўскосныя зьвесткі (онлайн-апытаньні, колькасьць сабраных подпісаў) і пасьлявыбарную сацыялёгію, быў найбольш папулярным кандыдатам.

Гутарыў журналіст Радыё Свабода Дзмітры Гурневіч

Крыніца: Радыё Свабода