Кошт аўтарытарызму

Кулак

Сёлета апанентам рэжыму ўдалося ўкараніць ў шырокіх колах грамадства адчуванне быцця-большасцю.

Як і ў астатніх сучасных аўтакратыях, выбары ў Беларусі ўяўляюць з сябе тэатральную інсцэнізацыю, мэтай якой не ёсць палітычнае волевыяўленне грамадзян, а стварэнне бачнасці «ўсенароднай падтрымкі». The Economist Intelligence Unit ацаніў узровень выбарчага працэсу і плюралізму ў Беларусі ў 2019 годзе на 0,92 бала з 10. Гэты паказнік значна горшы, чым у такіх аўтарытарных краінах, як Расія (2,17), Егіпет (2,67), а нават Камеруне (1,67), дзе персаналісцкі аўтарытарызм Поля Бія налічвае ўжо 38 год.

З улікам поўнай эрозіі выбарчых працэдур, пададзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй лічбы (80,08% – за Аляксандра Лукашэнку і 10,09% – за Святлану Ціханоўскую) можна ўспрымаць дваяка: (1) як адказ на пытанне: «Якую палітычную вагу галоўнай альтэрнатыўнай кандыдатцы Лукашэнка або яго спец-аналітыкі не маглі не прызнаць»? (2) як адзін з індыкатараў рэсурснага патэнцыялу і інсцэніровачнага таленту Лукашэнкі і яго атачэння.

Няма сэнсу ўспрымаць гэтыя лічбы як хаця б прыблізны індыкатар электаральных прэферэнцый выбарцаў. А тым больш было б недарэчнасцю трактаваць гэтыя лічбы як крытэр ацэнкі паспяховасці або эфектыўнасці кампаніі ўмоўных удзельнікаў выбарчай гонкі.

Любая інсцэнізацыя нясе пэўныя рызыкі таго, што не ўсё пойдзе па плану – або з-за памылак ці здрады «сваіх» актораў, або з-за таго, што «чужыя» акторы навяжуць свой сцэнар. Падчас сёлетняй інсцэнізацыі выбараў мелі месца як мінімум два «форс-мажоры» у ўладаў, якія прымушалі хутка рабіць апдэйт сцэнару і рабіць гэта высокім коштам.

Бабарыка і Цапкала палітызавалі наменклатуру

Першы форс-мажор здарыўся тады, калі два цяжкавікі – Віктар Бабарыка і Валеры Цапкала – заявілі пра ўдзел у выбарчай гонцы. Абодва з вялікім стажам працы ўнутры дзяржаўнай і бізнес- сістэмы; абодва з шырокай сеткай міжнародных кантактаў, перадусім расійскіх (неўральгічны пункт для рэжыму); абодва ўспрымаліся вышэйшым чынавенствам як сімвалы новай якасці менеджменту, які ўжо даўно запатрабаваны ўнутры дзяржсістэмы; абодва – дастаткова заможныя, каб фінансаваць сваю кампанію самастойна, без якіх-кольвечы замежных грантаў.

Апроч таго, ні Бабарыка, ні Цапкала не з'яўляюцца прынцыповымі празаходнікамі, а тым больш не з'яўляюцца нацыяналістамі; іх публічны профіль добра сумяшчаецца з каштоўнаснымі і геапалітычнымі сімпатыямі большасці беларусаў: скепсіс у дачыненні да еўраінтэграцыі, прыхільнасць сяброўству з Расіяй з захаваннем беларускага суверэнітэту, рускамоўе, неасуджэнне анэксіі Крыма.

Рэжым чакаў і спадзяваўся, што з нагоды выбарчай кампаніі на сцэну паспрабуюць выйсці – старыя або новыя – моцныя фігуры з немалым мабілізацыйным патэнцыялам, тыпу Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча або Сяргея Ціханоўскага. Але

выхад на сцэну Бабарыкі і Цапкалы стаў форс-мажорам, які прымусіў хутка адаптоўваць сцэнар

– з усімі рызыкамі і пабочнымі эфектамі, якія ў такіх выпадках звычайна здараюцца: непераканаўчая аргументацыя, з'яўленне новых праціўнікаў рэжыму ўнутры ўладных структу (і, імаверна, сілавікоў), абвастрэнне пачуцця несправядлівасці ў значнай часткі грамадства. Банкірам, фінансістам і асяроддзю айцішнікаў – непасрэдна або апасродкавана – прыйшлося адчуць брутальную прысутнасць аўтарытарнай дзяржавы. Гэта парушыла модус дагэтулешняга іх суіснавання: вы не ўмешвайцеся ў палітыку – мы не будзем умешвацца ў вашу працу.

Жаночае трыо палітызавала грамадства

Другі форс-мажор – гэта беспрэцэдэнтны поспех трох штабоў, што аб'ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай і сфармулявалі простую і зразумелую міні-праграму: правядзенне сумленных і справядлівых выбараў і вяртанне Беларусі на шлях дэмакратыі. Ці то па прычыне гендэрных перадсудаў, ці з-за прывязанасці да прывычных паліталагічных схемаў, мала хто ўспрымаў аб'яднанне «жаночых» штабоў усур'ёз.

Для лукашэнкаўскіх паліттэхнолагаў жаночае «трыо» павінна было стаць зручным аб'ектам гумарыстычна-іранічных каментароў, які адцягваў бы ўвагу ад сур'ёзных тэмаў і разгружаў бы напружаную перадвыбарчую атмасферу.

Насамрэч жа аб'яднаны жаночы штаб не толькі аб'яднаў вакол сябе пратэстны электарат, але і мабілізаваў многіх грамадзян, якія раней былі апалітычнымі. Шмат тысяч людзей на мітынгах у рэгіёнах ды некалькі дзясяткаў тысяч (імаверна, што каля 60 тыс.) у сталіцы – гэта беспрэцэдэнтны паказнік; ніводнай апазіцыйнай сіле за апошнія 20 год не ўдавалася збіраць аж такую колькасць мітынгуючых.

Шырокае насвятленне мітынгаў у недзяржаўных СМІ і сацсетках пашырала адчуванне, што рэжым слабее і што перамены магчымыя. Апроч таго, вакол аб'яднанага штаба паўсталі або згуртаваліся ініцыятывы па назіранню і альтэрнатыўным падліку галасоў, у якія ўвайшлі прафесійныя юрысты і спецыялісты па інфармацыйных тэхналогіях.

Уладам зноў прыйшлося адаптоўваць сцэнар, і зноў са шматлікімі пабочнымі эфектамі. Узмоцнены ціск на мясцовыя выбарчы камісіі прывёў да таго, што некаторыя старшыні камісій арганізоўвалі «генеральныя рэпетыцыі» па падліку бюлетэняў і агучванні «правільных», загадзя падрыхтаваных, вынікаў галасавання. Такога тыпу дзеянні ў сваю чаргу нясуць новыя рызыкі: у выпадку іх паспяховага выкрыцця і своечасовага абнародавання, яны пачынаюць функцыянаваць як трыгер да яшчэ больш энергічнага процідзеяння сістэме фальсіфікацый, што і здаралася рэгулярна падчас сёлетняй кампаніі. Аўдыё-запіс «генеральнай рэпетыцыі» трапіў у інтэрнэт, відэа з вынасам бюлетэняў праз вакно таксама, не кажучы пра шматлікія данясенні пра затрыманні назіральнікаў, журналістаў або звычайных выбарцаў, якія звярталі ўвагу на паршэнні выбарчых працэдур.

Да моманту, калі ўлады заблакавалі многія інтэрнэт-сайты, на платформе па альтэрнатыўным падліку галасоў «Голас» паспелі зарэгістравацца каля 1,2 млн выбарцаў. Хоць юрыдычнай сілы такое галасаванне не мае – пра што выразна паведамлялі яе стваральнікі – то гэтая акцыя моцна спрычынілася да адчування колькаснай сілы праціўнікаў рэжыму.

Само блакаванне значнай часткі інтэрнэту, што закранула практычна ўсё грамадства (у Беларусі блізу 80% насельніцтва карыстаецца інтэрнэтам), таксама мае пабочныя эфект. Частка грамадства, магчыма, сваю злосць скіруе на апазіцыю (маўляў, з-за гэтых рэвалюцыянераў мне прыходзіцца зносіць нязручнасці), але многія ўсё ж звяжуць гэтыя нязручнасці з грубаскурасцю ўладаў (маўляў, адключайце інтэрнэт апазіцыянерам, а навошта мне адключылі).

Гэты эфект адчуецца таксама на лініі улады – інтэрнэт-правайдэры – кліенты. Інтэрнэт-правайдэры, у тым ліку і Белтэлекам, не зацікаўлены ва ўвязванні ў палітычнае процістаянне паміж рэжымам і яго апанентамі, затое зацікаўлены ў захаванні сваёй бізнес-рэпутацыі як надзейных і прафесійных пастаўшчыкоў паслугаў. Падпарадкаванне патрабаванням спецслужбаў яны пакуль што ўспрымаюць як неабходнае зло і гатовы панесці некаторыя рэпутацыйныя страты. Але яны не гатовы на любыя кошты.

Умяшанне спецслужбаў у іх зладжаную бізнес-працу – гэта для іх прыніжальны і некамфортны момант. Калі да гэтага дадаць масіраваны паток скаргаў ад кліентаў і патрабаванняў кампенсацый (а ён напэўна будзе), то гэта справакуе пытанне: ці не за дорага абходзіцца падыгрыванне рэжыму? Гэта ў сваю чаргу павышае імавернасць, што пры першых прыкметах хістання рэжыму, інтэрнэт-правайдэры падыграюць ужо не яму, а апазіцыі.

Іншыя пабочныя эфекты і кошт рэжыму

Апроч вялікіх форс-мажораў, мелі месца і форс-міноры: праявы маральнай салідарнасці з боку тэлезорак, дыджэяў, артыстаў, супрацоўнікаў сілавых органаў для прыхілльнікаў перамен; актывізацыя беларускай дыяспары; заангажаванне прафесіяналаў са сферы ІТ у дапамогу апазіцыі; праявы салідарнай матэрыяльнай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій.

Аўтарытарныя рэжымы складана змяніць шляхам удзелу ў інсцэнізаваных гэтымі ж рэжымамі выбарах. Як паказвае даследаванне How Dictatorships Work1, на працягу 1946–2010 гадоў гэтым спосабам удалося пераадолець каля 26% такіх рэжымаў. Інакш кажучы, шанцы ёсць, але гарантыі няма.

Аўтарытарызмы падаюць тады, калі для значнай (не абавязкова большай) часткі яго ключавых актораў іх падтрымліванне пачынае ўспрымацца як больш затратнае, чым выступ супраць.

Важным фактарам у гэтым плане з'яўляецца адчуванне быцця-большасцю: канфармізм і боязь аказацца «не на тым баку гісторыі» – гэта вялікая сіла. Яна, з аднаго боку, зніжае страх выступіць супраць (калі што, мяне падтрымаюць); з другога боку, павышае спадзяванне на нягоршую, а мо і лепшую форму самарэалізацыі ў новай грамадска-палітычнай сістэме.

Сёлетняя кампанія ўжо стала для рэжыму вельмі затратнай, як на ўнутранай, так і міжнароднай сцэне. Неабходнасць пастаянна мяняць і адаптоўваць сцэнар пастановачных выбараў спарадзіў вялікую масу супярэчнасцяў, якія крайне складана схаваць. У той жа час апанентам рэжыму ўдалося цягам гэтай кампаніі займець вялікі козыр – шырокае адчуванне, што «нас большасць». Прымяненне ўладамі сілы ў такой сітуацыі вельмі лёгка павярнуць на сваю карысць: супраць нас прымяняюць насілле, бо нас – большасць, бо нас баяцца.

У наяўнай сітуацыі набывае асаблівае значэнне імператыў, пра які шмат разоў казаў Віталь Сіліцкі: павышаць кошты рэжыму. У дачыненні да суб'ектаў – як індывідаў, так інстытуцый – якія асабліва сябе праявілі ў ходзе фальсіфікацый або рэпрэсій, павінна быць арганізаваная рэакцыя з боку грамадскасці і міжнародных структур. Парушэнне палітычных і чалавечых правоў павінна адчувацца як нешта затратнае, неаплочвальнае. І наадварот: тыя, хто спрабуюць трымацца маральных і канстытуцыйных прынцыпаў ва ўмовах аўтарытарнага прэсінгу, павінны адчуваць маральную і матэрыяльную салідарнасць.

Няма панацэі на пераадоленне аўтарытарызму. Але ёсць метад, які павышае імавернасць яго падзення: нечаканыя акцыі, прымушанне ўладаў мяняць свой сцэнар, публічнае выкрыванне супярэчнасцяў, павышэнне коштаў амаральных дзеянняў, міжнародны прэсінг.


1 Barbara Geddes, Joseph Wright, and Erica Frantz. (2018) How dictatorships work: power, personalization, and collapse. Cambridge: Cambridge University Press.