"Беларуская мова 1918 - 2018 гг." - прэзентацыя даследавання BISS: 13.02.2019

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў і Таварыства беларускай мовы запрашаюць на прэзентацыю новага даследавання BISS: “Беларуская мова 1918-2018: на прыкладзе друку і адукацыі”.

Упершыню сабраны ўсе асноўныя статыстычныя звесткі пра моўную сітуацыю ў названых сферах за стогадовы перыяд. Даследаванне адумысна мае дэскрыпцыйны характар: няма там разгорнутых тлумачэнняў, чаму так адбывалася, а акцэнт пакладзены на апісанне таго, што адбывалася, паколькі ўсцяж бракуе комплекснай справаздачы аб наяўным стане рэчаў. Даследаванне можа стаць важным апірышчам пры выпрацоўцы рацыянальнай палітыкі ў моўнай сферы.

Аўтар даследавання - культуразнаўца Андрэй Расінскі.

Час прэзентацыі: 13 лютага (серада), 18.45.

Месца прэзентацыі: сядзіба Таварыства беларускай мовы, вул. Румянцава 13 (блізу Плошчы Перамогі)

У прэзентацыі возьмуць удзел аўтар даследавання Андрэй Расінскі, дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі, а таксама шэраг экспертаў і дзеячаў, якія займаюцца моўнымі пытаннямі.

Уваход вольны.