30 студзеня, па запрашэнню Брытанскай Амбасады, адбылася сустрэча экспертаў BISS з дыпламатычным корпусам. Сустрэча насіла назву Час на стратэгію. BISS на тэму бягучых і будучых трэндаў у Беларусі.
BISS прадстаўлялі Пётр Рудкоўскі, Вадзім Мажэйка і Міла Берташ. З боку дыпламатычнага корпусу ў спатканні ўзялі ўдзел Амбасадар Яе Вялікасці Фіёна Гіб (гаспадыня спаткання), Амбасадар Аўстрыйскай Рэспублікі Алаізія Вёргеттэр, прадстаўнікі італьянскай, польскай, бразільскай, галандскай і шэрагу іншых амбасадаў. Былі таксама прадстаўнікі некаторых беларускіх НДА.
Пасля прывітальнага слова Амбасадар Фіёны Гіб эксперты BISS зрабілі 20-хвілінную прэзентацыю. Прэзентацыя складалася з чатырох частак: «Тры значныя тэндэнцыі», «Два разрывы», «Адзін пастулат» і «Адказ BISS'а». Трыма значнымі тэндэнцыямі эксперты назвалі эканамічную лібералізацыю, збліжэнне з Захадам і мяккую беларусізацыю. Два разрывы – гэта (1) змена рыторыкі беларускіх уладаў у дачыненні да Захаду з негатыўнай да пазітыўнай; (2) выразнае паслабленне сімпатый беларускага насельніцтва ў дачыненні да ЕС у параўнанні з папярэдняй дэкадай. Адсюль пастулат: Час на стратэгію. Падразумяваўся тут стратэгічны аналіз працэсаў, то бок аналіз скіраваны на іх ацэнку з перспектывы доўгатэрміновых мэтаў. Дзеля гэтага інстытут распрацаваў тры праграмы даследаванняў і аналізу: «Каштоўнасныя трансфармацыі», «Стратэгічная экспертыза» і «Індэкс ідэнтычнасці». Коратка было распаведзена пра спадзяваныя вынікі гэтых даследаванняў.
У абмеркавальнай частцы ўдзельнікаў асаблівым чынам цікавіла глыбіня зменаў, якія зараз назіраюцца ў Беларусі, драйверы гэтых зменаў, спецыфіка расейскай мяккай сілы, а таксама некаторыя метадалагічныя пытанні звязаныя з вынікамі сацыялагічных апытанняў.
З прэзентацыяй можна азнаёміцца тут.