Цэнтр новых ідэй абвяшчае аб прыёме заявак на Vitali Silitski Fellowship. Двухмесячная нерэзідэнтная праграма, названая ў гонар выбітнага беларускага палітолага, з’яўляецца інвестыцыяй у новае пакаленне мысляроў.
У межах праграмы стыпендыят зрэалізуе ўласны аналітычны праект, пройдзе адукацыйны курс і наладзіць кантакты з беларускімі і замежнымі партнёрамі. Прапанаваныя самастойныя даследчыя праекты павінны быць працягам даследаванняў Віталя Сіліцкага і маюць служыць дапаможным рэсурсам для людзей, якія хацелі б ператварэння Беларусі ў дэмакратычную краіну.
Праграма абвяшчаецца ў супрацоўніцтве з Фондам імя Віталя Сіліцкага, Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) і Бізнес-школай ІПМ, якая зладзіць кароткатэрміновы адукацыйны курс для абранага ўдзельніка праграмы.
Абраны ўдзельнік атрымае стыпендыю.
Крытэрыі адбору
Fellowship скіравана да прадстаўнікоў акадэмічнай сферы, арганізацый грамадзянскай супольнасці, устаноў бізнесу, медыяў і дзяржаўных органаў, якія маюць выразныя дасягненні ў сваіх сферах. Мы шукаем новых лідараў, якія маюць не больш за 35 гадоў і дагэтуль не ўваходзілі ў каманду Цэнтра новых ідэй.
Цэнтр новых ідэй не будзе вымагаць ад Fellow адмовіцца ад сваіх працоўных абавязкаў, але мы чакаем, што стыпендыят будзе прысвячаць дастатковую колькасць свайго часу праграме ў Цэнтры новых ідэй.
Неабходныя дакументы для падачы на ўдзел у праграме
- - рэзюмэ (не болей за дзве старонкі);
- - матывацыйны ліст з апісаннем уласнага аналітычнага праекта і звесткамі пра пытанні і метады даследавання (не болей за 1000 словаў);
- - спіс найважнейшых публікацый.
Заяўкі прымаюцца на silitskifellowship@gmail.com да 1 мая 2020 года.
Пра Віталя Сіліцкага
Віталь Сіліцкі (1972-2011) – адзін з найлепшых палітолагаў свайго пакалення на постсавецкай прасторы. Віталь быў першым дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), даследчыкам у Стэнфардскім універсітэце і Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Да распрацаваных ім канцэпцый належаць “прэвентыўны аўтарытарызм” і “аўтарытарны інтэрнацыянал”. Віталь Сіліцкі памёр ад анкалогіі ва ўзросце 38 гадоў. Болей пра Віталя можна даведацца на адмысловай старонцы.