III. КАШТОЎНАСНАЯ АСНОВА

flying bubbles

Застаючыся палітычна нейтральным, BISS прытрымліваецца базавых каштоўнасцяў адкрытага грамадства і прасоўвае іх у Беларусі ў межах уласцівай для яго дзейнасці.

Пры ўсіх праблемах, канфліктах і крызісах, пасляваенны перыяд у заходнім свеце стаў беспрэцэдэнтным у плане трываласці міру, эканамічнага развіцця і пашырэння правоў чалавека. Гэта сталася не таму, што нейкі «гістарычны закон» аўтаномна спарадзіў такі стан рэчаў, а сталася як рэзультат духоўнай і палітычнай волі людзей. Ці такі стан рэчаў захаваецца і будзе развівацца ў будучым – зноў жа, залежыць не ад «гістарычнай наканаванасці», а ад намаганняў і дзеянняў людзей.

У 2017 годзе Вольфганг Ішынгер, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, з горыччу адзначаў, што зараз адбываецца кансалідацыя «непрыяцеляў адкрытага грамадства», прычым унутры заходняга свету. У 2019 годзе рапарты Freedom House і Economist Intelligence Unit згодна канстатавалі, што мінулы (2018) год стаў ужо трынаццатым годам запар, калі сусветны індэкс дэмакратыі, хоць нязначна, але пагаршаецца.

Сказаныя 7 сакавіка 2019 г. Наталляй Эйсмант, прэс-сакратаркай беларускага прэзідэнта, словы, што «У свеце, магчыма, нарастае попыт на дыктатуру», з'яўляюцца злавешчым напамінам. Улічваючы расчараванне дэмакратыяй у шэрагу краінаў, рост попыту на «палітыку бяспекі» (нават за кошт індывідуальных свабод), цалкам імаверна, што прыхільнікі «закрытага грамадства» будуць цягам бліжэйшых дэкадаў нарошчваць палітычную і культурную сілу.

Такім чынам, ёсць два асноўныя матывы, з-за якіх BISS абвяшчае каштоўнасці адкрытага грамадства сваімі ўласнымі: (1) перакананне, што мадэль адкрытага грамадства ўяўляе з сябе аптымальную з магчымых мадэляў для рэалізацыі чалавечага патэнцыялу; (2) ёсць рэальная імавернасць таго, што цягам бліжэйшай дэкады кола прыхільнікаў адкрытага грамадства будзе звужацца. Калі так, то наша задача – проціпаставіцца гэтаму трэнду.

За аснову BISS прымае каштоўнасны каркас, які быў выпрацаваны штандаровым прапанентам канцэпцыі адкрытага грамадства – Карлам Поперам. Важна падкрэсліць, што гаворка тут ідзе менавіта пра «каркас»: агульныя фундаментальныя рамкі, без якіх, на наш погляд, гэта канцэпцыя губляе сваю тоеснасць. Прымаючы гэтыя агульныя рамкі, мы пакідаем адкрытым пытанне пра канкрэтнае напаўненне іх прасторы.

У чым палягаюць асноватворныя прынцыпы адкрытага грамадства? Адным з ключавых прынцыпаў з'яўляецца (1) крытычнае мысленне, пра што слушна нагадаў Джорж Сорас у сваёй Давосаўскай прамове ў студзені 2019 года. Крытычнае мысленне ў дадзеным выпадку азначае аддаванне перавагі логіцы і аргументацыі ў ходзе перапрацоўкі інфармацыі, патрэбнай для вырашэння задач грамадскай значнасці. Альтэрнатывай крытычнаму мысленню з'яўляюцца розныя формы ірацыяналізму: утапізм, містыцызм, канфармізм, эстэтызм, абсалютызацыя аўтарытэтаў і інш.

Іншыя прынцыпы адкрытага грамадства наступныя:

(2) Індывідуалізм: прызнанне этычнага першынства чалавечай асобы перад рознага роду над-індывідуальнымі існасцямі: дзяржавай, нацыяй, племенем, ідэалогіяй, рэлігіяй, штучным інтэлектам ігд. З прынцыпам індывідуалізму цесна звязаны дзве наступныя рэчы:

(2.1) Прызнанне залежнасці гісторыі ад чалавечых дзеянняў. Наступствам такой пазіцыі ёсць адмаўленне існавання «гістарычных законаў».

(2.2) Успрыманне індывідуальных людзей як патэнцыйна свабодных у стасунку да грамадскіх структур. Хоць рознага роду калектыўныя існасці, напр. дзяржава, нацыя, царква, дыскурс, звычаі, заканадаўства ігд. аказваюць у той ці іншай ступені «прымусовае ўздзеянне» ў стасунку да індывіда, то ўсё ж у канчатковым плане яны ў сваім існаванні і формах праяўлення залежаць ад індывідуальных людзей, а не наадварот.

(3) Крытычны дуалізм: прызнаванне розніцы паміж сферай прыродных законаў і сферай сацыяльных нормаў, паміж сферай фактаў і сферай рашэнняў. Адным з наступствам гэтай пазіцыі ёсць прызнанне, што няма лагічнага вынікання паміж ёсць і павінна быць.

(4) Частковая інжынерыя: устаноўка на рэформы, але пазбяганне татальнага рэфармавання грамадства і аддаванне перавагі рэфармаванню «частка-па-частцы», спалучаным з крытычным аналізам эфектыўнасці ўводжаных рэформаў.

(5) Ідэя аб'ектыўнай праўды. Палягае яна ў перакананні, што рэчаіснасць існуе незалежна ад нашага пазнання і што асноўная мэта пазнання палягае ў здабыцці як мага больш адэкватнай карціны цікавячай нас рэальнасці.

Процілегласцю адкрытага грамадства з'яўляецца закрытае грамадства, характэрнымі рысамі якога з'яўляюцца:

(А) Ірацыяналізм у ходзе вырашэння задач грамадскай значнасці (утапізм, эстэтызм, абсалютызацыя аўтарытэтаў, містыцызм ігд.).

(Б) Калектывізм: прызнанне этычнага першынства над-індывідуальным існасцям перад чалавечай асобай. З гэтай устаноўкай цесна звязана кагнітыўнае скажэнне, якое называецца «метадалагічны калектывізм» і палягае ва ўстойлівым перакананні, што грамадствы, народы, класы, дзяржавы, культурныя групы ўяўляюць з сябе арганічныя цэласці і характарызуюцца сваёй унутранай «сутнасцю» (напр. «сутнасна талерантны народ», «сутнасна прыгнятальніцкі клас» ігд.). З прынцыпам калектывізму цесна звязаны дзве наступныя рэчы:

(Б.1) Наканавальніцтва (дэтэрмінізм): устойлівае перакананне наконт таго, што сілы гісторыі, прыроды, эвалюцыі, генетычнага коду, багоў або штучнага інтэлекту кіруюць грамадскім працэсам, а людзі могуць усяго толькі «падладзіцца» пад гэты працэс.

(Б.2) Успрыманне індывідуальных людзей як сутнасна залежных ад грамадскіх структур, гзн. індывідуальны чалавек у сваім мысленні і выбары нібыта няўхільна залежыць ад «даміноўнага дыскурсу», «культуры», «рэлігіі», «класавай прыналежнасці» ігд.

(В) Наіўны натуралізм: успрыманне звычаяў, нормаў і традыцый як «законаў прыроды», якія немагчыма змяніць і на якія немагчыма паўплываць. З гэтай устаноўкай цесна звязана кагнітыўна скажэнне, якое ў англамоўным свеце завецца «is-ought fallacy» і палягае ва ўстойлівым перакананні, што грамадскія нормы (павіннасці) можна наўпрост вывесці з фактаў.

(Г) Татальная інжынерыя: імкненне прасоўваць рэформы, якія закранаюць усё грамадства і маюць незваротны характар.

(Д) Рэлятывізм: перакананне, што рэчаіснасць заўжды канструюецца пазнаннем або/і пазнанне сутнасна залежыць ад «пункту гледжання».

Бытуе перакананне, што этыка адкрытага грамадства тоесная з ідэалогіяй лібералізму. Гэта праўда, што лібералізм – агульна рэч беручы – у большай ступені, чым іншыя ідэалогіі ўвабірае ў сябе каштоўнасці адкрытага грамадства, але атаесамленне аднаго і другога было б памылкай.

Па-першае, існуюць версіі лібералізму, якія ідуць у разрэз з некаторымі фундаментальнымі прынцыпамі адкрытага грамадства. Напрыклад, лібералізм Фрэнсіса Фукуямы (прынамсі з перыяду «Канца гісторыі») змяшчаў у сабе моцны наканавальніцкі складнік, а лібералізм Ісаі Берліна – рэлятывісцкі. Заходнееўрапейскі ж лібералізм постмаастрыхцкага перыяду вельмі моцна быў (і застаецца) павязаны з эмансіпацыйнымі тэорыямі, многія з якіх несумяшчальныя з прынцыпамі адкрытага грамадства.

З другога боку, няма таксама падстаў выключаць a priori магчымасць ажыццяўлення прынцыпаў адкрытага грамадства на грунце кансерватыўных, «зялёных» або сацыялістычных ідэалогій. «Адкрытае грамадства» і «закрытае грамадства» – гэта назвы не ідэалогій, а назвы тыпаў мысленчай культуры. Унутры розных ідэалогій або палітычных опцый могуць прысутнічаць «элементы адкрытага грамадства», дакладней: элементы мыслення ўласцівага адкрытаму грамадству.

Такім чынам, няма супярэчнасці паміж палітычнай і ідэалагічнай неангажаванасцю BISS і яго прыхільнасцю этыцы адкрытага грамадства.

Адобрана Радай BISS у красавіку 2019 г.

ліпень 13, 2020
92
4
min read