Пасля працяглай хваробы ў Мінску 17 мая памёр Юрый Зісер, заснавальнік партала Tut.by, хостынг-правайдара hoster.by, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, мецэнат, удзельнік публічных дэбатаў і госць шэрагу экспертных мерапрыемстваў.
Юрый Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове, яго бацька быў інжынерам, мама — музыкам. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Паўночна-Заходняй політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці «Электронныя вылічальныя машыны». У юнацтве паспеў папрацаваць паштальёнам. Працаваў тэхнікам і праграмістам у Львове.
У 80-х пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай культуролагам Юліяй Чарняўскай і пераехаў да яе ў Мінск.
Некалькі гадоў быў сістэмным праграмістам у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, займаўся навукай. У пачатку 90-х правёў два гады ў Лангепасе Цюменскай вобласці — працаваў праграмістам у кааператыве «Паходня».
У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы», якая займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забеспячэння.
У 2000 годзе з бясплатнай пошты стартаваў партал Tut.by, які за некалькі гадоў стаў самым папулярным беларускім анлайн-рэсурсам. Юрый Зісер сам неаднаразова публікаваўся на Tut.by. Займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Абараняў журналісцкую свабоду супрацоўнікаў Tut.by.
Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартап-руху, ментарам. Актыўна займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам.
Браў удзел у публічных дэбатах па такіх важных тэмах, як нацыянальная ідэнтычнасць, дэмакратыя, свабода слова, каштоўнасныя трансфармацыі. Шмат разоў быў кі-спікерам розных экспертных мерапрыемстваў.
Горача захапляўся класічнай музыкай, любіў джаз. Вырашыў атрымаць другую вышэйшую адукацыю — музычную. І ў 2013 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на клас аргана, які паспяхова скончыў у 2015 годзе. Адно з апошніх пачынанняў Юрыя Зісера — аднаўленне арганаў Беларусі. Пры яго фінансавай падтрымцы былі адноўлены арганы ў Мінску, Нясвіжы, Пінску.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне пройдзе ў вузкім коле.
Калектыў BISS выражае шчырыя спачуванні родным Юрыя, супрацоўнікам tut.by і ўсяму беларускаму грамадству, бо гэта вялікая страта для ўсіх нас. Верым, што зерне, пасеянае гэтым выбітным чалавекам, прынясе шмат пладоў.